24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністра гандлю і Першы музычны канал пакараюць за «лахатрон»

11

Адзін маладзён палічыў, што пры ўдзеле ў рэкламнай гульні "Звонок удачи" былі парушаны яго правы, і звярнуўся ў Генеральную пракуратуру. Шмат падобных скаргаў грамадзянаў з гэтай самай нагоды скіравана ў адрас Міністэрства гандлю. Што ж выявіла праверка?

Рэкламная гульня "Звонок удачи" ладзілася з 15 кастрычніка мінулага году па 25 студзеня гэтага на тэрыторыі Беларусі ІП "Вебком Телеком". Мэта - папулярызацыя паслугаў загрузкі музычных рынгтонаў з галасавых парталаў арганізатара сярод патэнцыйных карыстальнікаў. Да ўдзелу ў рэкламнай гульні запрашаліся абаненты розных аператараў сувязі.

Падчас трансляцыі "Звонка удачи" былі дапушчаны парушэнні Закону "Аб рэкламе". У прыватнасці, не выконваліся яго патрабаванні пра дастатковае інфармаванне аб умовах правядзення гульні. Пры праглядзе запісу адной з гульняў вызначана, што малюнак на экране не адпавядаў яе правілам, паколькі бягучы радок (верагодна, з пазнакай кошту званкоў і іншымі звесткамі) з'яўляўся эпізадычна, меў неразборлівы дробны шрыфт і дрэнна чытаўся. Вядучая таксама не даводзіла да ўдзельнікаў правілы і мэту рэкламнай гульні (стымуляванне замоваў мелодыі). Разам з тым яна актыўна заклікала тэлефанаваць па прапанаваным нумары з мэтай адгадаць, хто выяўлены на прапанаваным фотаздымку, і атрымаць, у выпадку трапнага адказу, прыз. Што, як вызначыла пракурорская праверка, уводзіла грамадзянаў у зман наконт мэты рэкламнай гульні і яе правілах. Больш за тое, удзельнікам "Звонка удачи" не паведамлялася пра неабходнасць падрыхтаваць іх мабільныя тэлефоны да прыняцця SMS-паведамленняў, якія змяшчаюць wap-спасылку для загрузкі мелодыі ў фармаце МРЗ.

У правяральнікаў з'явіліся прэтэнзіі і да тых, хто здзяйсняў кантроль за гульнёй. Адпаведна з Палажэннем аб Міністэрстве гандлю, зацверджаным пастановай Савету Міністраў ад 29 ліпеня 2006 году, Міністэрства гандлю ажыццяўляе дзяржаўную палітыку ў сферы рэкламы і здзяйсняе кантроль за правядзеннем рэкламных гульняў. Але падчас правядзенняў "Звонка удачи" і пры разглядзе шматлікіх скаргаў яно не здзейсніла дастатковых захадаў па спыненні парушэнняў дзейнага заканадаўства.

Па выніках праверкі Генеральнай пракуратурай унесена прадстаўленне міністру гандлю. Як паведамілі газеце "Рэспубліка" ва ўпраўленні інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Генеральнай пракуратуры, яму прапанавана здзейсніць захады па вызначэнні канкрэтных службовых асобаў ІП "Вебком Телеком", ТАА "Добровидение" (Першы музычны канал), якія дапусцілі парушэнне заканадаўства аб рэкламе, і падрыхтаваць справы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках