25 снежня 2024, Серада, 20:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удзельнік «працэсу 14-ці» Міхась Крываў: «Нам патрэбна маральная падтрымка прадпрымальнікаў»

9

Судовы працэс над Міхасём Крывавым пачнецца 16 красавіка. Ён - адзін з фігурантаў крымінальнага "працэсу 14-ці" над удзельнікамі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

- Міхась, ты найстарэйшы сярод моладзевых актывістаў, якія паўстануць перад судом 16 красавіка. У цябе за плячыма факультэт журналістыкі БДУ і дзве магістратуры - МГИМО па міжнародных адносінах і Універсітэта г.Сан-Хасэ па сувязях з грамадскасцю. Ты прыйшоў у апазіцыю, таму што не знайшоў іншага спосабу самарэалізавацца ў Беларусі?

- Мусіць, самарэалізоўвацца можна ў любых умовах, у тым ліку і ў цяперашняй Беларусі. Пытанне ў кошце, які ты гатовы за гэта плаціць. У мяне ў свой час была магчымасць уладкавацца ў беларускі МЗС альбо ў міжнародны аддзел БТ (тады мая рэпутацыя яшчэ не была "заплямлена" сувяззю з апазіцыяй). Але я своечасова зразумеў, што зрабіў бы там кар'еру, рызыкуючы сваім псіхічным здароўем. Штодня вярзці лухту пра тое, як нам выгадна сябраваць з Іранам, Сірыяй і Венесуэлай, і даводзіць, што заходняя цывілізацыя з яе каштоўнасцямі - наш кляты вораг… Я б, мусіць, звар’яцеў ад гэтага. Альбо стаў бы цынікам з глыбокай пагардай да сябе і жыцця. Я ані на секунду не пашкадаваў, што ўвайшоў у Аб'яднаную грамадзянскую партыю. Тут я пазнаёміўся з такой колькасцю годных, разумных і вольналюбных людзей! Тут у мяне з'явіліся сябры і аднадумцы.

- За час існавання незалежнай Беларусі сотні і тысячы беларускіх студэнтаў з'ехалі ў Амерыку: зарабіць грошы, падвысіць кваліфікацыю, атрымаць дадатковыя веды. Вяртаюцца з іх адзінкі. Нават пашырыўся жарт: "З Амерыкі, як з таго свету, яшчэ ніхто не вярнуўся". Аднак ты палічыў за належнае вярнуцца і адмовіўся ад магчымасцяў працаваць за мяжой. Чаму?

- Я быў проста здзіўлены, як шмат беларусаў жыве цяпер у Штатах. У асноўным, гэта маладзёны. Што ні кажы, Амерыка - краіна вялікіх магчымасцяў, у тым ліку і для новапрыбылых імігрантаў. Вельмі шмат беларусаў лічаць за лепшае застацца ў Штатах нават нелегальна, абы толькі не вяртацца ў "моцную і квітнеючую". Што да мяне асабіста, у мяне было некалькі матываў вярнуцца. Па-першае, была каханая дзяўчына, якая, як я думаў, мяне дачакаецца. А па-другое, жывучы ў Амерыцы, у мяне з'явілася адна цікавая звычка. Я заходзіў у Інтэрнэт, на сайт https://youtube.com/, і практычна штовечар глядзеў той самы відэакліп пра Беларусь. Невялікі па часе, хвілін на пяць. Гэта былі кадры джынсавай рэвалюцыі сакавіка 2006 году. Я ўзіраўся ў твары людзей, якія стаялі жывым ланцугом супраць узброенага да зубоў АМАПу, мёрзлі на марозе ў занесеных снегам намётах, размахвалі бел-чырвона-белымі сцягамі на дахах аўтобусаў. І гэта ўсё на фоне прыгожай і маркотнай мелодыі гімну "Магутны Божа". У такія моманты я адчуваў у душы нешта адметнае. Назавіце гэта пачуццём патрыятызму, калі заўгодна.

- У Аб'яднаную грамадзянскую партыю ты ўвайшоў восем месяцаў таму. За гэты час ты паспеў паўдзельнічаць у шматлікіх акцыях, атрымаць 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У той самы час дагэтуль ты захоўваеш "свежы позірк" на дзеянні апазіцыі. Ці не лічыш ты, што апазіцыя мусіць шукаць іншыя спосабы супрацьдзеяння рэжыму?

- Вулічныя акцыі пратэсту, вядома, патрэбныя. Нават калі на іх прыходзіць не так шмат людзей, як нам хацелася б, імі мы паказваем рэжыму, што ў Беларусі ёсць вольныя людзі, што мы - не быдла, а самавітая еўрапейская нацыя. Разам з тым я лічу, што вельмі важна ўзмацняць інфармацыйна-адукацыйную дзейнасць сярод простых людзей. Даходліва тлумачыць ім, што рэжым зневажае і маніць ім на кожным кроку. Што для паляпшэння жыцця неабходна хоць нешта зрабіць. Што свабода і дабрабыт проста так не даюцца, іх трэба заслужыць.

- У цябе не склалася ўражання, што акцыям пратэсту прадпрымальнікаў не хапіла прадуманасці, нейкага стрыжня? Сёння прадпрымальнікі занятыя тым, што вучацца выжываць ва ўмовах дзеяння 760-га ўказу. Большасць з іх нават не ведае пра суд, які мае адбыцца над вамі, сярод іх не было зладжана кампаніі па вашай падтрымцы…

- Сапраўды, маральная падтрымка з боку прадпрымальнікаў нам цяпер не зашкодзіла б… Мусіць, прадпрымальнікі, як і ўвесь беларускі народ, надта запалоханыя, вось і лічаць за лепшае крытыкаваць рэжым седзячы на сваіх кухнях. А што да самой акцыі 10 студзеня, то давайце зірнем, колькі людзей выйшла на пляц? Ад 3 да 5 тысяч. А колькі было зарэгістраваных прадпрымальнікаў да таго моманту? Наколькі я ведаю, у адным толькі Менску - 40 тысяч, па ўсёй Беларусі - каля 250 тысяч. Плюс іх сямейнікі, найманыя працаўнікі… Дык вось я задаюся пытаннем: дзе жа яны ўсе былі?!

- Калі ты распавядаеш пра сваё жыццё ў ЗША, кажаш пра тое, што свабода – кутні камень у жыцці амерыканскага грамадства, і за гэта ты любіш Амерыку. Сённяшняя Беларусь, нажаль, - краіна несвабодная. За што ты любіш Беларусь?

- Я люблю Беларусь перадусім за тое, што гэта мая радзіма. А радзіму, як і бацькоў, не выбіраюць. Я люблю Беларусь вольналюбнай шляхты. Я люблю Беларусь Максіма Багдановіча, Кастуся Каліноўскага, Уладзіміра Караткевіча, Кастуся Астрожскага. Я люблю Беларусь Тадэвуша Касцюшкі, якога, дарэчы, амерыканцы шануюць, як свайго нацыянальнага героя. І гэты спіс вялікіх людзей можна працягваць доўга.

- Сёння ніхто не ў стане прадказаць вынік суду. Беларускія палітыкі і праваабаронцы, нажаль, выказваюць не надта суцяшальныя прагнозы. Ведаю, што некаторыя з маладзёнаў збіраюцца ісці на суд "з прамовамі"… Якія кнігі ты возьмеш з сабой у першую чаргу?

- "Каласы пад сярпом тваiм" Уладзіміра Караткевіча.

- Ведаем, што твае бацькі - пенсіянеры. Перад пачаткам суду ты знойдзеш словы, каб супакоіць іх?

- Мне самому вельмі да спадобы выслоўе - "Усё, што цябе не забівае, робіць цябе мацней". А ўвогуле, гэта яны мяне імкнуцца супакоіць. Яны кажуць: "Ты нічога не скраў і нікога не забіў. Табе няма чаго сароміцца. А калі рэжым дазваляе сабе вырабляць такія рэчы, як гэты "суд" - гэта ягоная ганьба".

http://www.ucpb.org

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках