29 снежня 2024, Нядзеля, 9:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Frankfurter Allgemeine»: Лукашэнка пачаў перамовы з «бандай ашуканцаў»

21

Праблемам беларускай эканомікі прысвечаны артыкул «Перамовы з «бандай ашуканцаў», апублікаваны ў нямецкай газеце «Frankfurter Allgemeine».

Падзеі апошніх месяцаў паказалі, піша карэспандэнт выдання Міхаэль Людвіг, што Аляксандр Лукашэнка рэагуе на змену знешнепалітычных і ўнутраных эканамічных умоваў. Раней, калі расейскім прэзідэнтам яшчэ быў Уладзімір Пуцін, Лукашэнка кляўся Маскве ў вернасці, каб гарантаваць сабе пастаўкі расейскіх энерганосьбітаў па нізкіх коштах, забяспечваючы тым самым "поспехі" беларускай эканомікі. Заходнія назіральнікі ў гэтыя "поспехі" ніколі не верылі, ім было відавочна, што эканоміка Беларусі, якая спрабуе спалучаць цэнтралізаванае планаванне з асобнымі элементамі рынка, рана ці позна апынецца ў цяжкім становішчы.

Сумневы Захаду пацвердзіла Расея, падвысіўшы з 2007 года для Беларусі кошты на нафту і газ, што вымусіла Менск звярнуцца да Масквы з просьбай аб стабілізацыйных крэдытах. Цяпер зноў вядуцца перамовы аб прадастаўленні падобнага крэдыту ў памеры 2 млрд даляраў і захаванні кошту на газ на ўзроўні 128 даляраў за тысячу кубаметраў. Здаецца, рашэнне аб вылучэнні крэдыту Масквой ужо прынятае, піша выданне, але адносна захавання кошту на газ дамоўленасці дасягнуць не атрымліваецца. Магчыма, прычына рознагалоссяў, адзначае карэспандэнт, хаваецца ў адсутнасці дамоўленасці па каўказскім пытанні: Масква патрабуе ад Лукашэнкі прызнаць незалежнасць мяцежных грузінскіх правінцый Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, але беларускі кіраўнік увільвае і адцягвае рашэнне, каб не нашкодзіць асцярожнаму збліжэнню з Заходняй Еўропай, які азначыўся ў апошнія месяцы.

Паралельна з Масквой Лукашэнка вядзе перамовы аб крэдыце з Міжнародным валютным фондам. Тут гаворка таксама ідзе аб суме ў 2 млрд. даляраў. Шмат гадоў таму МВФ спыніў супрацоўніцтва з Лукашэнкма з-за ягонага нежадання праводзіць рынкавыя рэформы, а той, у сваю чаргу, назваў МВФ "бандай ашуканцаў". З іншага боку, у апошні час Лукашэнка пайшоў на некаторыя саступкі, якія дазволілі асобным назіральнікам казаць "аб тэндэнцыях па лібералізацыі эканомікі, якія могуць палегчыць МВФ крок насустрач Беларусі". Гэтае і паляпшэнне ўмоў для замежных інвестараў, і прыняцце праграмы прыватызацыі, і ўмацаванне банкаўскай тайны.

Аднак дадзеных мер відавочна недастаткова, і гэта даказваюць рост інфляцыі і знешняй пазыкі, скарачэнне валютных запасаў і аб'ёмаў беларускага экспарту. Адным толькі ўплывам сусветнага фінансавага крызісу, лічаць эксперты, падзенне асноўных індыкатараў растлумачыць немагчыма. Прычына складаецца, хутчэй, у монаструктуры экспарту, высокіх энергетычных выдатках і недастатковай канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў. Пры ўсім тым, адзначае выданне, "лібералізацыя эканомікі для Лукашэнкі небяспечная, паколькі ягоны кантроль над краінай грунтуецца ў асноўным на ледзь ці не татальным уплыве дзяржавы на эканоміку".

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках