24 лiстапада 2024, Нядзеля, 4:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«The Wall Street Journal»: Палітычныя рэформы ў Беларусі непазбежныя

21

Шанцы на тое, што Лукашэнка пагодзіцца на рэформы, не так ужо і малаверагодныя, як можа здацца, піша Люк Олнат у газеце "The Wall Street Journal".

Нешта дзіўнае адбываецца ў Беларусі. Нядаўна была выпушчаная на свабоду большая частка палітычных зняволеных, а самаўладны кіраўнік гэтай краіны Аляксандр Лукашэнка назваў дадзены крок "жэстам добрай волі". Ён таксама даў згоду Еўракамісіі на стварэнне ў Менску яе прадстаўніцтва. Захад, і асабліва Еўрапейскі Звяз, атрымлівае, такім чынам, беспрэцэдэнтную магчымасць для наладжвання ўзаемадзеяння з Беларуссю.

Але пры гэтым не варта памыляцца: насамрэч ніякай "добрай волі" тут няма. Лукашэнка добра разумее, што Захад не стане наладжваць стасункі з яго краінай, калі ён не выпусціць на свабоду дысідэнтаў – палітыкаў, журналістаў і моладзевых актывістаў, якія асмеліліся не пагадзіцца з яго эксцэнтрычным эканамічным курсам і жорсткай паліцэйскай тактыкай дзеянняў. А сёння Лукашэнка мае адчайную патрэбу ў новых сябрах.

Папулярнасць прэзідэнта залежыць ад эканамічнай стабільнасці. Пры дапамозе вялікіх скідак на расейскі газ у Беларусі атрымлівалася цягам 90-х гадоў пазбягаць удараў шокавай тэрапіі ў эканоміцы. Зірніце на ўсход, на Расею, казаў прэзідэнт, і ўпэўніцеся, як вашы былыя таварышы пакутуюць ад эканамічных рэформ. Задавольвайцеся сваімі калгасамі, якія развальваюцца, і танным хлебам.

Але пасля таго як Расея ў 2007 годзе ўдвая павялічыла Беларусі цэны на газ, з 46 да 100 даляраў за тысячу кубаметраў, становішча Лукашэнкі стала больш хісткім. Расея па-ранейшаму іграе ролю дабрадзея для Беларусі – у снежні Масква зацвердзіла для гэтай краіны крэдыт на паўтара мільярда даляраў – але цяпер яна паступае больш абачліва і меней шчодра. Лукашэнка нядаўна паскардзіўся на тое, што расейская газавая манаполія "Газпром" прыстрашыла зноў падвоіць Беларусі цаны на набываны ёю газ.

Таму раптоўная ўнутраная перамена ў Лукашэнкі – гэта, вядома ж, тактычны ход. Аднак такая перамена можа набыць пастаянны характар, калі Захад будзе падштурхоўваць Лукашэнку, памятаючы пры гэтым пра яго бязладныя і эксцэнтрычныя спробы згуляць на рознагалоссі Расеі і заходніх краін.

Заходнія інстытуты павінны настойваць на выкананні сваіх патрабаванняў. Для пачатку трэба дамагчыся вызвалення Аляксандра Казуліна, якога, пасля яго спробы ў 2006 годзе балатавацца ў прэзідэнты, прысудзілі да пяці з паловай гадоў турэмнага зняволення за арганізацыю антыўрадавых дэманстрацый. (Пасля галадоўкі пратэсту і настойлівага ціску Захаду Казуліна адпусцілі на тры дні на пахаванне жонкі, якія адбыліся 27 лютага). Лукашэнка павінен таксама паабяцаць пакласці канец пераследу іншадумцаў, вызваліць усіх палітвязняў, спыніць ціск на сродкі масавай інфармацыі і няўрадавыя арганізацыі і правесці свабодныя і сумленныя выбары.

У 2006 годзе Еўразвяз ужо прапаноўваў аслабіць свае абмежавальныя санкцыі, калі Лукашэнка выканае дадзеныя патрабаванні. Брусэль абяцаў спрасціць працэдуру паездак грамадзян Беларусі ў краіны ЕЗ, павялічыць аб'ёмы гандлёвага супрацоўніцтва і даць беларускім студэнтам стыпендыі для навучання ў еўрапейскіх універсітэтах. У якасці новага стымулу для рэалізацыі рэформ Захад можа перагледзець палітыку санкцый і забароны на ўезд у свае краіны высокапастаўленых беларускіх службоўцаў. Урэшце рэшт, як і іншыя краіны посткамуністычнай Еўропы, Беларусь – гэта краіна палітычных хамелеонаў, якія маюць кароткую памяць. І шанцы на тое, што Лукашэнка пагодзіцца на рэформы, не так ужо і малаверагодныя, як можа здацца.

Беларусь заўсёды была чымсьці дзіўным для заходніх палітычных дзеячаў. Там няма этнічных канфліктаў, якімі можна было б закрануць патрэбныя стрункі ў душах людзей. Замест нафты і газу там зношаныя заводы па вытворчасці халадзільнікаў і трактароў. Аднак краіна гэтая ўсё роўна важная. Дваццаць працэнтаў газавага імпарту ЕЗ праходзіць з Расеі праз Беларусь. А паколькі Крэмль сёння з радасцю гуляе ў энергетычную палітыку, перакрываючы час ад часу вентыль сваім суседзям або зніжаючы аб'ёмы падачы паліва (у апошнія тыдні "Газпром" ужо двойчы паступаў так у дачыненні Украіны), то Еўразвязу патрэбныя стабільныя і дружалюбныя транзітныя краіны на яго межах.

Але ёсць таксама моцная маральная неабходнасць ва ўзаемадзеянні з Лукашэнкам і ў адмове ад яго ізаляцыі. Расея ўсё актыўней задае тон на постсавецкай прасторы, і яе сігналы не вельмі прыемныя для народаў гэтага рэгіёна. Калі раней пуцяводнай зоркай тут быў Захад, які трубіў пра каштоўнасці грамадзянскай супольнасці, дэмакратыі і правапарадку, то сёння ў якасці прыкладу для сваіх суседзяў усё часцей выступае Расея з яе крымінальным капіталізмам, злоўжываннем дзяржаўнымі сродкамі і грубымі парушэннямі правоў чалавека. Масква не зацікаўленая ў стварэнні больш адкрытага грамадства ў Беларусі. І Крамлю напляваць на ўмовы жыцця беларускага народа; ён абмяжоўваецца толькі пустой рыторыкай пра ідэі пан-славянізма і час ад часу прамаўляе лозунгі пра стварэнне саюза паміж Расеяй і Беларуссю.

Калі рэжым Лукашэнкі сур'ёзна настроены на збліжэнне з Захадам і прыцягненне замежных інвестыцый, то палітычных рэформ у Беларусі не пазбегнуць. Пакуль не замацаваныя правы ўласнасці, пакуль адсутнічае судовая сістэма, якая добра функцыянуе, і не знішчаная карупцыя, замежныя грошы наўрад ці пацякуць у гэтую краіну. І здаецца, што Лукашэнка гэта разумее. У аўторак ён зрабіў яшчэ адзін крок у верным кірунку, адмяніўшы правіла "залатой акцыі", у рамках якога дзяржава магла кантраляваць прыватныя кампаніі. І кантакты з Захадам дапамогуць зрабіць так, каб за гэтым крокам былі зробленыя іншыя.

Люк Олнат – галоўны рэдактар англамоўнага сайта "Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода".

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках