23 снежня 2024, панядзелак, 1:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Слуцкім паўстанні за Беларусь змагаліся да 15 тысяч чалавек

12

27 лістапада адзначаецца Дзень Герояў альбо пачатак Слуцкага збройнага чыну. У 1920 годзе на Случчыне пачаліся баявыя дзеянні супраць Чырвонай Арміі.

Тысячы добраахвотнікаў адгукнуліся на заклік Рады Случчыны абараніць сваю зямлю і сваю ўладу ад чужынцаў.

"Гэта прыклад той палітычнай акцыі, якая была добра падрыхтаваная, якая мела выразныя палітычныя мэты, а менавіта - незалежнасць, дзяржаўнасць Беларусі", -- кажа “Еўрарадыё” пра палітычную скіраванасць слуцкіх падзеяў гісторык Ніна Стужынская.

Баявыя дзеянні пачаліся 27 лістапада і працягваліся да канца снежня. Пад ціскам пераважаючых сілаў Чырвонай Арміі слуцкія палкі адышлі на захад і былі інтэрнаваныя польскімі войскамі. У 1921 годзе Беларусь будзе падзеленая паміж Польшчай і савецкай Расіяй.

Паводле словаў Стужынскай, агулам у Слуцкім збройным чыне ўдзельнічалі каля 15 тысяч чалавек, 4 тысячы з іх былі прафесійнымі вайскоўцамі. Гэтыя лічбы гісторык знайшла ў пратаколах допытаў арганізатараў паўстання, якія пасля патрапілі ў савецкія турмы.

Чаму менавіта Случчына стала цэнтрам паўстання? Слуцк быў важным рэгіянальным цэнтрам нацыянальнага руху. А акрамя гэтага варта адзначыць і эканамічнае развіццё рэгіёну, шматлікія проста жадалі працаваць на сябе, а не ў калгасе. Акрамя таго гістарычныя падзеі выбралі менавіта Слуцк, горад, які падчас Польска-савецкай вайны 1919-1920 гг. некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі ад палякаў да бальшавікоў. Нарэшце, 11 кастрычніка 1920 горад апынуўся пад кантролем палякаў. Наступаючыя савецкія войскі прымусілі палякаў адыходзіць. Разам з тым тут ствараюцца незалежныя і нацыянальныя органы кіравання. Польскія ўлады не перашкаджаюць гэтаму. А ў лістападзе адміністрацыя перадае ўладу Беларускаму камітэту, якія вырашае весці самастойную нацыянальную палітыку. Так пачынаўся Слуцкі Збройны Чын.

Вядомы гісторык з Менску Захар Шыбека ў інтэрв’ю "Радыё Рацыя" адзначае, што паўстанне вельмі важны момант у гісторыі Беларусі.

- Гэтае паўстанне - своеасаблівы сімвал, і адлюстраванне тых настрояў, якія існавалі ў грамадстве. У рэшце падзея ўратавала годнасць беларусаў, паказала, што ў гэтага народу ёсць свае нацыянальныя інтарэсы, што яны прабіваюцца і яны заключаюцца ў тым, каб не дапусціць устанаўлення тут ні савецкай, ні польскай улады, а стварыць уласную дзяржаўнасць. Акрамя гэтага паўстанне не было інсцыніравана ці ініцыіравана польскім бокам, як пра яго часта казалі ў савецкай гістарыяграфіі. Гэта быў натуральны, аўтэнтычны працэс беларускага народу.

26 лістапада паміж беларускімі і савецкімі войскамі пачаліся баі. 26-27 лістапада 1920 на адлегласці 35-49 км адбыліся сутычкі перадавых чырвоных войскаў з паасобнымі атрадамі Слуцкай брыгады. Бальшавікі вымушаны былі адступаць. Беларускія аддзелы мелі вельмі моцную падтрымку з боку мясцовага насельніцтва. Слуцкая брыгада вызваліла некалькі вёсак ад бальшавікоў. Што адметна, да беларускіх аддзелаў далучалася больш і больш людзей. Слуцкая рада заклікала жаўнераў Чырвонай арміі пераходзіць на беларускі бок. Многа салдатаў так і зрабілі, бо сярод іх было шмат расейскіх сялянаў, якія таксама не падтрымлівалі камуністаў. Бальшавікі былі вымушаныя кінуць супраць беларускага войска аддзелы з латышоў і кітайцаў. 4 сьнежня пачаўся новы наступ Чырвонай арміі. Беларускія аддзелы упарта абараняліся, але вымушаныя былі пакінуць Вызну. Нястачы зброі і набоеў сталася няўдачай у баі пад вёскай Ядчыцы 6 сьнежня. Пад ціскам 7 сьнежня беларускія часткі пакінулі Семежава. Рада Случчыны і беларускі штаб былі перанесеныя ў Подчыцы, а потым у вёску Грыцавічы. Не хапала амуніцыі, харчаваньня, сярод паўстанцаў пачалася эпідэмія тыфа.

Кандыдат гістарычных навук Аляксандр Ціхаміраў кажа, што гісторыя часта распараджаецца зусім не так, як хацелася б.

- У паўстанцаў быў разлік, што гэтая кропка на мапе Беларусі стане сапраўдным цэнтрам дзяржавы, але так не адбылося. Гэтая спроба, заява стварыць дзяржаву не ўпісалася ў гістарычныя абставіны. Сярод паўстанцаў было шмат інтэлігенцыі, адукаваных людзей, якія хацелі лепшага.

Пасьля нацыянальнага адраджэньня ў Беларусі 1980-х гадоў 27 лістапада адзначаецца пэўнай часткай беларускага грамадзтва як Дзень Герояў. Афіцыйная ўлада ігнаруе антыбальшавісцкае паўстанне, гэтаксама як і ўсё звязанае з Беларускай Народнай Рэспублікай.

І гэта адзначае Захар Шыбека:

- Гэтая падзея вельмі слаўная ў гісторыі Беларусі і яе трэба адзначаць не проста на ўзроўні грамадскасці, але на дзяржаўным узроўні. Ужо трэба думаць, каб ушанаваць тыя падзеі як дзяржаўнае свята. Пакуль што такога няма, але відаць, што працэс зрухваецца з месца. Улады пачынаюць больш-менш прызнаваць факт важнасці БНР, а гэтая падзея была б лагічным працягам палітыкі, калі б Слуцкі збройны чын належным чынам адзначалі на дзяржаўным узроўні.

І тут яшчэ раз варта адзначыць мэты паўстанцаў: непадзельная Беларусь у сваіх этнічных межах, усталяваньне рэспублікі і прызнанне БНР, а таксама незалежнасць ад Польшчы і Расеі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках