29 снежня 2024, Нядзеля, 4:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: Прадпрымальнікі – пагроза нашай стабільнасці

89

На сённяшняй нарадзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што лічыць неэфектыўнай працу ўрада па пытаннях рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці ў краіне.

«Сёння, спасылаючыся на сусветны фінансавы крызіс, урад прапаноўвае адтэрмінаваць прыняцце зменаў умоваў дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Вядома, сусветны фінансавы крызіс нельга не ўлічваць. Але ў гэтай сітуацыі мяне турбуе тое, што ў чарговы раз з ўсёй відавочнасцю выявілася поўная негатоўнасць як прадпрымальнікаў, так і ўрада цывілізаваным шляхам вырашыць даўно наспелую праблему», - заявіў А.Лукашэнка на нарадзе па пытаннях рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці.

Беларускі кіраўнік нагадаў, што ў 2001 годзе для падтрымкі прадпрымальніцтва было адмененае мытнае афармленне тавараў з трэціх краінаў, якія паступаюць з Расеі, і ўведзены адзіны падатак.

«Гэта дало штуршок да развіцця прадпрымальніцтва, але адрозненні ў пытаннях падаткаабкладання і збірання мытных пошлінаў для часткі індывідуальных прадпрымальнікаў стварылі больш вольныя ўмовы працы, чым для іншых", - сказаў А.Лукашэнка.

Паводле яго словаў, «само жыццё патрабавала ад нас выраўняць гэтыя ўмовы. Асабліва востра паўстала гэтае пытанне, калі ў гандлі з Расеяй змяніўся парадак выплаты падатку на дададзеную вартасць. Індывідуальныя прадпрымальнікі і ўрад сталіся да гэтага не гатовыя», - канстатаваў А.Лукашэнка.

У гэтай сувязі, адзначыў Лукашэнка, быў прыняты шэраг дакументаў, у адпаведнасці з якім быў захаваны на пэўны перыяд спрошчаны парадак увозу тавараў з тым, каб у далейшым, «нарасціўшы цягліцы, яны (прадпрымальнікі – «ИФ») перайшлі на больш высокую прыступку арганізацыі бізнэсу».

«Тады мы яшчэ раз пайшлі на саступкі прадпрымальнікам і дамовіліся, што канчатковы тэрмін увядзення роўных умоваў вызначаны - 1 студзеня 2009 года», - заявіў А.Лукашэнка.

«У гэтай сувязі, у мяне пытанне да ўрада: як так атрымалася, што напярэдадні гэтай даты Саўмін выходзіць з прынцыпова новай ініцыятывай, прапаноўваючы адтэрмінаваць прыняцце гэтых зменаў?», - спытаў беларускі кіраўнік.

А.Лукашэнка нагадаў, што за апошнія 3,5 гады «практычна нічога не зроблена для аптымальнага выраўноўвання ўмоваў працы суб'ектаў гаспадарання».

«Не выкананыя мае даручэнні аб стварэнні аптовых складоў у кожнай вобласці для цэнтралізаванага ўвозу тавараў. Складанай, затратнай застаецца сістэма мытнага афармлення і іншыя шматлікія працэдуры», - заявіў кіраўнік краіны.

«Чаму губернатары не стварылі гэтыя склады? Дзе гэтыя схемы, склады? Чаму, Сяргей Сяргеевіч, (С.Сідорскі - прэм'ер- міністр - ИФ) яны не створаныя?», - спытаў А.Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што «урад пусціў усё на самацёк, думаючы, што ўсё само сабой «разыйдзецца». «Замест таго, каб працаваць сістэмна, папярэджваючы негатыўныя сацыяльныя з'явы, урад ізноў цягнецца ў хвасце падзеяў», - заявіў А.Лукашэнка.

Кіраўнік краіны патлумачыў, што ўрад прапаноўвае ў дачыненні да індывідуальных прадпрымальнікаў «пакінуць усё як ёсць, пакінуць дзірку на мяжы».

«Дзе гарантыя, што пад выглядам дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў да нас не будуць увозіць тавары на мільярды рублёў? Гэта што, не пагроза цяперашняй стабільнасці?», - спытаў А.Лукашэнка.

У гэтай сувязі ён запатрабаваў, каб Савет міністраў і адпаведныя структуры дзяржаўнага кіравання «без сацыяльных ускладненняў і палітычнага ажыятажу праводзілі мэтанакіраваную і ўзважаную эканамічную палітыку, як у дачыненні да індывідуальных прадпрымальнікаў, так і іншых групаў дзелавога свету».

«Нам неабходна сумеснымі высілкамі, без дагматызму і вузкаведамаснай зашоранасці выпрацаваць найбольш аптымальныя меры для вырашэння праблемаў, якія абвастрыліся ў апошні час. Пры гэтым, улічваючы як новыя сучасныя выклікі, так і дзяржаўныя інтэрасы па забеспячэнні стабільнасці эканомікі і спакою ў грамадстве», - заявіў Лукашэнка.

Напісаць каментар 89

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках