Рэжым Лукашэнкі правакуе Амерыку на ўвядзенне міжнародных санкцый
16- 11.04.2008, 8:31
«Хутчэй за ўсё, закрытае абмеркаванне ў беларускім “парламенце” стварэння сістэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) ў Венесуэле знаходзіцца ў рэчышчы вайны з Амерыкай. Нехта настойліва здзяйсняе антыамерыканскую лінію, спрабуе ўвесці ў гэтую лінію вайсковы складнік. Відаць, усё гэта робіцца для таго, каб ЗША насамрэч сталі ўспрымаць рэжым Лукашэнкі ўсур’ёз, і запатрабавалі ўвядзення міжнародных санкцый» , - лічыць міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў.
Нагадаем, што 9 красавіка стала вядома пра ратыфікацыю пад час закрытага паседжання “палаты прадстаўнікоў” “нацыянальнага сходу” пагаднення паміж Беларуссю і Венесуэлай пра дапамогу ў стварэнні СПА.
“Закрытае паседжанне “парламента” моцна ўдае спектакль, таму што, па-першае, калі рашэнне і прымаецца, то аніяк не ў “палатцы”. Па-другое, як нядаўна паведамілі афіцыйныя крыніцы, Беларусь гандлюе зброяй з 50-ю краінамі свету. І не толькі зброяй, але і вайсковымі тэхналогіямі, а тут раптам па Венесуэле ладзяць закрытае паседжанне”, - адзначае Андрэй Саннікаў.
На думку сябра аркамітэта грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэя Саннікава, візіт намесніка міністра замежных справаў Віктара Гайсёнка ў Сірыю таксама знаходзіцца ў “рэчышчы вайны з Амерыкай”.
"У прынцыпе, візіт намесніка міністра замежных справаў у Сірыю таксама прайшоў адпаведна з гэтай логікай. Як вядома, Сірыя ўспрымаецца дэмакратычнымі дзяржавамі як чыннік нестабільнасці на Бліжнім Усходзе, таму адносіны з гэтымі дзяржавамі будуюцца з улікам такой рэпутацыі. Беларусь жа не ўпершыню дэманструе незразумелую блізкасць да сірыйскай палітыкі і гатовасць абмяркоўваць і вырашаць пытанні вайскова-тэхнічнай супрацы з гэтымі дзяржавамі. Усё гэта не ідзе на карысць Беларусі. Гэта надзвычай рызыкоўная палітыка, якая наўрад ці дапаможа захаваць эканоміку Беларусі ў стабільным стане.
Агулам, складваецца ўражанне, што афіцыйны Мінск хацеў бы нешта камусьці давесці і выкарыстаць краіны-ізгоі для ўмацавання свайго сумнеўнага аўтарытэту, аднак атрымліваецца наадварот. Хутчэй Венесуэла і Сірыя выкарыстоўваюць беларускія ўлады ў сваіх інтарэсах, быццам падкрэсліваючы, што ў Еўропе таксама ёсць пункт нестабільнасці. І, нажаль, для нас гэтым пунктам з’яўляецца Беларусь", - адзначыў дыпламат.