25 снежня 2024, Серада, 20:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што дасць Беларусі «касметычная» лібералізацыя?

20
Што дасць Беларусі «касметычная» лібералізацыя?

Стратэгія Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі з 12 канкрэтных рэкамендацыяў па дэмакратызацыі была ў вуснай форме скарочаная да пяці. Менск на яе адказаў сваёй неафіцыйнай стратэгіяй. У пісьмовым выглядзе беларускія ўлады канкрэтызавалі тры вусныя абяцанні. Дакумент быў накіраваны ў еўраструктуры 19 лістапада.

Афіцыйны Менск піша, што "сур'ёзна разглядае тыя магчымасці аднаўлення супрацоўніцтва з Еўразвязам, якія з'явіліся пасля рашэння Рады ЕЗ ад 13 кастрычніка". Кіраўнікі МЗС краінаў Еўразвяза на паўгады часткова прыпынілі візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Магчымасць выязджаць у ЕЗ вярнулі Аляксандру Лукашэнку.

Як паведамляе агенцтва БелаПАН, у беларускім дакуменце называюцца сённяшнія "унікальныя магчымасці" для паляпшэння адносінаў: рашэнне міністраў замежных справаў заклала аснову для "аднаўлення паўнавартаснага палітычнага дыялогу", а супрацоўніцтва па "ключавых пытаннях узаемнай зацікаўленасці расце і становіцца ўсё больш рэальным".

Прыводзіцца таксама заява кіраўніка адміністрацыі Уладзіміра Макея, якую ён зрабіў на Менскам форуме, аб гатоўнасці да абмеркавання праблемаў, якія існуюць у адносінах паміж Беларуссю і ЕЗ. Макей абяцаў канкрэтныя крокі, але канкрэтызаваць іх не стаў.

Выявілася, што беларускія ўлады гатовыя зрабіць тры крокі, каб "прадэманстраваць сур'ёзнасць намераў нармалізаваць адносіны з ЕЗ".

Так, Менск падцвердзіў гатоўнасць падрабязна абмеркаваць з БДІПЧ АБСЕ рэкамендацыі па паляпшэнні выбарчага кодэкса Беларусі. Пасля апублікавання заключнай справаздачы бюро па «парламенцкіх выбарах», беларускі бок накіруе прапанову аб экспертным супрацоўніцтве.

Акрамя таго, недзяржаўныя газеты "Народная воля" і "Наша ніва" атрымаюць магчымасць выдавацца на тэрыторыі краіны і будуць уключаныя ў дзяржсістэмы падпіскі і распаўсюджвання.

І апошнім пунктам зазначаецца, што 24 лістапада ў Менску пройдзе сумесны круглы стол міністэрства інфармацыі і АБСЕ, прысвечаны пытанням заканадаўчага рэгулявання дзейнасці інтэрнэт СМІ. Вынікі гэтага семінара "будуць прынятыя да ўвагі пры ўнясенні далейшых паляпшэнняў у заканадаўства і яго праваўжыванне".

У дакуменце адзначаецца, што "у хуткім часе Беларусь распачне дадатковыя крокі насустрач чаканням еўрапейскіх партнёраў".

БелаПАН паведамляе, што скарочаныя з 12 да пяці чаканні прадстаўнікоў аб'яднанай Еўропы ўключаюць змены выбарчага заканадаўства і свабоду СМІ. У шорт-ліст увайшло таксама стварэнне ў Беларусі ўмоваў для працы палітычных партыяў; адмена заканадаўчых артыкулаў, якія даюць магчымасць крымінальнага пераследу за грамадскую і палітычную дзейнасць; і мараторый на палітвязняў.

Цікава, што дарожную карту-маршрут для збліжэння і "хатняе заданне" на тыя паўгады, калі прыпыненыя санкцыі, Менск піша сабе сам, самастойна ўсталёўваючы правілы гульні, адзначае БелаПАН. Адсутнасць у Брусэлі канкрэтнай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі дэманструе не проста гнуткасць, да якой імкнуцца еўрачыноўнікі, але фактычна мяккацеласць.

Беларускі палітолаг Алесь Лагвінец прывітаў факт з'яўлення неафіцыйнай стратэгіі беларускіх уладаў, паказаўшы на гатоўнасць Менска абмяркоўваць пэўныя крокі. Але гэтай дэкларацыі аб намерах недастаткова, кажа ён.

Еўропа ўжо звярнула ўвагу, што не хапае важнага пункта — мараторыя на палітычныя пераследы. Лагвінец адзначыў, што актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка месяц знаходзіцца ў турме. Гэта рэакцыя на рэкамендацыі ЕЗ?

Беларускі адказ без сумневаў ляжа ў аснову перамоваў разам з чаканнямі Еўразвяза. "Важна, каб пачаўся сур'ёзны перамоўны працэс, які не пакіне беларускім уладам часу на "фасадныя крокі" і заявы аб добрых намерах. Тры абяцанні зробленыя, паглядзім, як яны будуць рэалізаваныя", — зрабіў выснову Лагвінец.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках