24 лiстапада 2024, Нядзеля, 17:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

1000 арганізацый на мяжы закрыцця

7

Сёньня набывае моц указ, у адпаведнасьці зь якім у 10 разоў падвышаецца арэндная плата для грамадзкіх недзяржаўных арганізацый, якія не займаюцца камэрцыйнай дзейнасьцю.

Як ужо падлічылі экспэрты, радыкальнае падаражаньне квадратнага мэтра нерухомасьці можа прывесьці да ліквідацыі больш як 1000 аб'яднаньняў грамадзкай супольнасьці па ўсёй краіне.

Кіраўнікі шэрагу грамадзкіх аб'яднаньняў зьвярнуліся да прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага, кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Генадзя Нявыгласа і дзяржсакратара Савету бясьпекі Віктара Шэймана зь лістом, у якім прасілі пераглядзець пляны на зьмену арэнднай платы. Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, ад 24 красавіка памер арэнднай платы для грамадзкіх арганізацый падвышаецца ў 10 разоў, а ранейшы паніжальны каэфіціент 0,1 скасоўваецца, паведамляе “Радыё Свабода”.

У звароце падкрэсьліваецца: грамадзкія аб'яднаньні, якія не займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, будуць пастаўленыя ў крытычны фінансавы стан. Думку падзяляе старшыня Сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і арандатараў Уладзімер Карагін:

«Гэта больш тычыцца камісіі ў арэнднай плаце, адмыслова створанай на базе Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Кіраўнік справамі адначасна ёсьць старшынём гэтай камісіі. Мы пісалі, абгрунтоўвалі цэлы шэраг пытаньняў, у тым ліку кошту арэнды памяшканьняў некамэрцыйных аб'яднаньняў прадпрымальнікаў. На жаль, пакуль станоўчага адказу не атрымалі. І ўжо ад 25-га пералік павінен быць па новых коштах, паколькі зараз прынятая мэтодыка аплаты наперад на месяц. Правілы зьмяніліся тры месяцы таму, і плата па падвышаных стаўках будзе рабіцца ўжо ў красавіку. Нагадаю, што грамадзкія і некамэрцыйныя арганізацыі ня маюць права вядзеньня якойсьці дзейнасьці, жывуць толькі з сяброўскіх унёскаў, указам №300 ім забаронена прымаць спонсарскую дапамогу ад юрыдычных асобаў, замежных арганізацый. То бок, яны фактычна ня маюць ніякіх крыніцаў прыбытку».

Прадстаўнікі шмат якіх грамадзкіх аб'яднаньняў ужо заявілі пра пагрозу далейшага існаваньня сваім арганізацыям. Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч лічыць, што ўлады хочуць эканамічна расправіцца з трэцім сэктарам, які ў масе сваёй неляяльны да цяперашняга рэжыму. Да сёньняшняга дня стандартная стаўка арэнднай платы складала 10 эўра за 1 квадратны мэтар, ільготная – 1 эўра.

Старшыня Беларускага таварыства ацэншчыкаў Мікалай Трыфанаў кажа: унёскаў, якія зьбіраюць з двух сотняў сябраў саюзу, хапае на аплату арэнды па нізкіх стаўках і на заробак бугальтара. У выпадку 10-разовага падвышэньня кошту арэнды арганізацыя будзе пастаўленая на мяжу выжываньня. Старшыня Рады Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў у звароце да грамадзянаў Беларусі піша: за памяшканьне менскага офісу цяпер давядзецца плаціць 850 эўра штомесяц. Гэта непад'ёмныя грошы для арганізацыі, якая займаецца асьветніцкай дзейнасьцю.

Намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Мікалай Канах зьвяртае ўвагу на тое, што новая норма тычыцца ня ўсіх аднолькава. Так, праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і арганізацыям, якія ўваходзяць у яе склад, паніжальны каэфіцыент захаваны. Незалежным прафэсійным саюзам такой палёгкі няма.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках