25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы масава з'язджаюць у заробкі за мяжу

50

У Беларусі хутка не застанецца прадстаўнікоў працоўнага класа, гэтак неабходных для здзяйснення амбітных планаў урада па росце ВУП. Прычына больш чым банальная: адцёк працоўных у суседнія краіны, дзе плацяць болей.

Неўзабаве у краіне будзе "востра стаяць пытанне працоўных кадраў", заявіў на паседжанні Рэспубліканскага савета дырэктараў 17 чэрвеня старшыня "Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі" Мікалай Стральцоў. Бо менавіта ж прамысловасць, са словаў першага віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі, з'яўляецца "цяглавым канём беларускай эканомікі", пішуць "Беларускія навіны".

Прычына вострай нястачы працоўных рук больш чым банальная: адцёк працоўных у суседнія краіны, дзе плацяць болей. Асабліва гэта датычыць будаўнікоў, варштатнікаў, слесараў, электрагазасварнікаў, працоўных іншых спецыяльнасцяў, на якіх вялікі попыт за мяжой. "Нашы людзі з'яжджаюць у Польшчу, Прыбалтыку, Расею, дзе такім працаўнікам прапануюць не толькі вышэйшы заробак, але і добры сацыяльны пакет. Прычым не толькі працоўныя, але і кіраўнікі рознага ўзроўня, інжынерна-тэхнічныя працаўнікі", - цытуе М.Стральцова ПРАЙМ-ТАСС.

Цяперашні ўзровень заробку ў Беларусі ўжо мала каго ўтрымлівае. Так, з вынікаў 2007 года сярэднемесячны заробак у прамысловасці склаў 781 тысяч рублёў, у будаўніцтве - 895 тысяч рублёў, агучыў звесткі кіраўнік БНПА.

Пра тое, што прамыслоўцы павінны зарабляць значна больш, чым цяпер, нядаўна казаў і міністр прамысловасці Анатоль Русецкі. "Сярэдні заробак мусіць быць у нас з вамі недзе ў 2 тыс. еўра", - выказаў ён думку ў часе Беларускага прамысловага форума ў траўні гэтага года.

Зрэшты, праблема недахопу кваліфікаваных кадраў датычыць не толькі прамысловасці. Мінбудархітэктуры ўжо даўно прапаноўвае падвысіць зарплаты будаўнікам да ўзроўня Падмаскоўя, дзе працуюць многія беларусы. Гэта дазволіла б і сваіх працоўных утрымаць, і тых, хто ўжо з'ехаў, вярнуць.

На думку старшыні БНПА, неабходна распрацаваць адзіныя захады для захавання ў краіне прамысловых кадраў, у тым ліку праз вышэйшы ўзровень зарплаты. Так, ён прапанаваў вярнуцца "да практычнага здзяйснення ідэі прапанаваць кіраўніцтву прадпрыемстваў, яго галоўным спецыялістам на пэўных умовах частку прыбытку заводу".

"Трэба шукаць дадатковыя стымулы для кіраўнікоў і спецыялістаў, каб яны маглі з законных падставаў мець варты заробак: апрача прэміі, яшчэ і нейкую частку з прыбытку", - патлумачыў "Белорусским новостям" намеснік старшыні БНПА Віталь Сяўрукевіч - "Такая практыка шырока выкарыстоўваецца на Захадзе і ў Расеі. Па выніках года там кіраўнікі маюць выплаты, якія ў разы перавышаюць іх асноўную зарплату".

Дарэчы, з падобнай прапановай нядаўна выступіў і кіраўнік канцэрна "Беллегпрам" Эдуард Нарышкін. "Надышоў час вырашаць пытанне матывацыі топ-мэнэджараў і галоўных спецыялістаў, гэта значыць іх удзелу ў размеркаванні прыбытку", - сказаў ён на прэс-канферэнцыі 4 чэрвеня. Гэта яшчэ больш зацікавіць іх здабываць прыбытак для прадпрыемстваў, на якіх працуюць. Дарэчы, прапанова канцэрна, з яго словаў, цяпер узгадняецца ў Савеце міністраў і Адміністрацыі прэзідэнта.

Зрэшты, паколькі праблема аплаты працы топ-мэнэджараў з'яўляецца агульнадзяржаўнай, урад разглядае пытанне пашырыць ідэю "у масы", гэта значыць і на іншыя галіны эканомікі.

Праўда, у дырэктараў прадпрыемстваў ужо з'явіўся хоць і невялікі, але стымул працаваць лепш. Саўмін на мінулым тыдні дазволіў кіраўнікам дзейсных арганізацый мець прэміі не толькі кожны квартал, але і штомесяц.

Між тым, паводле праекту прагнозу развіцця эканомікі на 2009 і 2010 гады, адкарэктаваным урадам Беларусі праз пастанову № 818, рэальны заробак будзе расці на ўзроўні 16-17% у 2009 годзе і 13-15% у 2010 годзе, а рэальныя грашовыя прыбыткі насельніцтва - 14-15% і 11-13% адпаведна.

Але нават такіх тэмпаў (калі яны і будуць здзейснены, што вельмі сумнеўна) відавочна нестае, каб беларусы пад канец пяцігодкі сталі атрымліваць 1 тыс. даляраў, як таго запатрабаваў Лукашэнка.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках