26 снежня 2024, Чацвер, 21:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Арлоў: «Дзень Волі мусіць быць галоўным дзяржаўным святам»

25 Сакавіка беларуская грамадскасць адзначыць 90-ыя ўгодкі ад дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Знаны беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў лічыць, што святкаванне гэтай важнай для краіны падзеі мусіла б адзначацца на дзяржаўным узроўні.

Як сказаў пісьменнік у інтэрвію прэс-цэнтру Хартыі’97, “25 Сакавіка – гэта галоўнае свята нашай краіны. Каб сённяшняя ўлада была сапраўды беларускай, а не нейкай прышлай, Дзень Волі мусіў быць галоўным дзяржаўным святам і адзначацца на афіцыйным узроўні, як тое робіцца ў нашых суседзяў”.

На меркаванне Уладзіміра Арлова, формы святкавання ў такім выпадку маглі бы быць рознымі – апроч гучных вулічных святкаванняў, 25 Сакавіка можна было б адзначаць і проста ў сям’і.

“Вядома, я збіраюся адзначыць Дзень Волі і ў сям’і, з сябрамі. Але, на жаль, зараз мы жывем не ў свабоднай краіне, таму асабіста для мяне з’яўляецца абавязкам удзельнічаць у вулічным шэсці, святочным мітынгу незалежна ад таго, дазволіць гэта сённяшняя ўлада ці не”, - падкрэсліў пісьменнік.

Разам з тым ён прыгадаў свае студэнцкія гады ў савецкія часы. “З таго моманту беларусы прайшлі велізарны шлях. У 70-ыя гады мы, студэнты-гісторыкі, нічога не ведалі пра гэтую падзею, а зараз гэтае свята прысутнічае ў свядомасці бальшыні беларусаў. І нават няхай для кагосьці гэта дадатковы працоўны дзень, калі трэба апранаць камуфляж, яны ўсё роўна на падсвядомасці разумеюць, што гэта галоўнае беларускае свята”.

Да 90-ых ўгодкаў БНР пісьменнік падрыхтаваў для беларусаў свой адказ на пытанне, што асабіста для яго азначае ў беларускай гісторыі факт абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Па словах Уладзімера Арлова, напярэдадні 25 Сакавіка ў Менску адбудзецца прэзентацыя фільма, знятага па ягоным сцэнары і прысвечанага Дню абвяшчэння БНР.

25 сакавіка 1918 у Менску лепшыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі абвясцілі пра стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэткім чынам было заяўлена пра з’яўленне на мапе сьвету самастойнай і незалежнай дзяржавы. За савецкім часам гэтая падзея была выкрасленая з гісторыі нашай краіны. Замоўчваецца яна і ў сучаснай Беларусі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках