5 лiстапада 2024, aўторак, 5:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шматвектарная палітыка кідае Лукашэнку на ўсход? (відэа)

6
Шматвектарная палітыка кідае Лукашэнку на ўсход? (відэа)

"Хачу амерыканцаў папярэдзіць апошнім разам: мы вельмі жорстка адрэагуем на гэтыя санкцыі, яны страцяць свае пазіцыі не толькі ў Беларусі", – так Аляксандр Лукашэнка пагражаў у канцы мінулага года Амерыцы. Учора ён зноў выказаў незадаволенасць дзеяннямі амбасадараў краін ЕЗ і ЗША: "Я не зусім разумею ролю амбасадараў краін Еўразвяза, у большасці сваёй, і асабліва амерыканскага амбасадара".

Досвед вайны з амбасадарамі ў беларускіх улад ёсць – улетку 1998 года заходнія амбасады былі высланыя з рэзідэнцыі "Дразды". Цяпер рэжым актыўна напрацоўвае досвед супрацоўніцтва з арабскім капіталам.

"Як толькі будуць уведзеныя істотныя для нашай эканомікі санкцыі, то мы адрэагуем самым жорсткім чынам па ўсіх кірунках: і ў палітыцы, і ў эканоміцы, і па іншых кірунках. Першы, хто будзе вышпурнуты, – гэта будзе амбасадар Злучаных Штатаў", – пагражаў Лукашэнка ў сваёй леташняй заяве. Пры гэтым беларускі кіраўнік заклікаў амбасадара ЗША ў Менску "займацца сваімі праблемамі, бо можа датэрмінова пакінуць сваю пасаду ў Беларусі".

Традыцыйна пагрозы ў бок заходніх дзяржаў выказваюцца пасля або напярэдадні сустрэчы кіраўніка беларускай дзяржавы з кіраўніцтвам Расеі. «За намі Масква…» і ўсё такое. Апошнія ж нападкі на цывілізаваны свет ідуць на фоне ўзмацнення дружбы з краінамі-ізгоямі тыпу Венесуэлы і прытоку арабскага капіталу ў Беларусь. Прычым краіны з "восі зла" пачалі ўкладвацца ў Беларусь пасля працяглага супрацоўніцтва з беларускім рэжымам у галіне ўзбраенняў.

«ЗША, як і Еўрапейскі Звяз, працягваюць спадзявацца, што ўлады вызваляць палітвязняў, што Беларусь выканае свае абавязальніцтвы па правядзенні свабодных і сумленных выбараў і падасць беларусам іх базавыя правы і свабоды. Але гэта не наіўная надзея. Злучаныя Штаты ўвесь час вядуць дыскусіі з Еўрапейскім Звязам наконт Беларусі. Мы працягнем прымаць адпаведныя крокі, каб сфакусаваць міжнародную ўвагу на тых людзях, якія адказныя за адсутнасць прагрэсу ў нашых стасунках. У той самы час мы будзем працягваць дружалюбна ставіцца да беларускага народа», – працягваюць настойваць ЗША праз свайго Амбасадара ў Беларусі Карэн Сцюарт.

Пад «адпаведнымі крокамі» маецца на ўвазе пашырэнне спісу «візавай забароны» ў ЗША і краіны ЕЗ у дадатак да ўжо наяўнага пераліку неўяздных беларускіх службоўцаў, а таксама санкцыі, уведзеныя супраць канцэрна «Белнафтахім», якія выклікалі сапраўдную істэрыку ў рэжыму Лукашэнкі.

Як вядома, ЗША увялі абмежаванні на ўезд беларускіх службоўцаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Былі заблакаваныя і асабістыя рахункі службоўцаў. Пад гэтую забарону патрапіў увесь вяршок цяперашняга рэжыму – ад Лукашэнкі да яго дарадцаў у Адміністрацыі. Атрымаў агалоску выпадак, калі намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч, якая заехала ў ЗША па лініі ААН, не змагла скарыстацца крэдытнай карткай падчас традыцыйнага жаночага шопінгу па нью-йоркскім крамам. У снежні 2007 года ў спісы неўяздных былі ўключаныя шырэйшыя катэгорыі службоўцаў, засноўваючыся на становішчы, якое яны займаюць. Упершыню туды патрапілі дырэктары і намеснікі дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў, іх жонкі або мужы, а таксама найбольш «ангажаваныя» журналісты-прапагандысты дзяржаўных СМІ. У 2007 годзе больш як 30 беларускім службоўцам было адмоўленае ва ўездзе ў ЗША.

А 13 лістапада 2007 года адміністрацыя Джорджа Буша замарозіла рахункі дзяржаўнага канцэрна "Белнафтахім". Прычынай гэтага амерыканскія ўлады назвалі тое, што канцэрн кантралюецца асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. Уведзеныя міністэрствам фінансаў ЗША санкцыі тычацца ўсіх прадстаўніцтваў "Белнафтахіма" ў Нямеччыне, Украіне, Латвіі, Расеі і Кітаі, а таксама амерыканскага даччынага падраздзялення канцэрна Belneftekhim USA. Услед за гэтым былі «замарожаныя» рахункі «Белнафтахіма» ў новых краінах-сябрах ЕЗ – Латвіі і Эстоніі.

– Мы робім больш жорсткімі санкцыі ў дачыненні Лукашэнкі і яго найбліжэйшых памочнікаў, уводзячы абмежаванні супраць найбуйнейшага канцэрна, які знаходзіцца пад кантролем яго рэжыму, – заявіў начальнік аддзела кантролю замежных актываў Мінфіна ЗША Адам Шубін.

У адказ на гэта Лукашэнка вырашыў выкарыстаць сваіх расейскіх «сяброў». Падчас апошняга візіту міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова ў Менск было заяўленае, што ў Расеі "выклікаюць занепакоенасць любыя заявы дзяржаў, накіраваныя на аказанне ціску на Беларусь".

Санкцыі Захаду і яго пастаянная адмова ў супрацоўніцтве ціснуць настолькі моцна, што нават навагодні зварот Лукашэнкі да беларусаў можна пераказаць двума словамі: «вакол ворагі». "Калі казаць прама, год быў, мабыць, самым складаным у гісторыі нашай маладой дзяржавы", – заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Самы жорсткі палітычны і эканамічны ціск, увядзенне розных санкцый, патокі хлусні, дэзінфармацыі. Лідэры некаторых краін, каб адцягнуць увагу ад сваіх праблем, раптам заклапаціліся сітуацыяй у Беларусі, забываючы пры гэтым, што гаворка ідзе не пра нейкі штат у іх уласнай дзяржаве, а пра суверэнную, еўрапейскую дзяржаву", – сказаў ён.

ЗША і Еўропа працягваюць настойваць:

– Ніводная краіна не павінна рабіць беларускім уладам ніякіх паблажак, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, – сказаў намеснік памочніка Дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэмер.

– У красавіку мінулага года я сустракаўся з намесніцай кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Пяткевіч. Я тлумачыў: калі дзяржава не робіць крокаў у бок дэмакратызацыі, пачынаючы з вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, то Злучаныя Штаты ўвядуць дадатковыя санкцыі супраць рэжыму. Акрамя таго, я казаў, што калі ўрад Беларусі распачне правільныя крокі, Амерыка адрэагуе належным чынам. Калі я даведаўся, што Лукашэнка казаў у адрас амбасадара ЗША, у мяне стварылася ўражанне, што ён проста сарваўся. Гэта не той каментар, які ён планаваў загадзя. Гэта была нечаканая адкрытасць, якая выяўляла яго незадаволенасць і збітасць з толку. Я тады зразумеў, што мы сапраўды прыцягнулі ўвагу Лукашэнкі, таму што, як вы памятаеце, я казаў пра магчымасць далейшых санкцый.

Пасля таго, як у Менску жорстка разагналі акцыю пратэсту, якая адбылася напярэдадні візіту ў нашу краіну расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, Штаты зноў заявілі, што яны плануюць увядзенне новых эканамічных санкцый супраць беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў.

«Лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Хведарук учора быў жорстка збіты міліцыяй у форме. У панядзелак пасля мірнай дэманстрацыі прадпрымальнікаў людзі ў цывільным арыштавалі Віктара Івашкевіча, Віктара Гарбачова, Віктара Крываля, Аляксея Кашкарова, Віктара Калея, Аляксандра Цацуру, Барыса Гарэцкага, Аляксандра Макаева і Крысціну Шацікаву. Яны збілі Анатоля Лябедзьку і затрымалі Вольгу Казуліну. Гэтыя жорсткія дзеянні паказваюць дэманструюць таму, што абяцаў беларускі рэжым», – заявіла тады Карэн Сцюарт.

Еўрапейскі Звяз таксама катэгарычны ў сваіх заявах: ніякага супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі без вызвалення палітвязняў. «Чарговы раунд перамоваў экспертаў Беларусі і Еўразвяза, які прайшоў у Беларусі ў канцы студзеня 2008 года па пытаннях транспарту і энергетыкі, адбыўся выключна на тэхнічным, а не палітычным узроўні. У Беларусі пакуль няма ўмоў для прагрэсу ў стасунках Еўразвяза і афіцыйнага Менска», – заявіла прэс-сакратарка камісара ЕЗ па знешняй палітыцы і Еўрапейскай палітыцы добрасуседства Крысціяна Хоман.

«Мы заўсёды зважаем беларускім уладам, што стратэгія ЕЗ, якая была вызначаная ў лістападзе 2006 года, агаворвае ўмовы, пры якіх наша ўзаемадзеянне можа быць пашыранае», – заяўляе прэс-сакратарка камісара па знешняй палітыцы. Па словах Крысціяны Хоман, умовы добра вядомыя афіцыйнаму Менску – гэта 12 рэкамендацый па дэмакратызацыі Беларусі, высунутыя ЕЗ год таму. «Развязанне большасці пытанняў, у тым ліку і візавага, залежыць ад прагрэсу беларускага боку ў галіне дэмакратызацыі», – сказала прадстаўніца ЕЗ.

На самім высокім узроўні ўвага да Беларусі таксама не слабее. Тыдзень таму ў штогадовым пасланні кангрэсу «Аб становішчы краіны» Джордж Буш заявіў, што ЗША падтрымліваюць свабоду ў Беларусі. «Мы падтрымліваем свабоду ў краінах ад Кубы і Зімбабве да Беларусі», – заявіў прэзідэнт ЗША. Ён заклікаў амерыканскіх заканадаўцаў падтрымаць распрацаваную яго адміністрацыяй праграму замежнай дапамогі пад назовам «Выклік тысячагоддзя». «Гэтая праграма ўмацоўвае дэмакратыю, празрыстасць і вяршэнства закона ў краінах, якія развіваюцца, і я прашу вас цалкам прафінансаваць гэтую важную ініцыятыву», – заявіў кіраўнік Белага дому.

«Ключ да паляпшэння амерыкана-беларускіх стасункаў застаецца ў руках Беларусі. Гэта вызваленне ўсіх палітвязняў і захаванне асноватворных дэмакратычных нормаў, уключна свабоду выказвання, сходаў і асацыяцый. Мы гатовыя пазітыўна адрэагаваць на рашэнне ўлад аб вызваленні ўсіх палітвязняў. Такі крок мог бы адкрыць шлях да доўгачаканага паляпшэння стасункаў», – гаворыцца ў адной з апошніх заяў амбасады ЗША ў Менску.

Здавалася б – усе сігналы пасланыя, кірункі, у якіх можа развівацца шчаслівае супрацоўніцтва Беларусі, пазначаныя. Аднак беларускія ўлады зноў шукаюць свой, «асаблівы» шлях. Гэтым разам шматкроць агучаная «шматвектарная палітыка» вядзе іх на ўсход.

Апошнім часам у нашу краіну шырокай ракой пацяклі арабскія грошы. І гэта ўжо не прыбыткі ад продажу ўласнай і перапродажу расейскай зброі, як гэта было некалькі гадоў таму. Гэта ўжо прамыя інвестыцыі ў развіццё эканомікі. Праўда, і тут здарыўся перакос. Большасць інвестараў з Блізкага Усходу чамусьці «укладваюцца» не ў развіццё прамысловага сектара, а ў галіну турыстычнага, абслуговага сэрвісу.

Толькі за апошні месяц былі агучаныя планы аб будаўніцтве ў Менску дзесятка пяцізоркавых гасцініц, бізнэс-цэнтраў і забаўляльных устаноў з удзелам буйнога арабскага капіталу. Ствараецца ўражанне, што хтосьці з асяродку Лукашэнкі ўдала «ўпарыў» даверлівым арабам ідэю аб перспектыўнасці дадзенай галіны ў нашай краіне. Ну, і атрымаў за гэта адпаведны «адкат».

Замест комплекснай рэарганізацыі эканомікі і дэмакратызацыі рэжыму, улады па-ранейшаму працягваюць займацца прыцягненнем грошай пад відавочна неэфектыўныя для краіны праекты з відавочным душком асабістага ўзбагачэння.

У гэты самы час беларуская апазіцыя выразна пазначае вектар, па якім варта развівацца нашай краіне. Пра пачатак кампаніі "Еўрапейская Беларусь" абвясцілі 24 студзеня прадстаўнікі Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, а таксама шэраг праеўрапейскіх грамадскіх структур. Ініцыятарамі выступілі намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) і Еўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч, міжнародны каардынатар "Хартыі’97" Андрэй Саннікаў і дыпламат і былы палітвязень Міхаіл Марыніч.

Па словах Віктара Івашкевіча, пасля правядзення Еўрапейскага Марша ўвосень мінулага года было заяўленае, што гэта не разавая акцыя, а доўгатэрміновая кампанія, і задача яе "дамагчыся, каб Беларусь увайшла ў Еўрапейскі Звяз, а на бліжэйшы час – падштурхнуць улады да выканання 12 прапаноў Еўрапейскага Звязу". Мікола Статкевіч агучыў шмат аргументаў на карысць уваходжання Беларусі ў склад ЕЗ. Сярод іх і гарантаванне палітычнай незалежнасці, і пашырэнне стандартаў еўрапейскага дабрабыту на Беларусь. Заснавальнікі "Еўрапейскай Беларусі" першым сваім крокам назвалі збор подпісаў беларускіх грамадзян з мэтай паказаць кіраўніцтву ЕЗ імкненне беларускага народа да ўступлення ў Еўразвяз.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках