«Ліліі Ананіч варта было б увесці крымінальную адказнасць за прагляд сайтаў»
20- 2.06.2008, 14:06
«Заяву Ліліі Ананіч аб жаданні кантраляваць інтэрнэт гэтак жа, як у Кітае, можна патлумачыць бяссіллем і элементарнай бязграматнасцю чыноўнікаў. Ёй у галаву прыходзіць самы просты і відавочны спосаб – забараніць. Для ўсяго света Беларусь у чарговы раз паўстане адсталай бананавай рэспублікай», -- пракаментаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 заяву намміністра інфармацыі рэдактар сайта аб беларускім інтэрнэце electroname.com.
На думку спецыяліста, «абыйсці сёння кітайскія "глушылкі" даволі проста, неабходнае толькі жаданне».
«З іншага боку сам факт таго, што той ці іншы сайт патрапіў у "чорны спіс" будзе з’яўляцца "знакам якасці", прызнаннем уладамі заслугаў і прыцягне да сайту дадатковую ўвагу наведвальнікаў. Ліліі Ананіч варта было б прапанаваць не толькі блакаваць непажаданыя сайты, але і ўводзіць крымінальную адказнасць за іх прагляд. Без гэтага блакаванне інфармацыі ў інтэрнэце выглядае малаэфектыўным», -- адзначыў рэдактар electroname.com.
Міністэрства інфармацыі Беларусі выступае за рэгістрацыю інтэрнэт-СМІ. Аб гэтым сёння заявіла першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч. На яе думку, у Беларусі існуе праблема «дэзінфармацыйных плыняў замежных сайтаў». «Але ёсць вопыт Кітая, які перакрыў доступ такіх сайтаў на сваю тэрыторыю», — лічыць Ананіч.