28 лiстапада 2024, Чацвер, 1:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першае шэсьце ў Курапаты

Сёньня спаўняецца 20 гадоў першаму масаваму шэсьцю людзей і мітынгу ў Курапатах. Гэта адбылося неўзабаве пасьля публікацыі ў газэце “Літаратура і мастацтва” артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты. Дарога сьмерці”.

Мітынг і шэсьце былі арганізаваныя актывістамі моладзевай суполкі “Талака”. У інтэрвію «Радыё Свабода” згадвае пра падзеі 20цігадовай даўніны яе лідэр Сяржук Вітушка.

“Падавалі заяўку я і Віктар Івашкевіч, але мітынг быў забаронены. Нас выклікалі ў пракуратуру і папярэджвалі, што мы парушаем закон. Мне ўрэзалася ў памяць такая фраза, што калі вы будзеце пры ўладзе, то мы будзем ахоўваць і вас, і вашыя законы. Міліцыя была на гэтым мітынгу, але ніякіх рэпрэсіяў не было, а мы заплацілі па 50 рублёў штрафу. Шэсьце было прызначанае каля трамвайнага кольца ў Зялёным Лузе, і адтуль ужо людзі пехатою ішлі ў курапацкі лес. Гэта быў доўгі, доўгі ланцужок людзей. Мы тады вельмі зьдзівіліся, як магло сабрацца так шмат людзей. Тысячы людзей прыйшлі”, - кажа Вітушка.

Тады людзі ўпершыню пабачылі на вуліцах Менску плякаты з партрэтамі Сталіна і надпісамі “Кат”, а падчас мітынгу пачулі пра генацыд беларускага народу з боку дзяржаўнай ўлады. Як згадвае адзін зь лідэраў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі, гэта быў выбух у грамадзтве.

“Гаварылі ўсе: дома, на сваіх працоўных месцах, у транспарце і гэтак далей. А ўлада была нагэтулькі не самастойная, што яна ня ведала, што рабіць. Што тычыцца 30 кастрычніка 1988 году, Дзядоў, то гэта зразумела і пасьля было пацьверджана дакумэнтальна, што быў загад Масквы: не дапусьціць, разагнаць, учыніць крывавую расправу, а пасьля сьпісаць, што называецца, на нацыяналістаў”, - узгадвае Беленькі.

Наколькі значнай гэтая падзея была на той час і які ўплыў мела на хаду сучаснай гісторыі Беларусі, гаворыць яшчэ адзін тагачасны талаковец, палітык Вінцук Вячорка.

“Публікацыя Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва была паваротным пунктам для ўсяе найноўшае гісторыі Беларусі. Што да нас, нацыянальна сьведамых людзей, якія стваралі беларускія нацыянальныя арганізацыі, а празь некалькі месяцаў пасьля тых падзеяў Беларускі народны фронт, то мы ў гэтым былі самым натуральным чынам. Але самае галоўнае, што да нас далучыліся тысячы абсалютна новых людзей, якія дагэтуль, магчыма, ціха не пагаджаліся з савецкай камуністычнай сыстэмай”, - кажа палітык.

З 1988 году жалобнае шэсьце ў Курапаты і мітынг памяці ахвяраў усіх палітрэпрэсаваных адбываецца штогод на Дзяды, 30 кастрычніка. Калісьць яшчэ ўрад БССР заявіў, што ва ўрочышчы будзе пастаўлены помнік бязьвінна закатаваным падчас сталінскіх рэпрэсіяў, але гэтага ня зроблена і па сёньня. Аднак за 20 гадоў Курапаты сталіся народным мэмарыялам, дзе ўстаноўленыя дзясяткі крыжоў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках