23 снежня 2024, панядзелак, 9:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Якія, да д’ябла, ільготы…»

10

Хоць мінула ўжо амаль чатыры месяцы, я ніяк не магу супакоіцца. Дагэтуль узрушаная тым, што пабачыла тады ў цэнтры Менска.

Выйшла з метро на станцыі "Кастрычніцкая" і вырушыла ў бок вуліцы Энгельса. Гляджу: доўгім ланцугом пашыхтаваліся спецназаўцы. Усё ў чорным, пры поўнай экіпіроўцы, ну вось-вось рынуцца ў бой. Відовішча, трэба сказаць, не для нярвовых.

Адразу ўсплылі малюнкі з далёкага дзяцінства, так заўсёды малявалі фашыстаў, што каралі мірных жыхароў: ногі на шырыні плеч, у руках -- аўтаматы, на тварах -- нянавісць і злосць.

Убачыўшы такі малюнак у цэнтры сталіцы, я, натуральна, на пару хвілінаў прыпынілася з раззяўленым ротам. Азірнулася на цэнтральную плошчу і ўбачыла расцяжку "Вярніце народу льготы!". Я тады яшчэ не ведала, што пратэстуюць прадпрымальнікі, думала, што мітынг зладжаны супраць адмены льготаў.

Праходжу міма ланцугоў спецназу, крайні з байцоў павярнуўся да мяне, каб паглядзець, хто "заходзіць з тылу". Звяртаюся: "Хлопцы, вы мусіце стаяць па той бок барыкадаў, разам з народам, вас жа таксама пазбавілі льготаў". У адказ сцісла і зло: "Якія, да д’ябла, ільготы…"

Увечар вяртаюся з працы дадому. Саджуся ў соты аўтобус, разам са мной заходзіць чалавек у міліцэйскай форме. У аўтобусе людзей няшмат, кандуктарка адразу ж спяшаецца ў мой бок. Праходзіць міма міліцыянта моўчкі і спыняецца каля мяне. Глядзіць на мяне. І я гляджу на яе. Маўчым. Праз хвіліну кандуктарка не вытрымала і працадзіла скрозь зубы: "Праязныя дакументы?" Раю ёй праверыць праязны дакумент спачатку ў міліцыянта. У вачах у кандуктаркі, жанчыны сярэдняга веку, неразуменне і здзіўленне. Са словамі "Хворая, ці што?", яна паварочваецца і сыходзіць у канец аўтобуса. Міліцыянт зрабіў выгляд, што яго гэта не датычыць.

Праз некалькі дзён я ехала ў аўтобусе 75-га маршруту. На прыпынку ў аўтобус уварвалася "група захопу" -- кантралёры. Хапалі людзей і выпіхвалі з аўтобуса. На ехаўшых у аўтобусе міліцыянтаў ніхто з кантралёраў увагі не звярнуў, праязных дакументаў у іх ніхто не пытаў. Вось тут і згадалася мне пытанне спецназаўца: "Якія, да д’ябла, ільготы?"

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках