30 верасня 2024, панядзелак, 16:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сарваны «саюзны» дзяржсавет: Лукашэнка не ляціць у Маскву

48
Сарваны «саюзны» дзяржсавет: Лукашэнка не ляціць у Маскву

Паміж Масквой і Менскам выбухнуў чарговы скандал. Cарванае паседжанне вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі, у межах якога ў расейскую сталіцу збіраўся прыляцець Лукашэнка.

Бакі не сыйшліся ў поглядах на развіццё агульнай дзяржавы і перанеслі сустрэчу на нявызначаны тэрмін. Адкладзенае і вызначанае на сёння падпісанне расейска-беларускай дамовы аб аб'яднанай сістэме СПА дзвюх краін.

Інфармацыю аб нечаканым пераносе паседжання вышэйшага дзяржсавета "Коммерсанту" пацвердзілі адразу ў некалькіх ведамствах, якія рыхтавалі гэтае мерапрыемства. У адміністрацыі прэзідэнта РФ, расейскім МЗСе і апараце дзяржсакратара "саюзнай дзяржавы" Расеі і Беларусі Паўла Барадзіна на запыт газеты адказалі адно і тое ж: вызначаны на панядзелак дзяржсавет, роўна як і візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву, не адбудзецца.

"Расейскі бок быў гатовы правесці дзяржсавет 1 снежня. Аб сваёй гатовасці заяўлялі і беларусы. Але потым адзін з бакоў прапанаваў для разгляду шэраг істотных пытанняў, што патрабуюць дадатковага ўзгаднення і пераносу даты дзяржсавета,— заявіў учора "Коммерсанту" прэс-сакратар Барадзіна Іван Макушок.— У Маскве і Менску хочуць правесці сапраўды знакавы дзяржсавет і падняць на ім важныя для саюзнікаў пытанні". Крыніцы "Коммерсанта" ў Крамлі былі лаканічней: "Нічога не будзе. Ні дзяржсавета, ні візіту".

Паседжанне вышэйшага дзяржсавета зрываецца ўжо ў другі раз за апошні час. Першапачаткова яно павіннае было адбыцца 3 лістапада, але за тыдзень да гэтага, 25 кастрычніка, прайшла сустрэча прэзідэнтаў Расеі і Беларусі Дзмітрыя Мядведзева і Аляксандра Лукашэнкі, пасля якой прэс-служба Крамля паведаміла аб пераносе паседжання на пачатак снежня. Прычыны гэтага рашэння не апавяшчаліся.

Напярэдадні цяперашняга паседжання і ў Расеі, і ў Беларусі ўсяляк намякалі на тое, што яно стане "пераломным у гісторыі " саюзнай дзяржавы". Яшчэ ў пятніцу ў расейскім МЗСе запэўнівалі аб "амаль стоадсоткавай гатовасці Масквы да правядзення паседжання дзяржсавета", праўда, на ўсялякі выпадак усё ж прасілі не апублікаваць яго дату. Пры гэтым высокапастаўлены суразмоўца "Коммерсанта" на Смаленскай плошчы паведаміў, што падчас знаходжання ў Маскве Аляксандра Лукашэнкі чакалася падпісанне як мінімум аднаго важнага дакумента — дамовы аб сумеснай сістэме супрацьпаветранай абароны РФ і Беларусі. Ягоны тэкст, па словах дыпламата, даўно ўзгоднены, але ўсё яшчэ не падпісаны.

Супрацоўнікі апарата Барадзіна ўсе мінулыя выходныя прапрацавалі ў аўральным рэжыме, завяршаючы падрыхтоўкі да паседжання дзяржсавета і ўзгадняючы яго позву. І толькі ў нядзелю ўвечары да ўсіх перагаворшчыкаў давялі каманду "адбой". "Гэта беспрэцэдэнтна. Такога яшчэ ніколі не было",— панаракаў у гутарцы з "Коммерсантом" адзін з удзельнікаў падрыхтоўкі адмененага паседжання.

Судзячы па ўсім, менавіта позва дня паседжання стала ў выніку прычынай пераносу даты вышэйшага дзяржсавета на нявызначаны тэрмін. Па словах суразмоўцаў, блізкіх да беларускага кіраўніцтва, падчас папярэдніх кансультацый было вырашана, што ў яе будуць уключаныя такія прынцыповыя пытанні, як прыняцце канстытуцыйнага акту "саюзнай дзяржавы" і пераход дзвюх краін на адзіны аплатны сродак. На разглядзе гэтых пытанняў больш за ўсё настойваў беларускі бок. У канцы мінулага тыдня ў інтэрв'ю France Presse Аляксандр Лукашэнка панаракаў на тое, што з-за адсутнасці канстытуцыйнага акту не вырашаюцца шматлікія пытанні развіцця "саюзнай дзяржавы". Па ягоных словах, ужо падрыхтавана некалькі праектаў гэтага дакумента, аднак той, які прапаноўвае расейскі бок, "значна слабейшы за дамову аб стварэнні "саюзнай дзяржавы", што дзейнічае зараз. "Навошта нам смяшыць людзей і на рэферэндуме прымаць такую канстытуцыю, калі яна слабей за гэтую дамову? Хай тады дзейнічае дамова. Канстытуцыя павінная быць канстытуцыяй",— заявіў Лукашэнка.

Выбрык беларускага боку не застаўся незаўважаным у Маскве. "Заявы Менска — гэта чарговая хлусня, якой яны не ў першы раз спрабуюць падмяніць рэальны перагаворны працэс. Расея не раз пацвярджала сваё жаданне паглыбляць інтэграцыю, але беларускі бок насустрач не ішоў",— заявіў "Коммерсанту" суразмоўца ў Крамлі. Што датычыцца паседжання дзяржсавета, то, па словах крыніцы ў адміністрацыі расейскага прэзідэнта, Масква гатовая яго праводзіць у любы час, "але пры ўмове, што на ім будуць прынятыя пэўныя рашэнні", паколькі "дзяржсавет дзеля дзяржсавета нікому не патрэбен".

Акрамя названых вышэй прэтэнзій у Расеі ёсць і іншыя пытанні да беларускага боку. Адно з іх ізноў падняў на мінулым тыдні амбасадар РФ у Менску Аляксандр Сурыкаў, які нагадаў беларускім уладам аб абяцанні прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. "Было заяўлена, што пытанне прызнання або непрызнання гэтых двух рэспублік будзе разглядаць ізноў абраны "парламент" Беларусі. У гэтай сувязі мы чакаем, калі ён яго пачне разглядаць",— заявіў дыпламат. Характэрна, што гэты напамін прагучаў пасля таго, як Расея пералічыла Беларусі $1 млрд з абяцанага Менску двухмільярднага крэдыту. Па дадзеных газеты, рашэнне вылучыць гэтыя сродкі прымалася ў тым ліку з улікам абяцання Лукашэнкі падтрымаць Расею і прызнаць услед за ёй дзве каўказскія рэспублікі. Аднак беларускі кіраўнік ужо даў зразумець, што ў гэтым пытанні не мае намеру прыслухвацца да меркавання Масквы. "Калі мы будзем рашэнне прымаць па Абхазіі і па Паўднёвай Асеціі — гэта будзе наша рашэнне. Не рашэнне пад ціскам Расеі. Ды я ніякага ціску ў гэтых адносінахі не патрываў бы",— заявіў Аляксандр Лукашэнка ў тым жа інтэрв'ю AFP.

У такіх умовах у Крамлі, відавочна, палічылі немэтазгодным прымаць у сябе Лукашэнку. Больш за тое, не выключана, што ў адносінах Менска хуткім часам могуць рушыць услед выхаваўчыя санкцыі. Яшчэ 7 лістапада Рассельгаснагляд распаўсюдзіў прэс-рэліз, у якім паказаў, што "сістэма кантролю якасці прадукцыі жывёльнага паходжання ў Беларусі не можа гарантаваць бяспеку прадуктаў, што пастаўляюцца ў Расею". Гэта значыць, што хуткім часам увоз на тэрыторыю Расеі беларускай сельгаспрадукцыі суцэльна можа быць забаронены.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках