24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску пачынаецца зачынены суд над амерыканскім адвакатам Зэльцэрам

1
У Менску пачынаецца зачынены суд над амерыканскім адвакатам Зэльцэрам

Судовы працэс па крымінальных справах адносна грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра і яго сакратаркі грамадзянкі Расеі Уладлены Функ пачынаецца сёння ў Менску. Падсудных затрымалі пяць месяцаў таму, і ўвесь гэты час яны правялі ў ізалятары КДБ. Працэс пройдзе за зачыненымі дзвярыма.

Амерыканскі адвакат Зэльцэр, у прыватнасці, абвінавачваецца ў выкарыстанні загадзя несапраўдных афіцыйных дакументаў, кантрабандзе наркатычных сродкаў і камерцыйным шпіянажы. Яго сакратарка вінаваціцца ў выкарыстанні загадзя несапраўдных дакументаў і камерцыйным шпіянажы.

Старшынюе на судовым працэсе суддзя Зміцер Клімовіч.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, Эмануіл Зэльцэр і яго сакратарка былі затрыманыя ў Менску 12 сакавіка 2008 года. Спярша затрыманых вінавацілі ў прад’яўленні загадзя несапраўдных афіцыйных дакументаў. Зэльцэр з'яўляецца адвакатам грамадзяніна ЗША Джозафа Кея, далёкага сваяка грузінскага бізнэсоўца Бадры Патакарцышвілі. Пасля смерці 13 лютага Патакарцышвілі Дж.Кей прад'явіў дакументы, згодна з якімі ён прызначаны выканаўцам запавету памерлага. Дакументы былі складзеныя Э.Зэльцэрам, аднак сваякі Патакарцышвілі абвясцілі іх падробкай, пасля чаго Зэльцэр быў затрыманы ў Менску. 13 траўня суд Тбілісі прызнаў Кея выканаўцам запавету, пацвердзіўшы тым самым сапраўднасць дакументаў.

Падрабязнасці арышту Зэльцэра афіцыйна не каментуюцца, паколькі справа мае статус дзяржаўнай таямніцы.

27 траўня з-за лекаў, якія адвакат прывёз з сабой у Беларусь у сувязі з хранічнымі хваробамі, адносна яго была заведзена яшчэ адна крымінальная справа — па ч. 1 арт. 328 (незаконная перавозка і захоўванне наркатычных сродкаў) і ч. 2 арт. 228 (кантрабанда наркатычных сродкаў) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Сталы лекар Э.Зэльцэра неаднойчы звяртаўся ў Генпракуратуру са сведчаннем, што лекі, забраныя ў падабароннага пры затрыманні, яму жыццёва неабходныя. Ён таксама заявіў, што ніколі не інфармаваў свайго пацыента пра тое, што ў склад прэпаратаў уваходзяць рэчывы, якія могуць лічыцца наркатычнымі.

Амерыканскі адвакат таксама не прызнае сябе вінаватым у закіданым яму «камерцыйным шпіянажы» і называе сваю справу «цалкам сфальшаванай».

Сваякі Зэльцэра і, у прыватнасці, яго брат Марк Зэльцэр, звязваюць затрыманне Эмануіла ў Беларусі з яго справай па спадчыне Бадры Патакарцышвілі.

Як сцвярджае брат Эмануіла Зэльцэра, бізнэсмэн Барыс Беразоўскі датычны да арышту Зэльцэра ў Беларусі. Марк лічыць, што Беразоўскі планаваў загадзя візіт Эмануіла Зэльцэра ў Беларусь.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення амерыканскага адваката. 25 красавіка консул Злучаных Штатаў Амерыкі Кэралайн Сэвэдж сустракалася з арыштаваным. Па словах консула, Зэльцэр паведаміў ёй, што «на другі і трэці дзень затрымання яго збівалі». Адвакат вельмі схуднеў, саслабеў, яму цяжка хадзіць, размаўляць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках