Уга Чавес можа прыехаць у Беларусь у канцы ліпеня
7- 27.06.2008, 13:03
У канцы ліпеня Беларусь, магчыма, наведае з чарговым візітам прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес
Як паведаміў надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыяс Нуньес 27 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску, у канцы ліпеня мяркуецца візіт Уга Чавеса ў Расею. З ягоных словаў, пра гэта стала вядома ў часе візіту ў Маскву віцэ-прэзідэнта Венесуэлы Рамона Карысалеса, паведамляе БелаПАН.
"Дагэтуль было прынята, што маршрут прэзідэнта Венесуэлы заўсёды праходзіў праз Менск, таму не выключана, што яго трэці візіт у Беларусь адбудзецца праз месяц", - адзначыў дыпламат.
Прэзідэнт Венесуэлы наведваў Беларусь двойчы - у ліпені 2006 і ў чэрвені 2007 года. У снежні 2007 года Венесуэлу наведаў Аляксандр Лукашэнка. У часе яго візіту адбылося адкрыццё беларуска-венесуэльскага сумеснага прадпрыемства па здабычы нафты "Петравенбел" у штаце Ансаатэгі, быў падпісаны шэраг міжурадавых і міжведамных дакументаў у розных сферах.
Уга Чавес таксама планаваў наведаць Беларусь (Расею і КНР) у лютым гэтага года, але пасля адклаў свой візіт.