24 лiстапада 2024, Нядзеля, 11:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Іскандэры» для непахісных

3
«Іскандэры» для непахісных

Ваенны псіхоз пачынаўся не ўчора. У жніўні, скончыўшы маштабныя манёўры «Каўказ», расійскія войскі чамусьці забыліся вярнуцца ў казармы.

І падвышанай баявой гатовасці не адмянілі. Пасля шэрагу памежных правакацый, тэхналогія якіх была ўдасканалена яшчэ напярэдадні Другой сусветнай, успыхнула каўказская вайна. Неверагоднымі дыпламатычнымі намаганнямі Еўропы баявыя дзеянні спынілі. Але рэха той вайны не сціхае і дагэтуль.

Як ні спрабаваў пуцінска-мядзведзеўскі саюзнік вытрымаць дыстанцыю, яму гэта не дазволілі. Прымусілі паўтараць пагрозлівыя рухі ўсходняга суседа. У першым жа прэзідэнцкім пасланні Мядзведзеў выказаў намер разгарнуць ракетныя комплексы “Іскандэр” у Калінінградскай вобласці. Для гэтай абвесткі прызначылі зусім не выпадкова дзень выбараў прэзідэнта ЗША. Як кажуць, мэсідж зразумелы. А ўслед за тым у адпаведным напрамку быў выпушчаны ідэалагічны снарад малодшага паплечніка: Беларусь таксама гатова размясціць ракеты “Іскандэр”.

Адна з найбольш уплывовых амерыканскіх газет “The Wall Street Journal” надрукавала шчырыя прызнанні тутэйшага начальніка. Вядома ж, ён горача падтрымлівае расійскую ідэю наконт Калінінграда. Тым болей, што Расія паабяцала гэткія ж ракеты разгарнуць і ў межах надта незалежнай Беларусі. Ваяўнічае памкненне ўсходняга суседа прывяло вышэйшую ўладу у стан бязмежнай эйфарыі. Але яна, улада, цудоўна разумее, што сусед магчыма і падмане. Аднак і на гэты выпадак прадуманы ўжо стратэгічны план. “Даже если Россия не предоставит нам эти ракеты, мы приобретем их сами”.

Крызіс грукае ў дзверы. Сродкаў катастрафічна не хапае. Даводзіцца ашчаджаць кожны рубель. І ў гэткіх умовах раптам тэрмінова патрабуецца неверагодна дарагі ракетны комплекс. Навошта? У які збіраемся паход? І дзе той кляты вораг, які прымушае краіну ісці на гэткія жахлівыя выдаткі?

У прымітыўную страшылку наконт элементаў амерыканскай супроцьракетнай сістэмы, якую мяркуецца размесціць у Польшчы і Чэхіі, ужо нават бабулькі вераць не заўсёды. Адмыслоўцы, свае і чужыя, даўно акрэслілі сапраўдныя параметры сістэмы. Размова ідзе насамрэч пра ўсяго толькі адзін радар і дзесяць ракет-перахватчыкаў. У самым лепшым выпадку, калі раптам сапраўды нешта здарыцца, сістэма тая можа перахапіць адну ракету патэнцыйнага вар’ята. Сто разоў было пацверджана, што гэта перасцярога супраць непрадказальных дзеянняў блізкаўсходніх рэжымаў, якія сваіх агрэсіўных намераў нават не хаваюць. Успрымаць сістэму ў якасці наступальнай зброі пасаромеліся б нават салдаты, занятыя пры кухні. Пра дасведчаных штабістаў і гаварыць няма чаго.

Зусім іншая рэч – ракетны комплекс “Іскандэр”.Дальнасць палёту гэтых ракет – 480 км. Дарэчы, ад Калінінграда да Берліна ўсяго толькі 560 км. Пра суседзяў прыбалтыйскіх і ўзгадваць няма сэнсу. Такім чынам, Расія адкрыта кідае выклік Еўропе. І цудоўна разумее, што гэта, па сутнасці, запрашэнне да новага вітка гонкі ўзбраенняў. Той самай, якая паглынула некалі эканоміку Савецкага Саюза. Але пасля каўказскай вайны, якая так узрушыла незлічоны нацыянал-патрыятычны электарат, расійскаму кіраўніцтву ўжо няма куды падзецца. Трэба зноў і зноў дэманстраваць імперскую сілу. А вось тутэйшаму рэжыму навошта спатрэбілася лезці ў суседскую авантуру? Чым і ў чым дапамогуць Беларусі тыя “Іскандэры”?

Халодная вайна і гонка ўзбраенняў – гэта чужое поле. І правілы гульні там вельмі жорсткія. Найноўшыя ракетныя сістэмы, набытыя ў Расіі, - зусім не дробязь. Без увагі Захаду разгортванне іх не застанецца. Няўжо краіна будзе пачуваць сябе бяспечна, калі яе, як у савецкія часы, зноў возьмуць на прыцэл? Заклікі класціся пад натаўскія танкі дзеля Расіі – гэта ўсё адтуль, з тупой саўковай прапаганды. Паводле тагачаснай ваеннай дактрыны Беларусі былі перадвызначаны тры дні гераічнага існавання. Пакуль там, у Расіі, не разгорнуць войскі па штатах ваеннага часу. А потым – цішыня. Назаўсёды.

І зноў паціху, памалу крамлёўская адміністрацыя вяртае нашу краіну да незайздроснага стану Беларускай ваеннай акругі. У той час, як шмат хто нават у дэмакратычным асяроддзі ўжо гатовы бачыць у тутэйшым начальніку непахіснага абаронцу незалежнасці. Сапраўды, някепска адстойвае яе. Толькі што падпісаў указ нумар 611 аб правядзенні перамоваў па праекце пагаднення аб сумеснай з Расіяй ахове межаў саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы. А заўзятыя аптымісты яшчэ цвердзяць, што саюз той – толькі на паперы. “Іскандэры” ў беларускіх лясах – зусім не пустая фантазія. І не апошні набытак краіны, улада якой так апантана любіць сыр з расійскай пасткі.

А ў нядзелю грымнула сенсацыя. Нягледзячы на выходны дзень, прэс-сакратар МЗС паспяшаўся з заяваю наконт таго, што амерыканская газета сказіла сэнс выказвання кіраўніка краіны. Мала таго, “искажение смысла высказываний привело к появлению множества домыслов”. Такая вось недобрасумленнасць у гэтых заходніх журналістаў. І нават прэс-сакратар Дзярждэпартаменту ЗША Роберт Вуд на падставе тых скажоных тэкстаў негатыўна адрэагаваў на міфічную заяву, якой па сутнасці і не было. І нават назваў яе “шкоднай для стабільнасці ў рэгіёне”. Нішто сабе журналісцкія жартачкі з тэкстам! Дык было ці не было?..

Звернемся да стэнаграмы, чытаць якую заклікае абуранае МЗС. З першых радкоў яна ўражвае непаўторным стылем, які ў Беларусі ні з чым не пераблытаеш. Каб ні ў чым не парушыць тэкс арыгіналу, працытуем без перакладу.

WSJ. Было ли предложение разместить российские ракеты здесь, а не в Калининграде?

Лукашенко А.Г. Не спешите. Калининград, Беларусь, Россия, “Искандер” – вы зря так все связываете. Оружие, о которым вы говорите, - оперативно-тактические ракеты “Искандер” – это, конечно, очень серьезное оружие… Так что если Россия и не предложит разместить это перспективное оружие, мы сами будем его закупать. Как только у нас появятся деньги, мы его будем закупать. Это перспективное наше оружие. Мы снимаем старое оружие с вооружения, а в перспективе (это года два или три тому назад было запланировано) – приобретение этого оружия. Правда, у нас сейчас средств таких нет для того, чтобы сейчас это сделать, но это у нас в планах.

WSJ. И пока Россия не просила размещать вот такие ракеты в Беларуси?

Лукашенко А.Г. Если очень уж откровенно говорить, для России важнее, чтобы наша система ПВО действовала в интересах России. Вот что очень важно”.

Дык дзе скажэнні? Чаго так хвалюецца і гнеўна абвяргае МЗС? Зразумела, што ў адзін дзень гэткі каштоўны набытак не зробіш. Трэба спачатку здабыць тыя шалёныя грошы. І урэшце рэшт разгарнуць тыя ракеты – “в интересах России”.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках