24 снежня 2024, aўторак, 17:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пётр Пракаповіч: «Амерыканскія санкцыі палохаюць інвестараў»

14

Санкцыі, якія ЗША увялі супраць беларускага "Белнафтахіма", наносяць іміджавыя страты краіне і палохаюць патэнцыйных інвестараў, сказаў "Рэйтэр" кіраўнік Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч.

У сакавіку гэтага года ЗША арыштавалі рахункі "Белнафтахіма" і даччыных прадпрыемстваў і забаранілі сваім кампаніям мець з імі дзелавыя адносіны, дамагаючыся датэрміновага вызвалення апазіцыйнага лідэра Аляксандра Казуліна, асуджанага на 5,5 гадоў турмы за арганізацыю масавых беспарадкаў.

"Сёння найгалоўнае пытанне для нас - гэта імідж нашай краіны. Увядзенне ЗША санкцый супраць "Белнафтахіма" - само па сабе гэта пытанне малаважнае. Але інвестары, якія пачулі пра гэта, - яны ўсё, вядома, задумаліся. Усё чакаюць, чым гэта скончыцца", - сказаў Пракаповіч.

"Гэта надуманыя, штучныя рызыкі… Палітычныя пытанні трэба вырашаць палітычнымі метадамі, а не эканамічнымі", - дадаў ён.

Менск, які летась прадаў дзяржпакеты ў некалькіх сярэдніх і дробных банках замежным інвестарах, уключна з расейскімі ВТБ і Внешэкономбанкам, на гэты год абвясціў пра амбітныя планы прыватызацыі ў банкаўскім сектары, якія прадугледжваюць выйсце на беларускі рынак прынамсі шасці замежных банкаў. Па словах кіраўніка Нацбанка, заходнія санкцыі могуць паўплываць на інвестыцыйныя планы.

Менск плануе прадаць кантроль у Белінвестбанку Commerzbank і саступіць кантрольны пакет у Белпрамбудбанку заходняму інвестару.

"Мы ствараем усе ўмовы для прыцягнення інвестыцыяў, але з-за такіх пытанняў інвестары могуць запаволіць свой прыход да нас, перадумаць. А гэта, у рэшце рэшт, з'яўляецца адмоўным і для нас, і для саміх інвестараў", - сказаў кіраўнік Нацбанка.

Санкцыі супраць "Белнафтахіма" і спрэчка аб вызваленні Казуліна прывялі да дыпламатычнага канфлікту паміж Менскам і ЗША, падчас якога Беларусь ужо дамаглася скарачэння персанала амерыканскай амбасады ў некалькі разоў і ад'езду амбасадара ЗША.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках