23 лiстапада 2024, Субота, 23:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

400 даляраў за газ ужо з наступнага года

9
400 даляраў за газ ужо з наступнага года

"Газпром" абвясціў новыя кошты на газ для Еўропы: пад канец 2008 года яго сярэдні кошт можа перавысіць $400 за тыс. кубаметраў. Эксперты не выключаюць, што такі ж кошт "Газпром" выставіць і Беларусі з Украінай. Эксперты лічаць, што за льготныя ўмовы паставак Расея запатрабуе ад Беларусі прысутнасці расейскіх фундатараў у эканоміцы нашай краіны. Ці не гэта абмеркаваць едзе ў Берасце расейскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў?

Сярэдні экспартны кошт расейскага газу для еўрапейскіх спажыўцоў ужо ў 2008 годзе складзе $401-402 за тыс. кубаметраў. Пры гэтым "Газпром" плануе паставіць больш за 163 млрд кубаметраў прыроднага газу ў краіны далёкага замежжа і 50 млрд кубаметраў у СНД і краіны Балтыі. Такія лічбы агучыў намеснік старшыні ўпраўлення газавай манаполіі Аляксандр Мядзведзеў у сераду, піша "Газета.ру".

Першапачаткова "Газпром" у сваіх прагнозах на 2008 год закладаў кошт у $310.

Тым не менш, эксперты лічаць названы кошт цалкам разумным. "З прагнозаў "Газпрома", кошт газу вырасце на 47% адносна 2007 года, а кошт на нафту маркі Brent вырас за паўгады ўжо на 45%, - адзначае начальніца аддзела фундаментальнага аналізу фінансавай карпарацыі "Открытие" Наталля Мільчакова. - Як правіла, прыродны газ таннейшы за нафту пры пераліку ў нафтавы эквівалент, таму і тэмпы яго росту адстаюць ад тэмпаў росту нафтавых коштаў. Аб'ектыўна экспартныя кошты на газ мусяць падцягвацца да рынкавага кошту нафты".

Характэрна, што, з прагнозаў эксперта, і для Украіны прыродны газ будзе ў выніку пастаўляцца па сярэднееўрапейскім кошце і каштавацьме $400 за тыс. кубаметраў, а не $179, як цяпер. Пра гэта ўжо папярэдзіў Украіну прэзідэнт Расеі Мядзведзеў на нефармальным саміце СНД у Санкт-Пецярбургу.

Аднак калі пераважная большасць краінаў Еўропы зможа даць рады новым коштам за кошт сваёй развітой эканомікі, то найбліжэйшыя суседзі - Украіна і Беларусь - да гэтага відавочна не гатовыя.

І тут у Расеі, на думку палітолагаў, з'яўляюцца дадатковыя рычагі ціску. "Пераход на еўрапейскую мадэль аплаты газу значыць, што кошты будуць пераглядацца кожны квартал, да таго ж, вызначацца яны будуць не асобнай дамовай, а зыходзячы з паказнікаў сусветных біржаў, - тлумачыць эксперт Цэнтра палітычнай кан'юнктуры Дзмітрый Абзалаў. - На практыцы гэта значыць, што ні Украіна, ні Беларусь ужо не змогуць патрабаваць для сябе нейкіх ільготных умоваў, не даючы нічога наўзамен. Пагатоў, Еўропа іх ужо не падтрымае".

Па словах эксперта, зараз Расея будзе гандлявацца за льготныя ўмовы паставак энергарэсурсаў. "Ад краін Прыбалтыкі можа быць запатрабавана захаванне правоў рускамоўных суполак, у выпадку з Беларуссю патрабаваннем з боку Расеі можа стаць прысутнасць расейскіх інвестараў у эканоміцы гэтай краіны, з Украінай такім шляхам можа быць вырашана праблема Чарнаморскага флоту і ўваходу ў НАТА", - кажа палітолаг.

Па словах палітолага, "Газпром" абраў вельмі ўдалы час для падвышэння коштаў. "Гэта моцны крок, бо на фоне заяўленага падвышэння коштаў на газ краінамі Сярэдняй Азіі Расея можа з цалкам легітымных падставаў падвышаць уласныя кошты, - тлумачыць Абзалаў. - Гэта прынясе Расеі значныя палітычныя і эканамічныя дывідэнды".

У сувязі з ростам коштаў на энергарэсурсы і іх нястачай Еўропа, на думку эксперта, паспрабуе прыспешыць здзяйсненне газатранспартных праектаў, перадусім - "Nord Stream" і "South Stream", што, натуральна, у інтарэсах "Газпрома". "Эканамічныя і сацыяльныя фактары пераважаць палітычныя, і Еўразвяз будзе вымушаны дамаўляцца з Расеяй, якая, дарэчы, у дадатак да "зялёнага святла" для сваіх праектаў можа атрымаць і яшчэ якія-небудзь прэферэнцыі", - рэзюмуе палітолаг.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках