25 снежня 2024, Серада, 19:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Асуджаныя апазыцыянеры паглядзелі ў вочы судздзе Есьману

2

Амаль месяц таму Аляксандр Лукашэнка выкрыў карупцыянэраў у міністэрстве ўнутраных спраў і генэральнай пракуратуры.

Былі звольненыя са сваіх пасадаў шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, 10 чыноўнікаў МУС, парушаючы закон, завалодалі тэрыторыяй лецішча дзіцячага садка ў водаахоўнай зоне. Там яны пабудавалі сабе двух- і трохпавярховыя катэджы, нагадвае “Радыё Свабода”.

Выкрыты замяшаныя ў кватэрных махінацыях пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір і намесьнік генпракурора Мікалай Купрыянаў. Спадар Сьнягір набыў у бізнэсоўца 5-пакаёвую кватэру ў цэнтры Менску плошчай больш як у 200 квадратных мэтраў па вельмі заніжанай цане. У гэтай справе былі замяшаныя таксама тры судзьдзі Цэнтральнага раёну Менску — Валеры Есьман, Алена Ільіна і Тацяна Паўлючук.

Аляксандар Лукашэнка загадаў старшыні Вярхоўнага суду Валянціну Сукалу вызваліць гэтых судзьдзяў ад займаных пасадаў. Аднак, чамусьці, тут справа забуксавала. Прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Злата Гурыновіч паведаміла:

“На сёньняшні дзень яны працуюць”.

На пытаньне, чаму дагэтуль ня выкананы загад кіраўніка краіны, Злата Гурыновіч адказала, што “даручэньні выконваюцца ў вызначаны законам тэрмін, рашэньне па іх прымае прэзыдэнт краіны”.

Моладзевыя актывісты, якія прыйшлі ўчора ў Цэнтральны суд на працэс над Аляксандрам Баразенкам, у перапынку пайшлі шукаць судзьдзяў Есьмана, Ільіну і Паўлючук, якія раней часта судзілі актывістаў апазыцыі, каб “паглядзець ім у вочы”.

“Мы падняліся на чацьвёрты паверх да кабінэтаў судзьдзяў Ільіной і Есьмана. І запыталіся ў супрацоўнікаў, дзе ж іх можна знайсьці. Выразнага адказу мы не пачулі. Але літаральна праз хвіліну судзьдзя Есьман выйшаў зь нейкага паседжаньня ў мантыі. Адзінае пытаньне, якое я яму задаў некалькі разоў: „Вы яшчэ працуеце?“ Ён вочы апусьціў і зьбег у свой кабінэт. Я паўтарыў: „Як вы яшчэ можаце працаваць?“ У Цэнтральным судзе ні для каго ня дзіва, што судзьдзі, якіх вінавацяць у карупцыі, дагэтуль працягваюць працаваць. Вось гэта зьдзіўляе”, -- паведаміў “Радыё Свабода” моладзевы лідэр Міхаіл Пашкевіч, які быў асуджаны па “справе 14-ці”.

Паводле праваабаронцы Алега Воўчака, пакуль няма падстаў казаць, што ў Беларусі вядзецца сур’ёзная барацьба з карупцыяй. Ён лічыць, што апошняя гучная карупцыйная справа патрэбна ўладам, каб адвесьці ўвагу грамадзянаў ад фінансавага крызісу. Спадар Воўчак адзначыў, што трэба ўвогуле мяняць саму сыстэму:

“Трэба народу паказаць, што некага здымаюць, некага прызначаюць. Адна справа — зьняць Купрыянава і Сьнегіра і ўсіх астатніх. Іншая справа — давесьці справу да суду і асудзіць. Вось тады будзе справядлівасьць. Каб усё гэта публічна паказаць. Але я думаю, што праз паўгода ўсё гэта паступова скоціцца, пагасьне. І Лукашэнку ўжо вельмі складана змагацца, бо там зладжаная клянавая сыстэма — як у пракуратуры, так і ў МУС. Людзі зарабілі за гэта грошы. Я разумею, каб ён устаў і ўвесь сьпіс агучыў: 200—300 чалавек. І ад сёньняшняга дня мы робім рэформу і прызначаем новых людзей. Гэта было б сур’ёзна. А пяцёх-дзесяцёх — гэта не барацьба”.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках