27 снежня 2024, Пятніца, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Улады ўжо вінныя крэдыторам больш за 13 мільярдаў даляраў

2

За год невысокі крэдытны рэйтынг Беларусі не падвысіўся, хоць у свой час на гэты конт прадстаўнікі Нацбанка і ўраду выказвалі нямала аптымістычных прагнозаў.

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard&Poor’s пацвердзіла прызначаныя Беларусі ў жніўні 2007 года значэнні суверэннага крэдытнага рэйтынгу: доўгатэрміновы ў замежнай валюце B+, кароткатэрміновы ў замежнай валюце B, доўгатэрміновы ў нацыянальнай валюце BB, кароткатэрміновы ў нацыянальнай валюце B.

Чаму не спраўдзіліся чаканні беларускага Нацбанка? На гэтае пытанне camarade.biz адказвае былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі, доктар эканамічных навук, прафесар Станіслаў Багданкевіч.

- А з чаго крэдытнаму рэйтынгу падвышацца? І перш высокі дэфіцыт замежнагандлёвага балансу не толькі не зніжаецца, а, наадварот, расце. У студзені-траўні адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі паводле метадалогіі аплатнага балансу склала 840,5 мільёна даляраў. У тым ліку адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі дасягнула 1571,7 мільёна даляраў. Гэта на 83,8 мільёна больш, чым за такі ж леташні перыяд. Паказальна, што небяспечны рост адбываецца пры супервыгаднай коштавай кан'юнктуры на асноўныя тавары беларускага экспарту на сусветным рынку. І айчынныя нафтапрадукты, і калійныя ўгнаенні, і метал, і тэхніка прадаюцца цяпер значна даражэй, чым летась. Што не спыняе рост дэфіцыту замежнагандлёвага балансу.

Да гэтага варта дадаць і рост інфляцыі. Яе леташні ўзровень склаў 12,1%, а сёлета, калі тэмпы росту коштаў першага паўгоддзя захаваюцца, ён дасягне ўжо 16%.

Да таго ж, хутка растуць знешнія пазыкі. Агулам банкі, суб'екты гаспадарання і дзяржава вінныя крэдыторам больш за 13 мільярдаў даляраў. Толькі за першы квартал на абслугоўванне пазыкі сышло 360 мільёнаў даляраў. Гэта значыць, за год на гэтыя мэты спатрэбіцца 1,5 мільярда. А за набыты пакет акцыяў «Белтрансгаза», нагадаю, «Газпром» выплачвае штогод 625 мільёнаў даляраў.

Рэйтынгавае агенцтва ўлічыла таксама вельмі своеасаблівыя палітычныя адметнасці Беларусі, якія істотна ўплываюць на функцыянаванне яе эканомікі. «Унікальная цэнтралізацыя палітычнай сістэмы змяншае прадказальнасць рашэнняў, прыманых кіраўніцтвам краіны», - падкрэсліваецца ў паведамленні Standard&Poor’s.

Такім чынам, дзівіцца з таго, што крэдытны рэйтынг Беларусі не падвысіўся, не выпадае. Добра хоць захаваўся ранейшы, хай і не высокі. Праўда, ён забяспечвае, пераважна, прыцягненне кароткатэрміновых знешніх крэдытаў пад высокую адсоткавую стаўку. Але дзяржаве абяцаны доўгатэрміновы расейскі дзяржкрэдыт на суму ў 2 мільярды даляраў. Іншая рэч – ці варта яго браць. Бо сканцэнтраваўшы з дапамогай высокіх падаткаў каля паловы ВУП у казне, наша дзяржава сёлета выконвае бюджэт з прафіцытам у 2,3 трыльёна рублёў і ў сродках не мае патрэбы. Аднак падвышэнне ў наступным годзе кошту на імпартаваны з Расеі газ ад 128 пад 200 даляраў за тысячу кубаметраў ізноў можа абвастрыць у Беларусі фінансавую праблему. Выйсце адно: рэфармаваць эканоміку і жыллёва-камунальная гаспадарку, рэзка падвысіць іх эфектыўнасць. Рана ці позна гэта давядзецца зрабіць.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках