24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка ашалеў ад санкцый (Фота, відэа)

132
Лукашэнка ашалеў ад санкцый (Фота, відэа)

Масавымі арыштамі і жорсткімі збіваннямі людзей скончылася святкаванне 90-годдзя БНР у Менску. Супраць удзельнікаў мірнай дэманстрацыі былі кінутыя сотні супрацоўнікаў міліцыі, АМАПу і ўнутраных войскаў.

Затрыманыя больш як 100 чалавек. Шматлікія жорстка збітыя. Як паведамлялі прэс-цэнтру Хартыі’97 затрыманыя актывісты, «хуткая дапамога» везла дэманстрантаў з паламанымі рэбрамі і чэрапна-мазгавымі траўмамі. Усяго ў акцыі, якая прайшла ў розных частках Менска, узялі ўдзел 5-7 тысяч чалавек.

Мірная дэманстрацыя ў гонар вялікага нацыянальнага свята беларусаў – Дня Волі – павінна была пачацца а 18 гадзіне на плошчы Якуба Коласа. Беларусы хацелі прайсці ад плошчы да помнікаў дзеячаў БНР, каб ускласці там кветкі. Але ўжо а 17 гадзіне плошча была ачэпленая. Падыходы да яе перакрывалі за 500 метраў. Цягнікі метро не спыняліся на станцыі «Плошча Якуба Коласа», а кіроўцы аўтобусаў папярэджвалі пасажыраў, што «ў сувязі з мітынгам транспарт не спыняецца».

Людзі паспрабавалі прайсці да плошчы па праспекце Незалежнасці, але дарогу ім перагароджвалі супрацоўнікі міліцыі з мегафонамі, якія заяўлялі, што праход забаронены. Калі колькасць людзей, перад міліцэйскім ланцугом, стала павялічвацца, «на падмогу» міліцыянтам падбеглі некалькі дзесяткаў амапаўцаў.

Колькасць дэманстрантаў на праспекце павялічылася да дзвюх тысяч. Людзі вырашылі рухацца ў бок Кастрычніцкай плошчы. Аднак тады супраць людзей выставілі яшчэ адзін амапаўскі кардон, заціснуўшы людзей у кола. Дэманстранты спрабавалі прадзерціся праз шэрагі АМАПу, узброенага дубінкамі. У адказ дзеянні міліцыянтаў набылі вельмі жорсткі характар: яны сталі брутальна збіваць людзей, выхопліваць з іх рук нацыянальныя бел-чырвона-белыя і еўрапейскія сцягі, ламаць тронкі, а самі сцягі ўтоптваць чаравікамі ў бруд. Пры гэтым амапаўцы не саромеліся і гучна лаяліся.

Колькасць амапаўцаў імкліва расла. Ад іх на праспекце было проста чорна ў вачах. Падагналі грузавікі, крытыя брызентам – у іх сядзелі экіпіяваныя па «поўнай праграме» міліцыянты – у шлемах, сталёвых накаленніках, з вялізнымі шчытамі. Гэтыя з грузавікоў так і не выйшлі – ды і не трэба было, колькасць іх калегаў на праспекце відавочна пераваліла за дзве сотні.

Людзей білі жорстка: сведчанні таму – вялізныя гематомы на твары моладзевага лідэра Змітра Дашкевіча, зламаныя рэбры дэмакратычнага актывіста Андрэя Бабіцкага, збіты сябар «Маладога Фронту» Яраслаў Грышчэня, дастаўлены з аддзялення міліцыі ў адзін з шпіталяў Менска. Пацярпелых ад рук АМАПу – нашмат больш, проста мы пакуль не ведаем імёны ўсіх.

У розных аддзяленнях міліцыі сёння знаходзяцца каля 30 актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», дзесяткі актывістаў АГП, Партыі БНФ, «Маладога Фронту» і іншых партый і арганізацый. Затрыманыя больш як 100 чалавек.

Здзіўляла азвярэласць міліцыянтаў пры збіванні суграмадзян. Сярод тых, каго яны хапалі, штурхалі, білі – жанчыны, дзеці, пажылыя людзі. Але гэта не спыняла чорную сцяну «праваахоўнікаў», якая неслася на людзей.

Фотакарэспандэнта «Нашай Нівы» Андрэя Лянкевіча цягнулі ў аўтазак з скрываўленай галавой. На заклікі журналістаў вызваліць калегу амапаўцы не рэагавалі… Дарэчы, падчас разгону вельмі шмат каму з журналістаў міліцыянты зламалі апаратуру.

Затрыманых на праспекце людзей везлі на чатырох аўтобусах. Тыя, каму атрымалася ацалець, зрушыліся на пляцоўку да Акадэміі навук – там сабралася блізу 4 тысяч чалавек, якія не змаглі прайсці на Якуба Коласа. Яшчэ некалькі сотняў чалавек пайшлі на Кастрычніцкую плошчу. Аднак на мосце праз Свіслач, людзей сталі хапаць амапаўцы і запіхваць у аўтазакі.

Ля Акадэміі навук тым часам прайшоў мітынг з удзелам лідэраў апазіцыі. А 19 гадзіне да акадэміі таксама прыехалі аўтазакі. Праз гучнагаварыцелі людзям пагражалі ўжываннем фізічнай сілы і спецсродкаў у выпадку, калі яны не разыдуцца. Калі калона дэманстрантаў, пасля заканчэння мітынгу, паспрабавала зрушыцца ў цэнтр горада – ім перагарадзілі дарогу амапаўцы ў шлемах і браняваныя грузавікі…

На гэтым акцыя скончылася, але словы «Жыве Беларусь!» яшчэ доўга гучалі па ўсім Менску…

Юлія Дарашкевіч, "Наша Ніва"

Фото Reuters, France Press

Напісаць каментар 132

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках