27 снежня 2024, Пятніца, 11:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На заводзе «Электрарухавік» – канікулы за свой кошт

5

Магілёўскі завод «Электрарухавік» з 25 сьнежня па 12 студзеня прымусова адпраўляе сваіх супрацоўнікаў у адпачынак.

Ад лістападу прадпрыемства мае праблемы з збытам прадукцыі, блізу дзьвюх трацінаў якой пастаўляе ў Расею.

Паводле кіраўніцтва, расейскія спажыўцы не пацьвярджаюць канкрэтнымі заяўкамі заключаныя дамовы на пастаўку электрарухавікоў. Расейцы тлумачаць гэта адсутнасьцю грошай. Тым часам новы год працоўныя «Электрарухавіка» сустрэнуць у адпачынку за свой кошт.

У Маскоўскай кампаніі «Энэрал-цэнтар», які забясьпечвае электратэхнічным абсталяваньнем сталічны рэгіён Расеі, «Радыё Свабода» паведамілі, што ня могуць набыць прадукцыі магілёўскага заводу з прычыны фінансавага крызісу.

«У Расеі цяпер сытуацыя складаная, бо грошай цяпер наяўных, грошай ліквідных мала. Аб’ёмы продажу насамрэч зьменшыліся, адпаведна зьменшыліся заказы, і ўсё гэта пайшло па кругу», — зазначыла супрацоўніца кампаніі Натальля Разумоўская.

Паводле яе, з усёй намэнклятуры прадукцыі магілёўскага заводу запатрабаванымі на расейскім рынку застаюцца электрарухавікі, якія здольныя працаваць у выбухованебясьпечным асяродзьдзі.

«Па агульнапрамысловай прадукцыі ім ёсьць з кім канкураваць у Расеі. Адзінае, што па выбуховікам застануцца, бо замяніць іх сапраўды няма чым», - сказала Натальля Разумоўская.

Аднак такая прадукцыя не патрабуецца ў вялікай колькасьці. Дый яе набываць сталі менш.

«Яны набываюць іх, але не ў такім аб’ёме, як раней. Замаўлялі па пяць тысяч. Бяруць не пад склад, а менавіта пад вытворчасьць. Вось ім сто штук патрэбна — яны сто штук бяруць, а ня сто дваццаць. У гэтым пляне, канечне, дрэнна», - падкрэсьліла супрацоўніца «Энэрал-цэнтру».

Акрамя выбухаабароненых электрарухавікоў, завод вырабляе яшчэ некалькі дзясяткаў відаў электратэхнічнай прадукцыі. На постсавецкай прасторы ў «Электрарухавіка» шаснаццаць канкурэнтаў, таму пераарыентавацца на іншых спажыўцоў заводу надзвычай цяжка. Зьмяншэньне попыту на прадукцыю нэгатыўна адбіваецца на фінансавай стабільнасьці прадпрыемства — паменела абаротных сродкаў.

Рабочыя кажуць - ім ужо паведаміла начальства, што ад 25 сьнежня да 12 студзеня іх адпраўляюць у адпачынак за свой кошт. У гэтую пятніцу яны будуць працаваць за дзьве траціны заробку.

Каб вырашаць свае фінансавыя праблемы, «Электрарухавік» прадае і здае ў арэнду недабудаваныя завадзкія цэхі і іншыя плошчы. Прыкладна месяц таму ў сталоўцы прадпрыемства разьмясьцілася мэблевая крама.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках