24 лiстапада 2024, Нядзеля, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бунт полацкага бізнэсоўцы: Уладзімер Захараў зачыніў усе свае гандлёвыя цэнтры

76

Уладальнік шэрагу гандлёвых цэнтраў у Полацку і Наваполацку аддаў загад зачыніць крамы на знак пратэсту супраць неспрыяльных умоваў для разьвіцьця гандлю.

Полацкім і наваполацкім прадпрымальнікам перадалі распараджэньне ўладальніка найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў сёньня ўраньні. Уладзімір Захараў патлумачыў гэты крок тым, што «не бачыць сэнсу працы ў такіх жорсткіх ўмовах, якія яшчэ горш узмацняюцца ў Беларусі». Полацкі гарвыканкам раіць найманым работнікам прыцягнуць бізнэсоўца Уладзімера Захарава да суду, паведамляе “Радыё Свабода”.

Паводле Сяргея Сьпірыдовіча, які мае краму ў полацкім гандлёвым цэнтры “Стралецкі кірмаш”, зьвязацца з самім Уладзімерам Захаравым было немагчыма ўжо з учорашняга дня. На тэлефонныя званкі не адказваюць нават ягоныя намесьнікі:

“Ён ні з кім ня йдзе на кантакт, яго ніхто ня можа знайсьці!Ён кажа, што яму абрыдлі праверкі. Што ён больш працаваць ня будзе, зачыніў усе свае крамы — і тут, і ў Віцебску, і ў Менску, і ў Магілёве, і ў Берасьці — паўсюль! І мы ведаем, што яго ўсё ціснуць, ціснуць і ціснуць. А калі на чалавека ціснуць, ціснуць ды ціснуць, дык можна й даціснуць! Я яго цалкам разумею!”.

Прадпрымальнік распавёў, што ён і ягоныя калегі сёньня зранку хадзілі ў Полацкі ды Наваполацкі гарвыканкамы, каб даведацца пра свае пэрспэктывы. Ім адказалі, што гандлёвыя цэнтры Захарава — гэта ягоная прыватная ўласнасьць, і чыноўнікі ня могуць уплываць на ягонае рашэньне — аднак будуць шукаць нейкіх мэханізмаў, каб змусіць бізнэсоўца ўсё ж адчыніць крамы. Прадпрымальнікам параілі зьвярнуцца ў суд, каб прыцягнуць Уладзімера Захарава да адказнасьці за парушэньне заключаных працоўных дамоваў.

Сяргей Сьпірыдовіч кажа, што думкі прадпрымальнікаў пра ўчынак уладальніка самай буйной у рэгіёне сеткі гандлёвых цэнтраў падзяліліся:

У кожнага тавар, кожны разьлічваў на добры гандаль у гэтыя апошнія дні.

“Хто за яго: маўляў, Захараў зачыніў крамы, бо прадпрымальнікі ў такіх умовах працаваць далей ня змогуць, гэта немагчыма. А хто кажа, што няхай бы да Новага году яшчэ працавалі. Бо ў кожнага тавар, кожны разьлічваў на добры гандаль у гэтыя апошнія дні. Мы ж зараз плацім фіксаваны падатак, аднак пасьля Новага году мусім сплаціць рэшту — а гэта ўяўляеце, якія вялікія грошы! Таму — няхай бы адчынілі да Новага году гэтыя кірмашы, далі людзям дагандляваць. Але, падобна, не дадуць”.

Пэўныя нязручнасьці спыненьне гандлю прынесла і пакупнікам, якія стала набываюць прадукты і прамысловыя тавары ў гандлёвых цэнтрах Уладзімера Захарава. Але шмат хто з пакупнікоў і прадпрымальнікаў пэўны, што свой пратэст супраць дрэнных умоваў прадпрымальніцкай дзейнасьці бізнэсовец адмыслова прымеркаваў да гэтых пераднавагодніх дзён — каб наступствы ягонага асабістага страйку былі найбольш відавочныя для ўладаў.

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках