27 снежня 2024, Пятніца, 6:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заіка: Крэдыту МВФ Беларусі хопіць на тэрмін ад 1 месяца да паўгода

10

Калі Сусветны валютны фонд выдасць Беларусі крэдыт у 2 млрд даляраў, дык гэтых грошай уладам краіны хопіць ненадоўга, лічыць эканаміст Леанід Заіка.

У панядзелак 15 снежня ў Менску працягнуліся перамовы паміж місіяй МВФ і беларускім урадам па пытанні вылучэння Беларусі стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 2 млрд даляраў, нагадвае «Ежедневник».

З просьбай выдаць крэдыт у памеры 2 млрд даляраў у мэтах павелічэння дзяржаўных золатавалютных рэзерваў і стварэння «падушкі бяспекі», неабходнай для «стабільнай працы эканомікі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу», Беларусь звярнулася да МВФ у сярэдзіне кастрычніка гэтага года.

Эксперты фонду працавалі ў Менску з 27 кастрычніка па 22 лістапада, але станоўчага рашэння тады прынята не было. З 8 па 15 снежня ў Беларусі на запрашэнне Нацыянальнага банка працавала місія тэхнічнага садзейнічання МВФ па пытаннях грашова-крэдытнай палітыкі. Цяперашні візіт экспертаў МВФ павінен паставіць кропку ў пытанні вылучэння ці невылучэння крэдыту Беларусі. Але нават калі гэты крэдыт нам выдадуць, дык хопіць яго ненадоўга, лічыць эканаміст Леанід Заіка.

«Гэты крэдыт для Беларусі мае, хутчэй, псіхалагічную ролю. Бо мы пакуль не атрымлівалі нічога, ніякіх сур'ёзных уліванняў у нашую эканоміку. Па статуце МВФ гэты крэдыт прызначаны для краінаў з праблемамі ў валютнай сферы: сапраўды змяняецца курс даляра, сапраўды на сусветных рынках ідзе працэс, які вымушае шукаць рэзервы. Гэта крэдыт, які павінен стабілізаваць фінансавую сітуацыю ў краіне.

Пры самім неспрыяльным ходзе падзеяў у эканоміцы ў нас узнікае 6 мільярдаў даляраў абавязальніцтваў дзяржавы перад насельніцтвам за ўнёскі і дэпазіты, якія яны прынеслі ў беларускія банкі, і каля 12 мільярдаў - гэтае абавязальніцтвы беларускіх гаспадарчых суб'ектаў перад замежнымі банкамі за ўзятыя грашовыя рэсурсы. Атрымліваецца 18 мільярдаў. 2 мільярды крэдыту МВФ - гэта толькі 10 адсоткаў ад гэтай сумы. Калі нечакана ўраду прыйдзецца гэтыя абавязальніцтвы выконваць, дык гэтых грошай хопіць на 1-2 месяцы», - кажа Леанід Заіка.

Эксперт патлумачыў, што калі сітуацыя не будзе развівацца так негатыўна, дык гэтых грошай для падтрымання абменнага курсу і валютнай палітыкі павінна хапіць на 6 месяцаў.

І дадаў, што дэвальвацыя рубля падвысіла б канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі, але сэнс у штучным падтрыманні абменнага курсу валютаў усё ж ёсць.

«Міжнародныя фінансавыя арганізацыі традыцыйна для аздараўлення эканомікі прапісваюць у якасці паслабляльнага сродка дэвальвацыю нацыянальнай валюты. Але ці варта ісці на падобныя крокі нам? Калі на падтрыманні абменнага курсу будуюцца важныя крытэры падтрымання грашовай базы, агульнай грашовай раўнавагі, калі гэта абдуманая стратэгія ўрада, дык крыўдзіцца на ўладу сэнсу няма. Напрыклад, украінцы дэвальвавалі сваю валюту на 50%. Самае простае было б нам сваю дэвальваваць на 70% і такім чынам падвысіць канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі. Але калі мы гэта зробім, дык ў Беларусі не застанецца ні аднаго ўкладчыка. Усе грошы ўмомант паляцяць з дэпазітаў. Пачнецца паніка і грашовая анархія», – папярэджвае эканаміст.

Леанід Заіка нагадаў, што Нацбанк так і не зрабіў неабходную для МВФ дэвальвацыю рубля. Акрамя таго, для атрымання крэдыту могуць паўстаць іншыя перашкоды.

«Беларусь адмяніла абмежаванні на падвышэнне прыбыткаў. Гэтым тут жа скарысталася наменклатура і адмяніла для сябе абмежаванне ў 42% на падвышэнне заробку. Нацбанк хоць і не зрабіў жаданую для МВФ дэвальвацыю рубля, але вытрымлівае сваю цвёрдую і ўпэўненую палітыку. Так што перашкодзіць могуць толькі такія рэчы, як субсідыі прадпрыемствам і сельскай гаспадарцы. Ва ўмовах фінансавых стрэсаў яны магчымыя, але ў значна меншай меры, чым гэта робіцца ў Беларусі», - сказаў ён.

Эканаміст лічыць, што прапанаванага ўрадам комплексу мераў па мінімізацыі наступстваў сусветнага фінансавага крызісу відавочна не дастаткова для вырашэння праблемы.

«У тэкст дакумента адсоткаў на 90 увайшлі тыя рэкамендацыі, якія прапаноўвалі няўрадавыя эканамісты. Гэта добра, калі ёсць такі дакумент. Пытанне ў тым, хто яго будзе ажыццяўляць. Ды і ўсё гэта больш рэкамендацыі, чым кіраўніцтва да дзеяння. Уявіце, калі лекар кажа хвораму: маўляў, у мяне для вас ёсць анальгін, аспірын, усё, аж да пургена, - але не кажа, што рабіць. І тут узнікае пытанне: што рабіць, што спачатку прымаць, у якой колькасці? Патрэбны добры сістэмнік, моцны і сур'ёзны эканаміст ва ўрадзе. Трэба арганізаваць пры ўрадзе цэнтр макраэканамічнага рэгулявання, куды ўвойдуць як урадавыя, так і незалежныя спецыялісты па макраэканоміцы. Тады ад гэтага дакумента сапраўды будзе нейкі сэнс», – адзначыў ён.

Леанід Заіко падкрэсліў, што нават прыняцце місіі МВФ станоўчага рашэння наконт выдачы крэдыту Беларусі яшчэ не азначае, што ён будзе атрыманы.

«Дарэчы, станоўчае рашэнне па выдачы крэдыту, прынятае чальцамі місіі МВФ па выніках працы ў Беларусі, яшчэ не гарантуе нам атрыманне 2 мільярдаў. Пасля таго, як усе тэхнічныя пытанні, датычныя магчымай выдачы крэдыту, будуць узгодненыя бакамі, адпаведны пакет дакументаў павінен быць пададзены выканаўчай радзе МВФ для канчатковага зацвярджэння», - заўважыў эканаміст.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках