24 лiстапада 2024, Нядзеля, 14:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі гатовыя паставіць на Кастрычніцкай плошчы намёты

42

18 лютага а 12 гадзіне прадпрымальнікі зноў выйдуць на Кастрычніцкую плошчу ў Менску. «Мы маем намер дамагацца адмены дыскрымінацыйнага ўказу №760 да перамогі», – заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 сябар каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў.

«Індывідуальныя прадпрымальнікі – гэта адзіная група людзей, якая аплочвае падаткі на месяц наперад. Больш за тое, у нас разлік робіцца ў еўра, таму за кошт росту курсу цягам года падатковы цяжар узрос прыблізна на 20%. І у гэты самы час кіраўнік дзяржавы прынародна абражае тысячы грамадзян сваёй краіны, якія рэгулярна плоцяць падаткі і ствараюць працоўныя месцы. Хто ў свеце мог сказаць такое пра свой народ і заставацца ва ўладзе?» – задае рытарычнае пытанне адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху краіны.

Паводле яго слоў, адмовіўшыся ад абмеркавання гэтага пытання з усімі зацікаўленымі бакамі, улады не пакінулі прадпрымальнікам ніякага іншага выбару, як адстойваць свае правы з дапамогай вулічных акцый. «Таму 18 лютага мы маем намер не проста выйсці на Кастрычніцкую плошчу, але і паставіць там намётавае мястэчка. Вядома, мы не разлічваем, што ў запужаным уладамі грамадстве на гэта вырашыцца шмат людзей, але галоўнае – гэта кансалідацыя грамадства і салідарнасць, на якую мы спадзяемся. Каб перамагчы, мы павінны быць разам», – упэўнены Макаеў.

Пры гэтым лідэр прадпрымальніцкага руху дадаў, што ціск з боку ўлад на прадпрымальнікаў не слабее. У якасці апошняга прыкладу ён прывёў гісторыю з прадпрымальнікам з Баранавічаў, сябрам каардынацыйнай рады Баранавічcкага кааператыўнага рынку Міколам Чарнавусам.

Пасля мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся 11 лютага у Малым парку Баранавічаў, у якім узялі ўдзел блізу 300 чалавек, Мікола Чарнавус быў выкліканы ў мясцовы ГУУС. Там на яго быў складзены пратакол за «арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства». Слуханне па справе было прызначанае на 22 лютага, але літаральна сёння М.Чарнавус атрымаў позву, у якой паведамляецца пра перанос судовага пасяджэння на 9 гадзін раніцы 18 лютага, у дзень акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

Як мы ўжо паведамлялі, на мітынгу 11 лютага ў Баранавічах прадпрымальнікі патрабавалі адмены ўказу № 760, у прыватнасці, яго падпункта 1.1, паводле якога з 1 студзеня 2008 года ІП могуць наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў, а таксама памяншэння ўдвая падаткаў і арэнднай платы. "У выпадку, калі ніякія меры з боку ўлад не будуць распачатыя, мы пакідаем за сабою права выйсці на акцыю пратэсту 18 лютага. Калі і тады нас не пачуюць, мы выйдзем на Кастрычніцкую плошчу ў Менску 25 сакавіка з спальнымі мяшкамі і намётамі. Суткавыя і харчаванне будзе забяспечана", – заявіў тады Мікола Чарнавус.

Раней лідэр кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў заявіў, што адсутнасць перамен у пазіцыі ўлад у развязанні праблем індывідуальных прадпрымальнікаў, узніклых у сувязі з набыццём моцы з 1 студзеня 2008 года ўказу №760 «прадпрымальнікі разумеюць як сігнал да выхаду 18 лютага на Кастрычніцкую плошчу». Паводле яго слоў, калі і далей не будзе прынятае ніякае рашэнне наконт указу №760, прадпрымальнікі маюць намер падтрымаць палітычныя і грамадскія аб'яднанні ў Дзень Волі 25 Сакавіка.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках