26 снежня 2024, Чацвер, 0:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінабароны супраць апазыцыі ў войску: Зьмітру Жалезьнічэнку скарачаюць адпачынак

2

Па загаду Мінабароны актывісту Партыі БНФ Зьмітру Жалезьнічэнку вайсковы адпачынак будзе прадастаўлены скарочаным і ў сама апошні тэрмін.

Гэтаксама, як і іншыя салдаты, што адслужылі так ж тэрмін, шэраговец Жалезьнічэнка, які ўжо звыш 300 дзён служыць у транспартных войсках у Жлобіне, мае права на адпачынак.

Зьміцер Жалезьнічэнка патлумачыў, што ён занесены ў так званую “групу рызыкі”. Таму адпачываць будзе самым апошнім.

“У адпачынак, мне сказалі, адпусьцяць самым апошнім. Ёсьць адпаведная пастанова Міністэрства абароны. Бо я ў так званай “групе рызыкі” – за адмову ад дачы прысягі. Адпачынак, дарэчы, зараз скарацілі – будзе толькі 10 сутак. Як месяцы тры застанецца да канца службы, я й хачу паехаць. Схаджу ва ўнівэрсытэт, дакумэнты забяру”, - паведаміў у інтэрв’ю “Радыё Свабода” Зьміцер Жалезьнічэнка.

У Зьмітра, былога студэнта-выдатніка Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Франьцішка Скарыны, супрацоўнікі КДБ без усялякага тлумачэньня забіраюць падручнікі.

“Ёсьць у нас такі хлопец у чыне лейтэнанта КДБ, прозьвішча Шэлег. Ходзіць у скураной куртцы. З мной ён спрабаваў размаўляць адзін раз – тады, калі мяне прызвалі. Цяпер, праўда, ня згадвае, што мы зь ім размаўлялі…У мяне ў клясе ёсьць паліца – там стаіць уся мая літаратура. Аднойчы мне прывезьлі кніжкі Печанко “У беларускім войску …” й Акудовіча “Дыялёгі з Богам”. Стаялі яны, я іх прачытаў пасьпяхова. І раптам бачу, што іх – няма. Я падышоў да камандзіра роты й спытаў: у чым справа? Ведаў, што свае хлопцы ня возьмуць. Камандзір сказаў, што прыходзіў наш супрацоўнік КДБ і з Менску яшчэ адзін прыяжджаў. Забралі кніжкі - і пайшлі. Куды забралі – невядома, бо бяз санкцыі. Без нічога!

У мяне раней забіралі дыск, свае, мясцовыя, дык склалі акт выняткі, накіроўвалі нібыта на экспэртызу. Не вярнулі, але ж хоць паперку пакінулі.А гэтыя цьмяна так забралі – і пайшлі”, – распавёў Зьміцер Жалезьнічэнка.

У войску Зьміцер, калі выпадае вольны час, чытае найперш тэхнічную літаратуру па праграмаваньні – сваёй унівэрсытэцкай спэцыяльнасьці. Вайсковыя нататкі пакуль пісаць не бярэцца.

“У мяне, канешне, ёсьць думкі наконт таго, што тут адбываецца. Але яны носяць такі асабісты, інтымны характар. Не хацелася бы 800-ты раз апісваць вайсковы побыт. А каму будуць цікавыя, і ці наогул будуць цікавыя, мае развагі?.. Калі будзе час і будзе жаданьне, магчыма, і паспрабую ператварыць іх у нейкія нататкі. Потым будзе бачна”, - кажа Зьміцер.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках