24 лiстапада 2024, Нядзеля, 8:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканоміка Беларусі можа абрынуцца ўслед за крызісам у Расеі

19
Эканоміка Беларусі можа абрынуцца ўслед за крызісам у Расеі

Пік фінансавага крызісу ў Расеі прыйдзецца на сакавік-красавік 2009 года, а працягнецца крызіс каля двух гадоў. Такі прагноз Сусветнага банка. Аналагічнага дакладу па перспектывах беларускай эканомікі няма. Тым не менш, крызіс у Расеі адгукнецца ў нас з вялікай сілай.

Дастаткова сказаць, што 48,3% таваразвароту Беларусі прыходзіцца на ўсходнюю суседку. Асобныя галіны беларускай прамысловасці залежныя ад расейскага рынка на 80 і больш адсоткаў. Што чакае беларускую прамысловасць у гэтай сітуацыі?

Некаторыя рынкі ўжо адчулі на сабе праблемы расейскай эканомікі, адзначае «Белорусская деловая газета». У пачатку восені стала зразумела, што беларускія банкі, сярод якіх нямала расейскіх і ўкраінскіх «дочак», адчулі дэфіцыт ліквіднасці, у тым ліку з-за зніжэння фінансавання з боку матчыных структураў.

Пасля банкаўскага рынка «падкісіла» металургічны і аўтамабільны. У расейскага аўтапрама праблемы пачаліся яшчэ ў пачатку восені. З 4 кастрычніка КАМАЗ перайшоў на скарочаны працоўны тыдзень, абвясціў аб скарачэнні вытворчай праграмы на 2008 год на 11%, а з ўчорашняга дня ў сувязі з адсутнасцю замоваў быў спынены галоўны канвеер прадпрыемства. У прэсе з'явіліся чуткі аб тым, што рыхтуецца 10-20%-вае звальненне супрацоўнікаў аўтагіганта. З аналагічнымі праблемамі сутыкнулася і група ГАЗ. Групе ўжо прыйшлося прыняць рашэнне аб скарачэнні вытворчых планаў і пераводзе некаторых заводаў на скарочаны працоўны тыдзень.

Услед за расейскай аўтамабільнай галіной пачаліся праблемы і ў беларускіх аўтавытворцаў. Пакуль самыя сумныя навіны прыходзяць з МАЗа. Расея з'яўляецца для завода асноўным рынкам збыту: у агульным аб'ёме экспарту доля паставак прадпрыемства ў Расею складае каля 60% па грузавой тэхніцы і каля 40% – па пасажырскай. Рашэнне аб уваходжанні ў стратэгічны альянс з расейскімі вытворцамі, пра што ўжо распавядала «БДГ», яшчэ больш зарыентавала МАЗ на расейскі рынак. Да таго ж у першым паўгоддзі завод нарошчваў аб'ёмы: у студзені-чэрвені МАЗ павялічыў вытворчасць таварнай прадукцыі ў супастаўных коштах у параўнанні з мінулым годам на 18,7 %.

Зараз, калі на расейскім рынку ўзніклі праблемы са збытам, у прадпрыемства назапасіліся рэшткі прадукцыі. Эксперты сцвярджаюць, што Менскі аўтазавод не зможа рэалізоўваць свой звычайны аб'ём вытворчасці. Цяжкасці са збытам адчувае і БелАЗ.

Крызіс аўтапрама імгенна пацягнуў за сабой металургічны рынак. Аўтабудаўнікі знізілі попыт на сыравіну, у многіх ёсць праблемы з плацёжаздольнасцю. Нават у Беларускага металургічнага завода ўзнікаюць праблемы з рэалізацыяй аўтамабільнага корда, які раней лічыўся вельмі паспяховай наменклатурнай пазіцыяй.

На думку генеральнага дырэктара Цэнтра стратэгічнага развіцця «Маркетынгавыя сістэмы», старшыні праўлення ГА «Гільдыя маркетолагаў» Анатоля Аканцінава, наступнымі сектарамі, на якіх адаб'ецца фінансавы крызіс, будуць будаўнічы (дзе было шмат віртуальных грошай) і іншыя прамысловыя рынкі.

Між тым, менавіта прамысловы сектар найбольш залежны ад расейскага рынка. Паводле планаў Мінэканомікі туды ў 2009 годзе будзе пастаўлена 23% сінтэтычных смолаў і пластмасаў, якія вырабляюцца ў краіне , 39,5% поліэтылену, 47% валокнаў і нітак хімічных, 44,6% шынаў, 24,7% праката чорных металаў, 72,3% металарэзных станкоў, 60,8% грузавікоў, 36% трактароў, 73,4% аўтобусаў, 48,9% кормаўборачных і 29% збожжаўборачных камбайнаў, 42,5% драўнінавалакністых плітаў, 28,7% паперы і 22,3 — кардона, а таксама 84% цэменту, які экспартуецца, і 80% азбестацэментавых лістоў, 59% шкла.

У такой сітуацыі беларускім кампаніям варта перагледзець стратэгіі развіцця, лічыць А.Аканцінаў. Напрыклад, прамысловыя прадпрыемствы павінны перагледзець асартымент і пераарыентавацца ў бок больш устойлівых пакупнікоў і тэрыторыяў. Зрэшты, дыверсіфікаваць рынкі зараз не так проста. «За мяжой нас не чакаюць, там свае канкурэнты»,- заявіў А.Аканцінаў, выступаючы на канферэнцыі «Развіццё знешнеэканамічных сувязяў», якая праходзіла ў Менску.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках