3 траўня 2024, Пятніца, 19:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У пашпарты беларусаў ставяць штамп з дзвюма памылкамі (Фота)

108

Тым, каго не выпускаюць з Беларусі за мяжу, ставяць у пашпарт спецыяльны штамп: невялікі сіні квадрацік, усярэдзіне – дата і фраза «У выезде адказана».

На першы погляд, напісана на беларускай – адной з дзяржаўных моў. Але, паглядзеўшы больш уважліва, прымячаеш памылкі. Адну, другую… І гэта ўсяго ў трох словах!

Філолаг Алена АНІСІМ, старшыня Менскай гарадской арганізацыі «Таварыства беларускай мовы», у інтэрв'ю «КП в Беларуси» прымячае:

– Па-першае, «у выезде» па-беларуску павінна пісацца праз «ДЗ», то бок, «у выездзе». А тут проста літара «Д». Па-другое, у дадзеным выпадку трэба пісаць «адмоўлена», а не «адказана». Слова «адказ» у беларускай мове ёсць, але яно ўжываецца ў значэнні «ответ»! «Адказ» можа быць станоўчым, можа быць адмоўным. Але калі ў чымсьці адмаўляюць, то гэта «адмова»! Калі фразу «У выезде адказана» перавесці на расейскую мову, то атрымаецца «в выезде отвечено».

Штамп зацверджаны пастановай Дзяржаўнага памежнага камітэта РБ ад 22 снежня 2007 года. Дакумент праходзіў прававую экспертызу ў Міністэрстве юстыцыі. Няўжо два такія паважаныя ведамствы не ведаюць беларускай мовы?

– Памылка будзе выпраўленая ў самы блізкі час! – заявілі «Комсомолке» на дзяжурным тэлефоне памежнага камітэту. – Чаму яна была дапушчаная, адказаць так адразу і не можам...

Напісаць каментар 108

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках