24 лiстапада 2024, Нядзеля, 9:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Разгон акцыі прадпрымальнікаў у Менску (ON-LINE РЭПАРТАЖ, ВІДЭА)

38
Разгон акцыі прадпрымальнікаў у Менску (ON-LINE РЭПАРТАЖ, ВІДЭА)

На Кастрычніцкай плошчы ў Менску была жорстка разагнаная акцыя пратэсту прадпрымальнікаў. Нягледзячы на неаднаразовыя выцясненні АМАПам людзей з плошчы там сабраліся блізу 1000 чалавек, якія цяпер разбітыя на групы, аднак не маюць намеру сыходзіць.Удзельнікі акцыі выйшлі з пратэстам супраць дыскрымінацыйных указаў Аляксандра Лукашэнкі.

13.45

Прадпрымальнікаў у будынак ОНТ на вул. Камуністычнай у Менску не пусцілі. Лідэр кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў заклікаў прысутных у пазбяганне правакацый разысціся. Па словах Гарбачова, яшчэ адна група прадпрымальнікаў адправілася на вуліцу Макаёнка, дзе размешчанае БТ, каб перадаць петыцыю з патрабаваннем тэлеэфіру кіраўніцтву БТ.

13.25

Частка прадпрымальнікаў, якім не далі правесці мітынг на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, дайшлі да будынка тэлеканала ОНТ. Яны патрабуюць прамога эфіру, каб выказаць сваю пазіцыю. Спецназ перакрыў доступ да тэлебачання. Адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Віктар Гарбачоў накіраваўся ў будынак, каб паспрабаваць дамовіцца наконт сустрэчы з прадстаўнікамі тэлеканала.

13.20

Затрыманыя грамадскі актывіст Вячаслаў Сіўчык і адзін з лідэраў прадпрымальнікаў Алесь Макаеў. Цяпер іх даставілі ў Ленінскі РУУС Менска.

13.10

Большасць людзей, якія ідуць у напрамку плошчы, затрымліваюць і абшукваюць амапаўцы.

13.00

Супрацоўнікі АМАПа ачапілі ўсе выхады з метро «Кастрычніцкая» і не выпускаюць з метро мужчын ва ўзросце прыкладна ад 30 да 50 гадоў, мабыць, лічачы іх патэнцыйнымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

12.55

Падраздзяленні АМАПа перакрылі вуліцы Леніна і Энгельса, і такім чынам замінаюць перамяшчэнню людзей у раёне Кастрычніцкай плошчы, не падпускаючы туды нікога.

12.47

Як толькі што стала вядома, у памяшканні следчага камітэта МУС лідэра руху «За Свабоду!» Аляксандра Мілінкевіча дапытваюць па крымінальнай справе, заведзенай пасля акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.

12.45

З Кастрычніцкай плошчы ў бок вуліцы Інтэрнацыянальнай жорстка была выціснутая група людзей, у тым ліку і журналісты. Сярод тых, каго выцеснілі, была і дачка Аляксандра Казуліна Вольга, якая выйшла на плошчу з плакатам «Свабоду Казуліну!» і расцяжкай «Свабоду ІП!».

12.40

Адзін з лідэраў прадпрымальнікаў Віктар Гарбачоў прапанаваў усім пайсці да тэлецэнтра. Амапаўцы гэтым часам адціскаюць людзей ужо і ад універсама «Цэнтральны», не даюць прайсці ў метро. Дзейнічаюць даволі груба.

12.37

Паводле апошняй інфармацыі лідэр АГП Анатоль Лябедзька на свабодзе.

12.35

На Кастрычніцкай плошчы стаяць браняваныя МАЗы, шэрагамі ходзіць АМАП, людзей туды не падпускаюць. Тым часам стала вядома месцазнаходжанне Аляксандра Мілінкевіча. Яго і затрыманых з ім сяброў руху «За свабоду!» Алеся Лагвінца і Алеся Крывальца даставілі ў следчы камітэт МУС (вул. Сапёраў,7).

12.25

Групу людзей у некалькі дзесяткаў чалавек на чале з лідэрамі прадпрымальнікаў Віктарам Гарбачовым, Алесем Таўстыкам і Віктарам Калеем супрацоўнікі АМАПа выцеснілі ад Палаца рэспублікі да Купалаўскага сквера ў бок Опернага тэатра. Тым часам людзі працягваюць прыбываць да Кастрычніцкай плошчы, аднак амапаўцы іх адціскаюць групамі ў бок Нямігі.

12.15

Ля Палаца рэспублікі людзі ў цывільным затрымалі лідэра руху «За Свабоду!» Аляксандра Мілінкевіча, лідэра АГП Анатоля Лябедзьку і аднаго з лідэраў прадпрымальнікаў Віктара Калея.

12.10

На Кастрычніцкай плошчы ўжо сабралася некалькі дзесяткаў чалавек, сярод якіх лідэры прадпрымальніцкага руху Віктар Калей і Алесь Тоўстыка, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Іх выцясняе міліцыя. Прысутныя адыходзяць да пераходу ля ўніверсама «Цэнтральны». Саму плошчу ачапілі супрацоўнікі АМАПа. Да Палаца рэспублікі падагналі два аўтазакі. Тым часам, у раёне плошчы Свабоды стаяць каля 10 аўтобусаў з міліцыянтамі.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках