Сяргей Законнікаў: «Якія барыкады? Грамадству патрэбная кансалідацыя, а не вайна»
1- 1.04.2008, 15:40
«Людзі, падобныя Чаргінцу, не маюць права прысвойваць сабе паўнамоцтвы дзяліць літаратуру на годную ці не. Такі ідэалагізаваны савет будзе друкаваць тое, што выгодна ўладам. Але гэта ўжо не літаратура», – заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 вядомы беларускі паэт Сяргей Законнікаў.
Нагадаем, што старшыня праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў у Менску заявіў пра магчымае стварэнне нейкага грамадскага савета, які, на яго думку, павінен вызначыць пералік сацыяльна-значнай літаратуры. Пры гэтым ён адзначыў, што "група людзей, якія негатыўна адносяцца да дзяржавы і ўлады, прапанавала ўнесці ў спіс сацыяльна-значнай літаратуры сямітомнік Законнікава, у якога і двух тамоў не набярэцца. Толькі калі ўзяць яго больш за 120 публікацый у апазіцыйнай прэсе, накіраваных на падрыў улады, дзяржавы, супраць сацыяльных асноў дзяржавы ".
Сяргей Законнікаў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 пракаментаваў выбрыкі Чаргінца ў свой адрас.
– Я нават не ведаю, адкуль тут «ногі растуць». Я заўсёды крытычна ставіўся да сваёй творчасці і калі б хтосьці сабраўся выдаваць мой збор твораў, то я сам бы прапанаваў двухтомнік. У першы том увайшла б паэзія, у другі – эпічныя паэмы і іх пераклады на еўрапейскія мовы. А адкуль узяўся сямітомнік, і хто прапанаваў яго выдаць, прычым у якасці сацыяльна-значнай літаратуры, я не ў курсе. Прынамсі, да мяне з такой прапановай ніхто не звяртаўся.
– А ўвогуле, як часта Вашы кнігі выдаюцца ў дзяржаўных выдавецтвах?
– З 2000 года ў дзяржаўных выдавецтвах не выйшла ніводнай маёй кнігі. Скажу больш, для выдання сваіх кніг у Беларусі я ніколі не карыстаўся сродкамі ні айчынных, ні замежных спонсараў. Свае кнігі я выдаваў толькі на асабістыя зберажэнні, на грошы, якія сам зарабіў. Такім чынам, напрыклад, выйшаў апошні зборнік паэзіі «Першы пацалунак». Адзінае выключэнне складае кніга эпічнай паэзіі «Гэта – мы», прысвечаная 10-годдзю Чарнобыльскай трагедыі, з філасофскай прадмовай Васіля Быкава «Народ на Галгофе». Але, на жаль, тады яна не была выдадзеная.
– Чаму гэтую кнігу Вы называеце выключэннем?
– Калі казаць вобразна, то яе выдалі простыя людзі. Грошы на кнігу збіралі інжынеры, настаўнікі, працоўныя і нават пенсіянеры Вілейшчыны. Таму яна выйшла не да 10-годдзя, а да 20-годдзя Чарнобыльскай трагедыі. І гэта адзіная кніга, выдадзеная не за мае грошы. Яшчэ дзве кнігі былі надрукаваныя за мяжой. У 2002 годзе ў Сафіі выйшаў зборнік паэзіі «Шлях душы» ў перакладзе на балгарскую мову і ў Варшаве ў 1996 годзе была выдадзеная, а ў 2006 годзе перавыдадзеная кніга «Чорны конь апакаліпсісу», за якую я атрымаў у Польшчы міжнародную літаратурную прэмію.
– У такім разе як бы Вы маглі растлумачыць такія выбрыкі Чаргінца ў свой адрас?
– Гэта даўні мой апанент, які заўсёды крытыкуе маю публіцыстыку. Аднойчы мне патэлефанаваў яго памочнік і сказаў літаральна наступнае: «Мы аб'яўляем Вам вайну!» Я папрасіў растлумачыць, чаму, якая вайна. І мне растлумачылі, што мы з спадаром Чаргінцом па розныя бакі барыкад. Як высветлілася, яны ўжо і барыкады пабудавалі. Але навошта, якія барыкады? Грамадству патрэбна кансалідацыя, а не вайна. Мая публіцыстыка як раз і з'яўляецца маім асабістым поглядам на тое, што адбываецца ў дзяржаве, мае разважанні пра агульначалавечыя каштоўнасці, пра тое, у якіх умовах і як мы жывем. Крытычнымі заўвагамі, якім чынам можна было б палепшыць наша жыццё ў сацыяльнай і культурнай сферах, маглі б скарыстацца і прадстаўнікі ўлады. Таму горка чуць пра нейкую вайну, «падрыў асноў дзяржавы».
– Сярод іншага, Чаргінец згадаў пра магчымае стварэнне нейкага грамадскага савета, які, на яго думку, павінен вызначыць пералік сацыяльна-значнай літаратуры? Што Вы думаеце з гэтай нагоды?
– У савецкія часы выдавецтвам выпускалі спісы такой «сацыяльна-значнай» літаратуры, якая потым пылілася ў кнігарнях, бо была нізкай якасці і на яе не было ніякага попыту. Мяне радуе, што мае кнігі ніколі не абрасталі пылам. Гэта самае вялізнае шчасце для пісьменніка – калі кнігі карыстаюцца попытам. Таму лічу, што самым галоўным Саветам павінны быць людзі, чытачы, як гэта прынятае ў свеце. А калі створаць нейкі савет з ідэалагічных меркаванняў і туды ўвойдуць людзі, падобныя на Чагінца, то лічу, што яны проста не маюць права прысвойваць сабе паўнамоцтвы дзяліць літаратуру на годную быць надрукаванай ці не. Такі ідэалагічны савет будзе друкаваць тое, што выгодна ўладам, апраўдвае іх дзеянні. Але ж гэта не літаратура. Такая «правінцыйная» ідэалогія не ўпісваецца ні ў якія сусветныя канцэпцыі, свет сёння цалкам іншы.
– Сёння Чаргінец таксама «абурыўся», што ў спіс сацыяльна-значнай літаратуры патрапілі, паводле яго слоў, «фашысцкія прыхвастні» Геніюш і Арсеньева…
– Ларыса Геніюш і Наталля Арсеньева – выдатныя беларускія паэткі ХХ стагоддзя. У іх быў няпросты лёс. Але хіба можна вінаваціць чалавека ў тым, чаго ён не здзяйсняў. Неабходна ацэньваць пэўныя гістарычныя падзеі праз прызму фактаў, а не пасродкам грубай прымітыўнай хлусні. Нельга асуджаць людзей толькі за тое, што яны апынуліся на акупаванай тэрыторыі і для таго, каб не памерці з голаду, змушаныя былі дзесьці працаваць. А іх за гэта абвінавачваюць у фашызме. І Геніюш, і Арсеньева высокамаральныя асобы, а як паэткі заслугоўваюць таго, каб не проста друкавацца, але і быць у школьных падручніках і хрэстаматыях.