24 лiстапада 2024, Нядзеля, 13:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргея Парсюкевіча трымаюць разам з псыхічна хворымі

2

З 21 траўня Сяргей Парсюкевіч знаходзіцца ў санчастцы Жодзінскай калёніі. У палаце з палітвязьнем апынуліся псыхічна хворыя людзі.

Пра гэта жонка палітвязьня Натальля даведалася з мужавага ліста. Паводле яе, Сяргей неўзабаве пашкадаваў, што патрапіў у санчастку, бо ніякай рэальнай дапамогі там не атрымлівае. Натальля цытуе ліст:

Піша, што ніякага лячэньня. “Вадзілі да доктара. Паслухала мяне, узялі кроў з пальца на аналіз. Мяркую, мне тут рабіць няма чаго. Доктар абяцала, што калі аналізы будуць нармальныя, то заўтра выпішуць. Дай Бог”.

Сяргей Парсюкевіч хворы на астму. Таксама яму прапісана апэрацыя па выдаленьні паліпаў, аднак гэтая апэрацыя магчымая толькі ў рэспубліканскім турэмным шпіталі. У санчастцы жодзінскай калёніі Сяргея Парсюкевіча паклалі ў палату нумар 114. Вязень параўноўвае яе з “Палатай нумар 6” з аднайменнага апавяданьня Чэхава. “Аналёгія дарэчная, бо ў адной палаце зь Сяргеем апынуліся псыхічна хворыя людзі”, — паведаміла “Радыё Свабода” Натальля Парсюкевіч.

“Можна паназіраць за іншымі хворымі. Часам гэта цікава. Адзін піша цікавыя вершы і паведамляе цікавую інфармацыю. А як пачне сам з сабой размаўляць — толькі слухай. Другі вельмі перажывае, калі нехта пачынае есьці. Вельмі хоча есьці. Сядзіць тут 9-ты месяц, чакае, калі забяруць у псыхдыспансэр. Дакумэнтаў у яго ніякіх, ды яны яму й непатрэбныя, ён чытаць ня ўмее. Трэці ўсё мые: сьцены, падлогу, стол, усё, што трапляе пад рукі. Чацьвёрты хоча напісаць яўку з павіннай, але ня можа прыдумаць, пра што. Два астатнія дастаткова ціхія, але гэта пакуль не пачнуць сварыцца. Тады хавайся ў бульбу”. Вось такая ў яго кампанія. Такім чынам, я мяркую, можа, яго адмыслова туды зьмясьцілі. Маўляў, ты хацеў у санчастку, ты хворы — дык на табе, калі ласка, сядзі”, -- распавядае жонка палітвязьня.

Нядаўна ў няволі Сяргей Парсюкевіч сустрэў свой дзень нараджэньня: вязьню споўніўся 41 год. У лістах з Жодзінскай калёніі ён перадаў вялікі дзякуй усім, хто даслаў яму віншаваньні і такім чынам падтрымаў у цяжкі пэрыяд жыцьця. “Ён напісаў, што гэтыя лісты былі як глыткі волі і надзеі”, — кажа Натальля Парсюкевіч.

Сяргей Парсюкевіч асуджаны Маскоўскім судом Менску на 2,5 года калёніі за зьбіцьцё міліцыянта. Нібыта ён зьбіў ахоўніка ў менскай турме на Акрэсьціна, куды яго зьмясьцілі пасьля мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня. Сваёй віны Сяргей Парсюкевіч не прызнаў і абскардзіў прысуд. 30 траўня ў Менскім гарадзкім судзе скарга прадпрымальніка будзе разгледжаная.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках