25 снежня 2024, Серада, 9:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арыштаваны вайсковы злачынца Радаван Караджыч. Яго чакае Гаагскі трыбунал

3

Абвінавачваны ў вайсковых злачынствах экс-лідэр баснійскіх сербаў Радаван Караджыч быў затрыманы ў панядзелак позна ўвечары.

Дагэтуль афіцыйна не паведамлялася, дзе канкрэтна і пры якіх абставінах быў затрыманы Караджыч. Мяркуецца, што акцыю ажыццявілі супрацоўнікі сербскіх спецслужбаў, але без удзелу паліцыі. МУС Сербіі заявіла, што не прымала ўдзел у аперацыі па затрыманні.

Нагадаем, што Караджыча непасрэдна вінавацяць у аддачы загадаў страляць па мірным насельніцтве падчас 43-месячнай аблогі Сараева, а таксама ў дачыненні да забойства васьмі тысяч мусульман у Срэбраніцы. Падзеі ў гэтым горадзе, на ўсходзе Босніі, адразу ж былі расцэненыя сусветнай супольнасцю як непрыкрыты акт генацыду.

З 1997 года Караджыч сышоў у падполле. Месцы, дзе ён мог хавацца, на цэлых 11 гадоў сталі прадметам шматлікіх здагадак у сусветных палітычных кругах. Абвінавачванні ў вайсковых злачынствах супраць Караджыча МТБЮ высунуў 25 ліпеня 1995 года. За інфармацыю аб ім і ягоным паплечніку Ратка Младзічэ была абвешчаная ўзнагарода ў 5 млн даляраў.

Міжнародны трыбунал для былой Югаславіі (МТБЮ) выказаў задавальненне з нагоды затрымання экс-лідэра баснійскіх сербаў Радавана Караджыча.

Так, генеральны пракурор МТБЮ Серж Браммерц, які прыбывае сёння ў Белград, ухваліў затрыманне Караджыча. Ён ужо заявіў, што зараз будуць вызначаныя дакладныя тэрміны перадачы Караджыча Гаагскаму трыбуналу.

Адзначым, што сёння Браммерц прыбывае ў Белград з планавай працоўнай паездкай, падчас якой планавалася абгаварыць пытанні супрацоўніцтва Сербіі з Гаагскім трыбуналам па вышуку і перадачы міжнароднаму правасуддзю асобаў, якія адшукваюцца МТБЮ. Дагэтуль на волі застаюцца Ратка Младзіч і Горан Хаджыч.

Камісар па пытаннях пашырэння ЕЗ Оллі Рэн назваў арышт Караджыча гістарычнай "вяхой у супрацоўніцтве Сербіі з МТБЮ". Па ягоных словах, арышт Караджыча "пацвярджае імкненне новага кіраўніцтва (Сербіі) дасягнуць поўнага супрацоўніцтва з гэтым трыбуналам" і з'яўляецца "вельмі важным (падзеяй) для еўрапамкненняў Сербіі".

Вядома, што ад выдачы трох галоўных фігурантаў па справах аб злачынствах супраць чалавецкасці падчас вайны ў былой Югаславіі - акрамя Караджыча, гэта таксама былы галоўнакамандуючы войскам баснійскіх сербаў генерал Ратка Младзіч і прэзідэнт не існуючай ужо рэспублікі Сербская Краіна Горан Хаджыч - залежаць непасрэдныя далягляды наступнай еўраінтэграцыі Сербіі. Нагадаем, што ўступ у ЕЗ - гэта галоўная палітычная мэта, якой прытрымваецца прэзідэнт Сербіі Борыс Тадзіч.

Афіцыйны прадстаўнік НАТА назваў арышт экс-кіраўніка баснійскіх сербаў "добрай навіной для сусветнай супольнасці", але з умовай, што з'явіцца пацверджанне факту затрымання Караджыча. Мабыць, чаканні гэтай падзеі былі настолькі доўгімі, што некаторыя заходнія палітыкі дагэтуль не могуць паверыць у здарэнне. Аднак у заяве Тадзіча дакладна сказана, што Караджыч быў "знойдзены і арыштаваны".

"Гістарычным момантам для ахвяр вайсковых злачынстваў" назваў арышт Караджыча і генсак ААН Пан Гі Мун.

Адміністрацыя ЗША павіншавала ўрад Сербіі з правядзеннем паспяховай аперацыі па затрыманні былога лідэра баснійскіх сербаў Радавана Караджыча. Аб гэтым гаворыцца ў апублікаваныай у панядзелак заяве афіцыйнага прадстаўніка Белага дома Даны Пярына.

"Мы віншуем урад Сербіі і дзякуем людзям, якія праводзілі гэтую аперацыю, за мужнасць і прафесіяналізм", - адзначыла Пярына. Яна назвала дадзеную аперацыю "важнай дэманстрацыяй прыхільнасці ўрада Сербіі следаваць узятым абавязанням і супрацоўнічаць з Міжнародным крымінальным трыбуналам для былой Югаславіі (МТБЮ)".

У заяве гаворыцца, што "супраць Караджыча, які доўгі час хаваўся ад правасуддзя, высунутыя абвінавачванні ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавецкасці, у тым ліку ў правядзенні акцый супраць грамадзянскіх асоб у Сараева і ў захопе ў закладнікі міратворцаў ААН". У дакуменце таксама адзначаецца, што "арышт здзейснены праз некалькі дзён пасля ўгодак масавага забойства больш сямі тысячаў баснійцаў у Срэбраніцы, і гэта асабліва падкрэслівае той факт, што няма лепшай памяці ахвяраў вайсковага гвалту, чым прывядзенне іх забойцаў ва ўлонне правасуддзя".

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках