25 снежня 2024, Серада, 4:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі БеСТсэлер. За што Turkcell аддасць 600 мільёнаў даляраў?

11

Турэцкая кампанія Turkcell, якая даўно вядзе перамовы аб набыцці трэцяга беларускага GSM-аператара «БеСТ», напярэдадні падпісала дамову аб куплі 80% акцый кампаніі за ашаламляльную суму – 600 млн. даляраў. Што жа прымусіла турэцкую кампанію так расшчодрыцца?

Яшчэ 400 млн. даляраў туркі гатовыя інвеставаць у развіццё аператара. Гэтыя лічбы блізкія да самых вясёлкавых прагнозаў Лукашэнкі, які абяцаў атрымаць за стратны «БеСТ» 0,5-1 млрд. даляраў. Яны ў разы перавышаюць экспертныя адзнакі кошту кампаніі і супастаўныя з коштам, па якім адзін з вядучых беларускіх аператараў Velcom дастаўся Telekom Austria, паведамляе "БДГ".

На дату завяршэння здзелкі, гэта значыць праз 30 дзён, Turkcell заплаціць за «БеСТ» 300 млн. даляраў. Па 100 млн. даляраў будзе накіраванае беларускаму боку 31 снежня 2009 і 2010 года. Яшчэ адзін плацёж у памеры 100 млн. даляраў будзе здзейснены пасля атрымання «БеСТам» станоўчага гадавога прыбытку.

Але нават такая растэрміноўка плацяжоў не здымае галоўнай інтрыгі здзелкі – яе беспрэцэдэнтнага кошту. Ні інфраструктура, ні кліенцкая база, якія мае «БеСТ» не каштуюць такіх грошай. У "БеСТа" 438 базавых станцый, якія пакрываюць 26,3% тэрыторыі краіны, дзе пражывае 68,6% насельніцтвы. Але карыстальнікаў у «БеСТа» толькі 186,7 тыс. (у Velcom і МТС па 3 млн. з лішнім), ды і тое з «мёртвымі» кліентамі, якія лічацца ў базе, але даўно не прыносяць грошай аператару. Калі рэальна ацэньваць гэтыя рэсурсы, то, па адзнаках аналітыкаў, рынкавы кошт «БеСТа» складае каля 100 млн. даляраў.

Нельга не ўлічыць і незайздросны фінансавы стан кампаніі. У 2007 годзе гадавое заданне па аказанні насельніцтву платных паслуг «БеСТ» выканаў толькі на 13%. У 2008 годзе за няўплату былі адключаныя базавыя станцыі кампаніі, а будаўніцтва сеткі прыпынялася. Да таго ж з 2009 ггода «БеСТ» павінны будзе пачаць гасіць кітайскі крэдыт у памеры 234 млн. даляраў.

Самым верагодным адказам на пытанне аб тым, што можа быць вартым абяцаных за «БеСТ» грошай, з'яўляецца ўваход на рынак. Мабільная сувязь у краіне развіваецца досыць дынамічна. Колькасць абанентаў набліжаецца да 8 млн. чалавек, а вольны рэсурс ацэньваецца ў 1 млн. патэнцыйных карыстальнікаў. Мяркуецца, што ён будзе абхоплены да 2011 года, калі ўзровень пранікнення мабільнай сувязі складзе 91%. Праўда, за новых кліентаў прыйдзецца пазмагацца з двума вельмі паспяховымі GSM-аператарамі Velcom і МТС, а «перавабіць» кліентуру ў канкурэнтаў для «БеСТа» амаль немагчыма.

Але патэнцыял беларускага рынка складае не столькі новая кліентура, колькі яе здольнасць набываць новыя паслугі. На еўрапейскім рынку дадатковыя паслугі мабільных аператараў атрымліваюць усё большае распаўсюджванне – мяркуецца, што да 2011 года паступленні ад прадастаўлення дадатковых паслуг у структуры прыбыткаў павялічацца там да 30% з 18% у 2005 годзе. У Беларусі гэты сегмент рынка мабільнай сувязі таксама будзе расці, хоць і не гэтак хутка, як на Захадзе. Напрыклад, толькі ў 2008 годзе распаўсюджванне мабільнага Інтэрнэту ў краіне павіннае павялічыцца ў тры разы.

Зацікаўленасць інвестара ў выкарыстанні гэтага патэнцыялу росту пацвердзіў і міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Мікалай Панцялей. «Самае галоўнае - ёсць новыя тэхналогіі, 3-га пакалення, на падыходзе тэхналогіі 4-га пакалення. Я думаю, што змаганне павіннае быць не за адцягванне абанентаў ад адной кампаніі да іншай, а за кошт нарошчвання аб'ёмаў выручкі, выкарыстання найноўшых тэхналогій, сэрвісаў»,- цытуе ягоныя словы БелТА.

Іншага спосабу пракрасціся на прывабны беларускі рынак сотавай сувязі, акрамя як купіць тутэйшага аператара, сёння няма. Калі яшчэ ў сакавіку Turkcell разглядаў магчымасць стварэння ў Беларусі аператара з нуля (па такім шляху турэцкая кампанія пайшла ва Ўкраіне, дзе стварыла «Астэліт»), то пасля ад гэтага, на першы погляд не такога выдатковага варыянту, інвестары адмовіліся. Хутчэй за ўсё, дзяржава не стала бы ўскладняць фінансавае становішча свайго аператара, выдаючы яшчэ адну ліцэнзію замежнаму гульцу.

Зрэшты, як і любая здзелка, узгодненая ў кабінеце Лукашэнкі, цяперашняя не выключае вызначаныя планы на будучыню для ўладальнікаў Turkcell. 51% акцый Turkcell прыналежыць Turkcell Holding, якім у сваю чаргу валодаюць Cukurova Telecom Holdings (53 %), і швецка-фінскай TeliaSonera (47 %). Cukurova Telecom Holdings на 49% прыналежыць тэлекамунікацыйнай кампаніі Altimo, што ўваходзіць у «Альфа-груп». Дарэчы, Altimo, кіруючая тэлекамунікацыйнымі актывамі «Альфа-Груп», можа давесці сваю долю ўTurkcell да 27,02% з цяперашніх 13,22%. «Альфа-груп», як вядома, цяпер рэалізуе праекты на самых прывабных беларускіх рынках, у тым ліку рознічнага гандлю і банкаўскім.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках