24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка прыстрашыў Еўразвяз перакрыццём транзіту расейскай нафты і газу

24

На думку расейскіх СМІ, у Маскве не ўзрадуюцца намеру беларускага кіраўніка выкарыстаць у барацьбе з Захадам зброю Крамля.

Аляксандр Лукашэнка заявіў напярэдадні ў інтэрв'ю агенцтву Reuters, што Еўразвязу не варта прыслухвацца да ЗША і ўводзіць эканамічныя санкцыі адносна яго краіны, нагадаўшы, што праз Беларусь "ідзе палова нафты, палова нафтапрадуктаў і 30% газу". Ён назваў Беларусь мастом, "які яднае супрацьлегласці". Па словах Лукашэнки, Захад спрабуе "разбурыць мост, па якім цячэ нафтавы і газавы струмень".

Як піша сёння расейская газета "Коммерсант", шантаж транзітам расейскай нафты і газу прагучаў ад беларускага лідэра ўпершыню. Ён таксама ўпершыню заявіў, што мае намер балатавацца і на наступны, ужо чацверты па ліку прэзідэнцкі тэрмін, калі толькі не стане лідэрам саюзнай дзяржавы.

Як адзначае выданне, дагэтуль нафтагазавым шантажом у замежнапалітычных мэтах карысталася толькі Масква, якая ўжо прызвычаілася за апошнія гады разыгрываць энергетычную карту ў адносінах з заходнімі краінамі. Аднак і пагрозы Лукашэнкі рэальныя - праз Беларусь праходзяць газаправод Ямал-Еўропа і нафтаправод "Дружба", які з'яўляецца ключавым маршрутам прапампоўкі нафты з Расеі ў ЕЗ. У лепшыя гады праз яго праходзіла да 70% расейскай нафты.

У Маскве наўрад ці ўзрадуюцца намеру Лукашэнкі скарыстаць у барацьбе з Захадам зброю Крамля, піша газета. Ускосным пацверджаннем гэтага стала ўчорашняя заява расейскага прэм'ера Уладзіміра Пуціна, што Расеі трэба здзейсніць праект нафтаправоду БТС-2, па якім расейская нафта павінна пайсці ў Еўропу ў абыход тэрыторыі Беларусі. Аднак на здзяйсненне гэтага праекту патрэбны час, а пакуль беларускім маршрутам альтэрнатывы няма.

У тым жа інтэрв'ю Лукашэнка заявіў, што збіраецца ў 2011 годзе балатавацца на чацверты прэзідэнцкі тэрмін. "Пакуль я здаровы чалавек, народ не так ужо моцна мяне крытыкуе, і Захад пачынае разумець. Гэта магчыма. Разлічвайце на горшае", - заявіў Лукашэнка. Разам з тым ён абмовіўся, што "калі сітуацыя са мной або з краінай зменіцца, то рашэнне можа быць іншым".

Выданне нагадвае, што падчас свайго апошняга звароту да народа і "парламенту" Лукашэнка заявіў: "Калі я кажу пра тое, што мы з Расеяй гатовы будаваць нашу саюзную дзяржаву - гэта сапраўды так. Гэта не гульня". Гэта значыць, што беларускі кіраўнік разлічвае калі-небудзь увасобіць у жыццё мару ўзначаліць "саюзную дзяржаву", якую ён некалі абмяркоўваў яшчэ з першым прэзідэнтам Расеі Барысам Ельцыным, лічыць газета "Коммерсант".

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках