27 лiстапада 2024, Серада, 23:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Упершыню ў Курапатах затрыманыя вандалы (Фота)

30

1 лістапада а палове на 22 гадзіну ва урочышчы Курапаты грамадзкія актывісты затрымалі двух маладзёнаў, якія ламалі крыжы.

Пра гэта “Радыё Свабода” паведаміў адказны сакратар управы Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі.

Пасьля актаў вандалізму напачатку тыдня грамадзкія актывісты кантралявалі ўрочышча. Як паведаміў адзін зь актывістаў, ён і ягоны сябра патрулявалі ўрочышча і пабачылі двух маладзёнаў, якія падышлі да крыжоў і пачалі іх ламаць. Яна павалілі і зламалі пяць крыжоў. Грамадзкія актывісты затрымалі іх і выклікалі супрацоўнікаў міліцыі Менскага раённага аддзелу ўнутраных справаў.

Паводле актывіста, вандалы былі нецьвярозыя, нецэнзурна лаяліся. Пакуль чакалі прыезду міліцыі, хлопцы выклікалі сваіх бацькоў. Прыехала маці аднаго зь іх і ўгаворвала міліцыянтаў не затрымліваць яе сына, бо ён непаўнагадовы. Пасьля званкоў хлопцаў прыехалі таксама некалькі мужчынаў, але яны не прадставіліся.

Супрацоўнікі міліцыі разам з затрыманымі вандаламі і двума грамадзкімі актывістамі ў якасьці сьведак накіраваліся ў аддзел міліцыі ў Бараўлянах.

У 23.30 у Курапатах прыехалі кіраўнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі і Валер Буйвал. У іх прысутнасьці крыміналісты праводзілі сьледчыя дзеяньні.

"Адбылося тое, што павінна было адбыцца, яны павінны былі быць затрыманыя. Напярэдадні Дзядоў гэта знак Божы, калі ўвага людзей зьвернута да Курапатаў, да Дня памяці продкаў", -- сказаў Юрась Беленькі.

Гэта ня першыя выпадкі вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937—1941 гадах карнікі НКВД расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 200 тысяч чалавек.

Пры канцы 1990-х гадоў паламалі таблічку на крыжы “Пакутнікам Беларусі”.

Што да мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, то было дванаццаць выпадкаў вандалізму. У 2002 годзе адрамантаваную каторы ўжо раз лаву Клінтана ўсталёўваў у Курапатах амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак.

У сьнежні 2005 году невядомыя вандалы двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна. Ня раз ламалі і крыжы. Паводле фактаў вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі. Летась напярэдадні Дзядоў быў паламаны Крыж Пакуты, актывісты КХП БНФ аднавілі яго.

Грамадзкасьць зьвярнулася да ўладаў з заклікам забясьпечыць ахову ўрочышча Курапаты, якое зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Аднак у адказ упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапанавала аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў плаціць за ахову ўрочышча Курапаты.

Нагадаем, што 2 лістапада ў Менску пройдзе акцыя, прымеркаваная да “Дзядоў” – Дня памяці продкаў.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках