28 снежня 2024, Субота, 5:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У дэкларацыі аб прыбытках кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі за 2005 год сына Мікалая няма

41

У беларускіх блогах разгараецца гарачая дыскусія. Нястомныя наведнікі Сеціва раскапалі на сайце Цэнтравыбаркаму Беларусі звесткі аб сямейным становішчы, прыбытках і маёмасці кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Як вядома, у дэкларацыі павінны паказвацца прыбыткі ўсіх найблізкіх сваякоў кандыдата. Так яно і ёсць, за выключэннем, мабыць, аднаго нюансу - у гэтым дакуменце няма ані слова пра Мікалая Лукашэнку, трэцяга сына кіраўніка дзяржавы.

Як пераказвае «Салідарнасць», спасылку на знойдзены на сайце Цэнтравыбаркаму дакумент апублікаваў нехта lemantar.

Са спасылкі на дэкларацыю аб прыбытках Аляксандра Лукашэнкі няцяжка пераканацца, што ў дакуменце паказаны толькі два сыны - Віктар і Зміцер. Пра трэцяга няма ані слова. Зразумела, што пакуль ён маленькі, ўласнага прыбытку, адпаведна, не мае. Аднак унізе дэкларацыі ёсць прыпіска - "унучкі і ўнук Лукашэнкі А.Г. не мелі прыбытку за 2005 год і не валодаюць уласнасцю". Гэта значыць, у прынцыпе, у гэтым радку мусілі быць і звесткі пра Мікалая Лукашэнку. Але пра яго тут няма ані слова.

Пра тое, што ў прэзідэнта Беларусі ёсць трэці сын, упершыню ўслых загаварылі параўнальна нядаўна - пасля таго, як малы з'явіўся разам з Аляксандрам Лукашэнкам на красавіцкім суботніку. Пасля інфармацыйнае агенцтва "Інтэрфакс" як бы мімаходзь паведаміла, што ў Аляксандра Лукашэнкі 3 сыны. Малодшага клічуць Мікалай, яму 4 гады.

Вось гэтая інфармацыя - ключавая. Выходзіць, што Мікалай нарадзіўся ў 2004 годзе. І, адпаведна, мусіў быць паказаны ў пададзеным у Цэнтравыбаркам дакуменце.

Нават афіцыйныя СМІ ужо не робяць таямніцы з трэцяга сына Лукашэнкі. У нядзельнай праграме "Контуры" на АНТ, у сюжэце, прысвечаным паездцы Аляксандра Лукашэнка ў Берасцейскую вобласць, ізноў фігураваў сын прэзідэнта Мікалай. Калі высокія госці частаваліся блінамі, хлопчык спытаў у кіраўніка дзяржавы: "Тата, а чаму ён халодны?". Следам дыктар назваў хлопчыка "Лукашэнкам-малодшым", піша "Наша нiва".

Аднак у дэкларацыі 2005 года пра Мікалая Лукашэнку няма ані слова. Такім чынам, што ж выходзіць?, - задаецца пытаннем lemantar. "Ведаючы пра існаванне трэцяга сына, Лукашэнка ані словам не згадаў пра яго у сваёй дэкларацыі, а начальнік ЦВК, ведаючы пра існаванне трэцяга сына, ані словам не заікнуўся, што ў дакуменце той нават не згаданы!"

Але ж агульнавядома, што за падаванне недакладных звестак у дэкларацыі аб прыбытках, кандыдату можа быць адмоўлена ў рэгістрацыі. Але гэтага, як мы ведаем, не адбылося.

Так што ж выходзіць? Ніякага Мікалая Лукашэнкі ў 2005 годзе яшчэ не было? Калегі з "Інтэрфакса" памыліліся з векам малога і ён насамрэч маладзей? Або Лукашэнка наўмысна не паказаў яго ў дакуменце? Тады чаму?

Акрамя таго, у дэкларацыі напісана, што Лукашэнка знаходзіцца ў шлюбу з Галінай Радзівонаўнай Лукашэнка 1955 года нараджэння.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках