Палітневыезныя прынеслі скаргу ў рэзідэнцыю Лукашэнкі (Фота)
- 10.12.2008, 13:07
Акцыя невыезных апазыцыянераў распачалася сёньня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
Туды прыйшлі пяцёра палітычных невыезных - Міхась Пашкевіч, Анатоль Лябедзька, Антон Койпіш, Зміцер Дашкевіч і Франак Вячорка.
Апазыцыянеры апранулі на сябе шыльды з надпісам «Палітычны невыезны» і накіраваліся да будынку рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, куды пазней перадалі адмысловы зварот з патрабаваннем дазволіць ім выезд з тэрыторыі Беларусі і скасаваць у нашай краіне сам інстытут палітычных невыезных.
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў «Радыё Рацыя», што супрацоўнікі рэзідэнцыі паабяцалі перадаць зварот свайму кіраўніцтву.
«Нас правялі ў офіс, дзе знаходзіліся два чалавекі: начальнік галоўнага ўпраўлення па працы з зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў Буко і спадар Катушкін, начальнік прыёмнай. Мы з імі пагутарылі, яны размаўляць нават пачалі на беларускай мове, вельмі ўсё было так цывілізавана, у такой абсалютна нармалёвай форме.
Мы ім распавялі пра сітуацыю, сказалі, што мы не хацелі б атрымаць ад іх нейкую адпіску, за подпісам чыноўніка з нейкага Цэнтральнага ці Савецкага раёна, мы сказалі, што гэта палітычная справа, што рашэнне знаходзіцца ў гэтым будынку. Яны паабяцалі, што не будзе такога, што наш зварот некаму пераадрасуюць», - распавёў Анатоль Лябедзька.
Лідэр АГП спадзяецца, што вынік ад гэтай акцыі ўсё ж будзе, і праз пэўны тэрмін палітневыезныя змогуць выязджаць за мяжу.



