24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАЗ дастанецца расейскаму алігарху Дзерыпаску

18

Улады Беларусі гатовы прыняць прапанову ААТ "Рускія машыны" Алега Дзерыпаскі наконт інтэграцыі РУП "Менскі аўтазавод" з заводам "Урал".

Аднак яны не хочуць аддаваць расейскаму бізнэсмэну кантроль над МАЗам - замест гэтага бакі ўнясуць актывы ў СП на парытэтных пачатках, паведаміла сёння расейская газета "Коммерсант".

Учора агенцтва "Інтэрфакс" са спасылкай на крыніцу, блізкую да беларускіх уладаў, паведаміла, што краіна гатова прыняць прапанову ААТ "Рускія машыны" наконт аб'яднання МАЗа з заводам "Урал". Бакі маюць намер стварыць новую кампанію, якая аб'яднае іх актывы - Міжнародны фінансава-прамысловы саюз (МФПС). Пасля акцыянавання МАЗа беларускі бок унясе 100% яго акцыяў у МФПС, а "Рускія машыны" унясуць 100% акцыяў заводу "Урал". У аб'яднанай кампаніі партнёры атрымаюць 40% і 35% акцый адпаведна. Астатнія 25% акцый МФПС Беларусь і "Рускія машыны" прапануюць міжнароднаму інвестбанку, які дасць фінансаванне для развіцця заводаў. Не выключана размяшчэнне акцый МФПС на біржах, і банк у гэтым выпадку выступіць фінансавым кансультантам.

Для кіравання актывамі партнёры створаць кіравальную кампанію, зарэгістраваную ў Менску. Яна будзе адказваць за мадэрнізацыю магутнасцяў МАЗа і "Урала", выбудоўванне сумеснай сэрвіснай-збытавай сеткі, інжынірынг і цэнтралізаваны закуп аўтакампанентаў.

Афіцыйныя прадстаўнікі "Рускіх машын" і беларускіх уладаў учора ад каментароў адмовіліся. Аднак у мінулую пятніцу прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі казаў, што перамовы "блізкія да сканчэння". Па словах крыніцаў "Коммерсанта", у гэтую суботу Аляксандр Лукашэнка можа сустрэцца з Алегам Дзерыпаскам і яшчэ раз абмеркаваць з ім лёс МАЗа. Папярэдняя сустрэча прайшла два тыдні таму, і тады Аляксандр Лукашэнка сказаў Алегу Дзерыпаску, што лічыць "перспектыўным магчымае партнёрства".

Па словах крыніцаў "Коммерсанта", блізкіх да перамоваў "Рускіх машын" і Беларусі, варыянт стварэння СП абраны таму, што краіна не хоча аддаваць кантроль над МАЗам. Гэтая была адна з прычынаў, з якіх аналагічныя перамовы спыніў КамАЗ. Ён прапаноўваў зрабіць МАЗ даччыным таварыствам у абмен на некантрольны пакет сваіх акцый.

Калі аб'яднанне актываў МАЗа і "Урала" адбудзецца, то, як раней адзначалі эксперты Ernst & Young, аўтазаводы ўзаемна дапоўняць свае прадуктовыя лінейкі. "Урал" спецыялізуецца на вытворчасці пазадарожных грузавікоў, тады як МАЗ - дарожных цяжкіх. Сегмент цяжкіх грузавікоў - самы хуткарослы на рынку Расеі (рост на 32,5% у 2007 годзе). Але нават пасля зліцця МАЗа і "Урала" найбуйным вытворцам гэтага сегмента ў СНД застанецца КамАЗ: ён у 2007 годзе выпусціў больш за 50 тыс. грузавікоў, тады як МАЗ і "Урал" разам - 35 тыс.

Аналітык Банка Масквы Міхаіл Лямін ацэньвае аб'яднаную кампанію ў $3,5-3,7 млрд, з якіх недзе з $1,5 млрд прыпадзе на МАЗ і $1-1,1 млрд на "Урал", а астатняе будзе ўнёскам інвестбанка. Міхаіл Пак з ІФД "КАПИТАЛЪ" лічыць, што Алег Дзерыпаска ў перспектыве спадзяецца выкупіць долю банка ў аб'яднанай кампаніі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках