28 лiстапада 2024, Чацвер, 1:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Курапацкіх вандалаў вызвалілі пад падпіску

2

13 лістапада ў курапацкай справе правялі вочную стаўку. Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алег Сьвірыдаў і Алесь Макаў наведалі сьледчы аддзел міліцыі Менскага раёну ў Бараўлянах.

Нагадаем, 1 лістапада а палове на 22 гадзіну ва урочышчы Курапаты грамадзкія актывісты затрымалі двух маладзёнаў, якія ламалі крыжы.

11 лістапада пасьля праверкі міліцыянты пачалі крымінальную справу. Сьледчыя паведамлялі, што падлеткаў да суду будуць трымаць пад вартай. Але 13 лістапада маладыя людзі прыйшлі на вочную стаўку з бацькамі.

Мерай стрыманьня для падлеткаў вырашылі абраць падпіску пра нявыезд, паведаміла “Радыё Свабода”.

Сьледчы экспэрымэнт з выездам ва ўрочышча Курапаты перанесьлі на іншую дату, бо сёньня ў Менску густы туман.

Гэта далёка ня першы выпадак вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937—1941 гадах карнікі НКВД расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 200 тысяч чалавек. Аднак упершыню вандалаў удалося затрымаць.

Пры канцы 1990-х гадоў паламалі таблічку на крыжы “Пакутнікам Беларусі”. Што да мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, то было дванаццаць выпадкаў вандалізму.

У сьнежні 2005 году невядомыя вандалы двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна. Ня раз ламалі і крыжы. Паводле фактаў вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі. Летась напярэдадні Дзядоў быў паламаны Крыж Пакуты, актывісты КХП БНФ аднавілі яго.

Грамадзкасьць зьвярнулася да ўладаў з заклікам забясьпечыць ахову ўрочышча Курапаты, якое зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Аднак у адказ упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапанавала аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў плаціць за ахову ўрочышча Курапаты.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках