26 снежня 2024, Чацвер, 6:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зэльцэру не дазволілі перадаць у турму тэлевізар

4

Адвакат грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра Зьміцер Гарачка наведаў свайго падабароннага ў шпіталі Магілёўскай калёніі № 15. Выканаць просьбу Зэльцэра — перадаць яму тэлевізар - не ўдалося.

“Проста мне сказалі, што, маўляў, усе тэлевізарамі забясьпечаныя, таму ім яшчэ адзін не патрэбны. Зэльцэр хацеў паставіць тэлевізар у сябе, у мэдычнай частцы. Там сапраўды тэлевізар ёсьць, але стары, ім даўно і шмат карысталіся. Я прывез зусім новы тэлевізар — “Віцязь“, нашай вытворчасьці. Сказалі — не”, - паведаміў “Радыё Свабода” Зьміцер Гарачка.

Адвакат працягвае сачыць за станам здароўя Эмануіла Зэльцэра, які мае шэраг хранічных захворваньняў. Гэтыя захворваньні абвастрыліся пасьля перапраўкі зь менскага сьледчага ізалятара ў магілёўскую калёнію: вязьню ставілі кропельніцу, давалі лекі. Але, паводле Зьмітра Гарачкі, да выздараўленьня яшчэ далёка.

“Яму патрэбны іншыя лекі, іншае лячэньне. Адміністрацыя гэта ўсё разумее, але зрабіць нічога ня ў стане”, - пацьвердзіў адвакат.

Ён кажа, што пакуль пытаньне пра выпіску Зэльцэра з турэмнага шпіталя не паўставала.

Таксама адвакат перадаў вязьню вопратку і харчы. Пры гэтым, паводле спадара Гарачкі, ягоны падабаронны ня скардзіцца на турэмнае харчаваньне.

“Проста ёсьць шмат прадуктаў, якія ў калёніі дэфіцытныя — тыя ж вітаміны”, — сказаў Зьміцер Гарачка.

Наступны раз да свайго падабароннага адвакат паедзе ў пятніцу, 5 сьнежня.

Нагадаем, грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны ў сярэдзіне сакавіка, прыляцеўшы ў Менск зь Лёндану. Улетку Зэльцэра асудзілі на тры гады зьняволеньня за камэрцыйны шпіянаж супроць Беларусі. Эмануіл Зэльцэр вінаватым сябе не прызнаў. Ягоны брат Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, мяркуе, што брат стаў ахвярай інтрыг вакол спадчыны заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Паводле Марка Зэльцэра, на гэтую спадчыну прэтэндуе і Барыс Беразоўскі. Расейскі алігарх-уцякач Беразоўскі абвяргае сваю датычнасьць да арышту Зэльцэра.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках