27 снежня 2024, Пятніца, 0:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка просіць у Мядзведзева танны газ і новы крэдыт

17
Лукашэнка просіць у Мядзведзева танны газ і новы крэдыт

Сёння ў Маскве пройдуць перамовы Дзмітрыя Мядзведзева і Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі кіраўнік спадзяецца дамовіцца пра кошт на газ і новы шматмільярдны, але гэтым разам рублёвы крэдыт, паведамляе расейская газэта «Коммерсант».

Паводле звестак газеты "Коммерсант", Лукашэнка можа атрымаць станоўчы адказ, калі нарэшце прызнае незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі і саступіць "Газпрому" кантрольны пакет акцыяў ААТ "Белтрансгаз".

Адным з самых актуальных пытанняў для Менска зараз з'яўляецца неўрэгуляваная праблема новага кошту на расейскі газ. Беларусь пакуль плаціць $127,9 за тысячу кубаметраў. Аднак, паводле звестак "Коммерсанта", "Газпром" ужо намякнуў Менску, што ў 2009 годзе кошт можа вырасці да $240. Падобная перспектыва не задавальняе Менск, пра што наўпрост заявіў Аляксандр Лукашэнка, заадно пацвердзіўшы намер расейскай газавай манаполіі амаль удвая падняць цяперашні кошт.

Як стала вядома "Камерсанту" з крыніцаў у МЗС РФ, якія рыхтавалі сённяшнюю сустрэчу, акрамя газавага пытання Аляксандр Лукашэнка мае намер падняць на перамовах з Дзмітрыем Мядзведзевым тэму давання яго краіне чарговага крэдыту.

Раней расейскі бок пагадзіўся вылучыць Менску крэдыт у 2 мільярды даляраў. Палова гэтых сродкаў яшчэ ў лістападзе апынулася ў распараджэнні беларускіх уладаў.

"Лукашэнка разлічвае атрымаць каля 100 мільярдаў расейскіх рублёў (каля 3,5 мільярда даляраў ЗША)", - паведамляе газета са спасылкай на крыніцы ў МЗС РФ.

Выданне выказала меркаванне, што Лукашэнка вырашыў падняць грашовае пытанне з-за няўдалых перамоваў з Міжнародным валютным фондам (МВФ) аб стабілізацыйным крэдыце ў 2 мільярды даляраў.

МВФ дагэтуль не прыняў рашэння вылучыць Менску названую суму, паколькі незадаволены тым, што беларускія ўлады не дэвальвуюць нацыянальную валюту і не адмаўляюцца ад планаў падвышэння зарплатаў бюджэтнікам.

Фінансавай дапамогі Лукашэнка, паводле яго прызнання, прасіў і ў ЗША. У інтэрв'ю кіраўнікам беларускіх дзяржаўных СМІ ён сказаў, што гаворка ішла аб 5 мільярдах даляраў. "Думаю, што 5 мільярдаў даляраў для іх - гэта не праблема", - сказаў Лукашэнка.

Што Лукашэнка можа прапанаваць Мядзведзеву?

Беларускаму кіраўніку і сапраўды ёсць, што прапанаваць расейскаму калегу як у палітычным, так і ў эканамічным плане, адзначае выданне. Бо ў Маскве дагэтуль чакаюць, што Менск нарэшце прызнае незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Яшчэ ў пачатку восені Аляксандр Лукашэнка казаў, што гэта зробіць новаабраны беларускі парламент, але са дня парламенцкіх выбараў прайшло ўжо два з паловай месяцы, а абяцанне дагэтуль не выкананае.

Акрамя таго, паміж РФ і Беларуссю ўсё яшчэ не падпісаная дамова аб сумеснай сістэме СПА. Гэты дакумент цалкам гатовы, і Масква не хавае сваёй зацікаўленасці ў яго як мага больш хуткім падпісанні, асабліва з улікам планаў Вашынгтона размясціць у Еўропе элементы амерыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны. Але беларускі бок не спяшаецца падпісваць дамову, хаця для гэтага зусім не патрабуецца ўдзелу прэзідэнтаў — дакумент павінны падпісаць міністры абароны РФ і Беларусі. Больш за тое, Менск, як стала вядома "Ъ", увязвае падпісанне дамовы па СПА з ільготнымі пастаўкамі сучаснай расейскай вайсковай тэхнікі і размяшчэннем замоваў Мінабароны РФ на беларускіх прадпрыемствах. У Маскве не ў захапленні ад гэтых прапановаў. Між тым нявырашанасць праблемы СПА дазваляе спадару Лукашэнку пагандлявацца адносна кошту за сваю згаворлівасць.

Нарэшце, у абмен на зніжэнне коштаў на газ Аляксандр Лукашэнка можа пайсці і на эканамічныя саступкі Маскве. Раней "Газпром" не раз даваў зразумець, што ён не супраць павялічыць сваю долю ў сумесным газатранспартным прадпрыемстве ААТ "Белтрансгаз". Зараз яна складае каля 25%, але калі Менск пагодзіцца на тое, каб раейская манаполія атрымала кантрольны пакет акцыяў "Белтрансгаза", платай за гэта можа стаць адмова "Газпрома" ад падвышэння кошту.

Чаму Лукашэнка не паехаў на саміт СНД?

У мінулую сераду беларускі кіраўнік патэлефанаваў Дзмітрыю Мядзведзеву і дамовіўся пагутарыць з ім сам-насам 22 снежня. І гэта прытым што ў Лукашэнкі была магчымасць сустрэцца з прэзідэнтам РФ у мінулыя выходныя на нефармальным саміце некаторых кіраўнікоў дзяржаваў СНД, які на курорце Баравое пад Астаной арганізаваў казахскі лідэр Нурсултан Назарбаеў. Але Лукашэнка, загадзя запрошаны на гэтую сустрэчу, не паехаў у Казахстан, а замест гэтага ў мінулую пятніцу прыляцеў у Маскву, дзе і правёў увесь уікэнд у чаканні сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым.

Менск не патлумачыў прычынаў, па якіх Аляксандр Лукашэнка праігнараваў запрашэнне спадара Назарбаева. Магчыма, беларускі кіраўнік вырашыў не ездзіць у Казахстан, каб як след падрыхтавацца да важнай сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым. Праўда, рабіў ён гэта своеасабліва. Да прыкладу, у пятніцу, як раз у дзень адкрыцця казахскага саміту, ён гуляў у Маскве за зборную "Зорак сусветнага хакея", якая спаборнічала са зборнай камандай "Газпрома". Сярод іншых супраць беларускага кіраўніка на лёд выходзіў намеснік старшыні праўлення газавай манаполіі Аляксандр Мядзведзеў. Вынік гэтага спаборніцтва наўрадці ўзрадаваў кіраўніка Беларусі — "Зоркі" прайгралі "Газпрому" з лікам 5:9. Суцяшэннем спадару Лукашэнку магло паслужыць толькі тое, што яго назвалі лепшым гульцом сустрэчы, хоць ён і не забіў ні воднай шайбы. Пасля матчу Вячаслаў Фяцісаў, які гуляў у адной камандзе з Аляксандрам Лукашэнкам, злосна кінуў: ""Газпром" перамагчы нельга". А сёння беларускаму кіраўніку трэба будзе гэта пацвердзіць ці абвергнуць.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках