Рональд Пофала: «Уся Эўропа трымае пад увагай дыктатарскія падкопы беларускіх уладаў»
- 19.02.2008, 13:36
Генэральны сакратар Хрысьціянска-Дэмакратычнага Саюзу Нямеччыны Рональд Пофала заклікаў беларускія ўлады спыніць перасьлед дэмакратычнай апазыцыі і гарантаваць грамадзянам права на свабоду слова, мітынгаў ды сходаў.
Заява зробленая адразу пасьля ўчорашняга затрыманьня лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, паведамляе “Радыё Свабода”.
“Цяперашнія беларускія ўлады ўлучна з кіраўніком краіны павінны ведаць, што ўся Эўропа трымае пад увагай іхныя дыктатарскія падкопы і не забываецца пра іх. Свабода сама пракладзе сабе дарогу. І тыя, хто становіцца перашкодай на гэтым шляху, павінны падумаць пра адказнасьць”, — гаворыцца ў распаўсюджанай прэс-цэнтрам ХДС заяве.
“Нашы сябры ад дэмакратычнай апазыцыі Беларусі павінны ведаць: і ХДС, і асабіста я знаходзімся на іх баку. У часе шматлікіх наведваньняў Беларусі я адчуў цяжкую атмасфэру дыктатуры”, -- падкрэсьлівае Рональд Пофала.
Па словах палітыка, нямецкіх дэмакратаў ня можа задаволіць тое, што на адлегласьці некалькіх гадзін авіяпералёту на ўсход ад Бэрліну можна адчуць сапраўдную зьнявагу грамадзянскіх правоў.