27 лiстапада 2024, Серада, 3:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заходніх журналістаў у Менску «курыруюць» лорд Бэл і беларускі МЗС

8

У Беларусі гэтымі днямі адбываецца прэс-тур для журналістаў замежных СМІ, ініцыятарам якога выступіў лорд Цімаці Бэл.

Уладальнік кампаніі Bell Pottinger Group Цімаці Бэл на замову беларускіх уладаў займаецца паляпшэннем іміджу рэжыму Лукашэнкі на міжнароднай арэне.

Па звестках ГА «БАЖ», у складзе прэс-групы — аналітык па Расіі ў лонданскім офісе фінансава-аналітычнай кампаніі «Global Insight», карэспандэнт брытанскага выдання «Financial Times», прадстаўнік агенцтва фінансавых навінаў «Bloomberg», карэспандэнт нямецкай эканамічнай газеты «WirtschaftsWoche», журналісты агенцтваў «Associated Press» і «Reuters».

Амаль усе ўдзельнікі прэс-туру — гэта рускамоўныя карэспандэнты згаданых СМІ ў краінах СНД.

Курыруюць групу з брытанскага боку супрацоўнік Bell Pottinger Group Ніко дэ Клерк (Nico de Klerk), а з беларускага — прадстаўнік Нацянальнага прэс-цэнтру Аляксандр Цярэшчанка і супрацоўнік беларускага МЗС Аляксей Швед.

Паводле праграмы візіту, з якой удалося азнаёміцца ГА «БАЖ», сёння ў гасцей адбылася сустрэча з намеснікам старшыні праўлення Нацбанка, пасля чаго яны наведалі Мінскі аўтамабільны завод (MAЗ-MAN) і прадпрыемства «Мілавіца». Таксама на сёння запланаваная сустрэча з намеснікам міністра прамысловасці Беларусі.

28–29 кастрычніка госці сустрэліся з намеснікам прэм’ер-мірністра Андрэем Кабяковым, міністрам эканомікі Мікалаем Зайчанкам, дырэктарам Парку высокіх тэхналогій Валерыем Цапкалам, прадстаўнікамі вышэйшага кіраўніцтва Нацбанка і Міністэрства фінансаў. На 31 кастрычніка, апошні дзень прэс-туру, запланаваны візіт у беларускае прадстаўніцтва кампаніі «Siemens» і сустрэча з яго генеральным дырэктарам.

Як распавёў БАЖ адзін з удзельнікаў прэс-групы, візіт мае падкрэсленую «эканамічную» скіраванасць. Арганізатары не хаваюць, што нагода для запрашэння журналістаў — першы беларускі інвестыцыйны форум у Лондане, запланаваны на 18 лістапада. Мэта форуму — прыцягнуць заходнія інвестыцыі ў эканоміку Беларусі, і з дапамогай заходняй прэсы іміджмейкеры Беларусі хочуць «падрыхтаваць глебу» для паспяховага вырашэння гэтай задачы.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках