24 лiстапада 2024, Нядзеля, 1:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідэры апазіцыі: Гульня з дыктатарам у дэмакратыю можа каштаваць не толькі прэстыжу

2

3 кастрычніка ў Менску на прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам парламенцкіх выбараў у Беларусі, каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў заявіў, што прызнанне «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага схода» Беларусі сусветнай супольнасцю надзвычай небяспечнае. Аб гэтым піша БелаПАН.

Паводле яго словаў, непрызнанне вынікаў «парламенцкіх выбараў» важнае таму, што "пад гэтае прызнанне рыхтуецца "дыктатарская прыватызацыя". "Калі будзе прызнаны «парламент», дык будзе прызнаная і прыватызацыя. Ёсць сілы і амаральныя бізнэс-колы як на Захадзе, так і на Ўсходзе, якія зацікаўленыя ў тым, каб гэтая прыватызацыя прайшла ў іх інтарэсах. Гэтага мы не можам дазволіць. І мы павінны цвёрда і рашуча заяўляць, што ніякія вынікі прыватызацыі таксама не будуць прызнаныя", — сказаў А.Саннікаў.

"У гэтай сітуацыі разлік ідзе на тое, што і без патраплення апазіцыянераў у «парламент», без змянення ўмоваў правядзення выбараў можна дамаўляцца з Захадам аб прызнанні «палаты прадстаўнікоў». На гэта разлічвае ўлада. Гэта вельмі небяспечна, і на гэтым мы павінны сканцэнтравацца, і на самай справе патрабаваць новых, дэмакратычных выбараў у парламент. Адначасова заяўляючы аб тым, што выбары, якія прайшлі, не былі выбарамі, гэта быў выбарчы фарс", — падкрэсліў А.Саннікаў.

Паводле словаў намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, пытанне аб непрызнанні цяперашніх «выбараў» міжнароднай супольнасцю яшчэ не вырашаные. На яго думку, прызнанне Палаты прадстаўнікоў можа прывесці да таго, што выказванне Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што апазіцыі засталося жыць лічаныя месяцы, магчыма да года, і яна знікне, можа набыць фактычнае значэнне.

«Прызнанне «палаты прадстаўнікоў» можа прывесці гэтую пагрозу да фактычнага выканання так, як гэта было ў дачыненні да Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. Прызнанне можа быць расцэненае як карт-бланш для Лукашэнкі на знішчэнне апазіцыі і яе знікненне фізічна», — лічыць В.Івашкевіч.

«Гульня з дыктатарам у дэмакратыю можа каштаваць не толькі прэстыжу, але і жыцця некаторых людзей у Беларусі», — заявіў В.Івашкевіч.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках