5 лiстапада 2024, aўторак, 3:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія СМІ: «Лукашэнка загнаны ў кут і змушаны наступаць на горла ўласнай песні»

2

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад менскімі студэнтамі, упершыню прызнаўся, што гатовы ісці на саступкі Захаду. І пры гэтым не лаяў Расею, адзначае расейская «Независимая газета».

Беларускі кіраўнік у аўторак 1,5 гадзіны выступаў з лекцыяй «Беларусь у сучасным свеце» перад студэнтамі – будучымі журналістамі і філосафамі. Яшчэ паўтары гадзіны ён адказваў на іх пытанні. Размаўляючы з моладдзю, Аляксандр Лукашэнка закрануў усе найбольш актуальныя тэмы знешняй і ўнутранай палітыкі.

Гэта была першая сёлета гэткая вялізная прамова. Ад леташніх яна адрознівалася тым, што беларускі кіраўнік не лаяў Расею за падвышэнне цэн на энерганосьбіты і намеры паглынуць маленькую, ганарлівую Беларусь, а таксама заявіў пра тое, што ён выконвае высунутыя ЕЗ умовы дзеля супрацоўніцтва з Еўропай, хоць і лічыць іх надуманымі.

«…Мы і тут пайшлі насустрач. Я маю на ўвазе датэрміновае ўмоўнае вызваленне некаторых людзей, якія цікавяць іх і якія дзейнічалі па іх указцы, таму яны так за іх і выступаюць», – растлумачыў Лукашэнка прычыны фактаў датэрміновага выхаду на волю беларускіх палітвязняў. Праўда, каб ніхто не падумаў пра змяненне стаўлення ўлады да гэтых людзей, беларускі кіраўнік удакладніў: «Дадзеныя асобы адбывалі пакаранне за пэўныя крымінальныя злачынствы згодна з прысудам суду, і іх вызваленне ніякім чынам не звязанае з апраўданнем здзейсненых злачынстваў, а абумоўленае толькі гуманнымі меркаваннямі».

Па словах Лукашэнкі, Беларусь вельмі «зацікаўленая ў супрацоўніцтве з краінамі Захаду, асабліва ЕЗ». Менавіта таму «мы закрылі гэтую балючую старонку нашых стасункаў… і прапануем рух наперад», сказаў ён. Нягледзячы на тое, што галоўны палітвязень – экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін не вызвалены, Лукашэнка лічыць умовы Еўразвяза выкананымі і чакае сігналаў у адказ з Еўропы. «Цяпер чарга ЕЗ прадэманстраваць свае добрыя намеры ў дачыненні беларускага народа. Хутка мы ўбачым, якім будзе гэты рух», – сказаў ён.

Між іншым, вышэйшы заходні службовец зазначыў «НГ», што шанцы ў беларускага лідэра ў гэтай новай гульне з ЕЗ і ЗША невялікія. На думку суразмоўцы «НГ», Вашынгтон у хуткім часе не зменіць сваю пазіцыю па дачыненні да дзейнай беларускай улады, а ў Еўразвязе «ўсё будзе залежаць ад Нямеччыны». Чакаць ад Берліна хуткіх перамен у дачыненні да Менска таксама не варта.

Аляксандр Лукашэнка чарговым разам пацвердзіў «шматвектарнасць» сваёй палітыкі, распавёў пра гатоўнасць да супрацоўніцтва ў сферы нафтаздабычы з Венесуэлай. Расейская тэма, якая летась была галоўнай у выступах беларускага лідэра, прагучала мімаходзь. Адказваючы на пытанне аб перспектывах падпісання канстытуцыйнага акту “саюзнай дзяржавы”, Лукашэнка паведаміў, што ў Беларусі і Расеі розныя ўяўленні наконт зместу гэтага дакумента. «Мы прапанавалі Канстытуцыйны акт, які не слабейшы за цяпер дзеючую дамову, і галоўнае – там выкананы прынцып раўнапраўя… і не важна, што вы вялікія, а мы паменш… але расейцы не гатовыя да гэтага», – растлумачыў ён.

Тым не менш гаворкі не ідзе пра здзяйсненне якіх-небудзь дзеянняў у піку ўсходняй суседцы. Лукашэнка паведаміў, што рэспубліка не мае намеру ўступаць у НАТА і не дапусціць з'яўлення на сваёй тэрыторыі ракет, нацэленых на брацкую Расею. Беларусь застаецца «саюзнікам Расеі, з якім яна звязаная ваенна-тэхнічным супрацоўніцтвам, духоўнай сувяззю, эканамічнымі інтарэсамі», растлумачыў Лукашэнка.

Стрыманы тон выступу, рэверансы ў бок ЕЗ, якія вельмі падобныя на папрокі і абвінавачванні, на думку мясцовых назіральнікаў, могуць быць прыкметамі таго, што Лукашэнка загнаны ў кут і змушаны наступаць на горла ўласнай песні. Калі б усё было бясхмарна ў расейска-беларускіх стасунках, то ледзь ці трэба было б ісці на гэткія прыкрыя для ўлады крокі, як вызваленне ненавісных апазіцыянераў.

Мясцовая грамадскасць чакала ад публічнага выступу Лукашэнкі большага, бо звычайна менавіта ў такія хвіліны ён выдае ўсё, што раней утойвалася. Аднак інтрыга з нагоды зместу расейска-беларускіх дамоўленасцяў апошняга часу захоўваецца.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках