28 снежня 2024, Субота, 20:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МУС у «змаганні з карупцыяй» пераключылася на шэраговых супрацоўнікаў

1

Пасля таго, як у пятніцу Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб адстаўцы высокапастаўленых чыноўнікаў МУС, падазраваных у датычнасці да карупцыі, у Міністэрстве жорстка ўзяліся за малодшы склад.

Да падпісання ўказу Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС правяло «чыстку» міліцэйскіх шэрагаў, нібыта жадаючы паказаць, што загладзіць сваю віну перад беларускім кіраўніком, паведамляе «Ежедневник».

Паводле падпісанага ўказу, ад сваіх пасадаў вызваленыя першы намеснік міністра ўнутраных справаў - начальнік крымінальнай міліцыі генерал-маёр Аляксандр Шчурко, намеснік міністра ўнутраных справаў - начальнік галоўнага ўпраўлення кадраў (статс-сакратар) генерал-маёр міліцыі Віктар Філістовіч, начальнік Дэпартамента фінансаў і тылу МУС палкоўнік Віктар Мельнікаў, начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС палкоўнік Лідзія Іванчыкава.

Усе яны залічаныя ў распараджэнне міністра ўнутраных справаў, і іх далейшы лёс пакуль нявызначаны. Незразумелы па-ранейшаму і лёс згаданых прэзідэнтам лекара шпіталя МУС Бурко і супрацоўніка ГУУС Менгарвыканкама Новіка.

Зрэшты, на гарэхі дастаецца не толькі тым, каго кіраўнік дзяржавы падняў на шчыт, але і ўсім астатнім. Паводле звестак «Ежедневника», сёння МУС праводзіць у сваіх шэрагах жорсткую «чыстку» шэрагаў, бо да канца года міністр павінен будзе адчытацца перад Аляксандрам Лукашэнкам аб тым, што зроблена для навядзення парадку ў даручанай яму самай масавай сілавой структуры. У гэтай сітуацыі лепш перастарацца, чым яшчэ раз паказаць сваю мяккацеласць. І хай гаворка ідзе не аб генералах і палкоўніках, але менавіта дзеля таго, каб адвесці ад іх увагу, жорстка ўзяліся за малодшы склад МУС.

Паводле звестак «Ежедневника», на працягу лістапада пад звальненне ці крымінальную справу патрапілі каля 20 супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, што пасеяла лёгкую паніку ў міліцэйскім асяроддзі.

Напрыклад, у Гомельскай вобласці была ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да прапаршчыка Веткаўскага РАУС, які ўваходзіў у склад узвода, які займаўся аховай тэрыторый радыёактыўнага забруджвання. Паводле звестак ГУУБ МУС, прапаршчык атрымаў 1200 даляраў за аказанне садзейнічання ў бесперашкодным правозе па тэрыторыі раёна лома чорнага металу адпаведных дакументаў.

У Гародні быў затрыманы капітан міліцыі. Паводле звестак ГУУБ, ён падбухторваў жыхара Скідаля да давання хабару ў 2,6 тыс. даляраў за вырашэнне пытання аб неўзбуджэнні крымінальнай справы. Не толькі падбухторваў, але і ўзяў, прычым для перадачы вышэйстаячаму начальству.

У Гарадзенскім абласным упраўленні Дэпартамента аховы таксама не абыйшлося без унутранай міліцэйскай чысткі. Тут супрацоўнікамі ГУУБ МУС быў затрыманы прапаршчык, які з нявызначанымі асобамі незаконна высек у Скідальскім лясгасе 30 кубаметраў справавай драўніны, прычыніўшы шкоду ў 8 млн рублёў.

У Віцебскай і Магілёўскай абласцях таксама ёсць «пацярпелыя». Хоць справядлівасці дзеля варта адзначыць, што большасць усё жа атрымлівае па заслугах. У некаторых выпадках супрацоўнікі міліцыі не толькі пускаюцца ва ўсё цяжкія «карупцыйныя» грахі, але нават плююць на меры бяспекі дарожнага руху, аб якіх у апошні час так шмат кажацца.

Так, у Магілёўскай вобласці супрацоўнікі міліцыі сталі вінаватымі ў двух ДТЗ. Маёр да смерці збіў веласіпедыста-пенсіянера. Капітан у шэраговай сітуацыі сутыкнуўся з аўтамабілем «КАМАЗ», які стаяў ля ўскрайку праезжай часткі. Абыйшлося без ахвяраў, але, паводле папярэдніх звестак, капітан быў не зусім цвярозы. Дакладней, ён адмовіўся ад агляду, што ў МУС расцэньваецца як прызнанне ў тым, што піў.

З аднаго боку, навядзенне парадку ў міліцэйскім асяроддзі можна толькі вітаць. Але вось бяда: самі супрацоўнікі МУС кажуць, што начальства проста хоча перавесці накірунак «галоўнага ўдару» з палкоўнікаў і генералаў у ніжэйшыя сферы. Наколькі гэта слушна, стане зразумела пасля таго, як з'явяцца першыя вынікі праверкі і дачных забудоваў, і іншых справаў, дзе паспелі засвяціцца вельмі шмат якія высокапастаўленыя чыноўнікі МУС. Значна больш, чым назваў беларускі кіраўнік.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках