27 снежня 2024, Пятніца, 9:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расійскія СМІ абвінавацілі Лукашэнку ў здрадзе

51
Расійскія СМІ абвінавацілі Лукашэнку ў здрадзе

Пасля ўчорашніх заяваў расейскага амбасадара аб неразуменні «маўклівай пазыцыі» афіцыйнага Менска падчас расейска-грузінскай вайны, расейскія СМІ сталі вінаваціць кіраўніцтва Беларусі ў «здрадзе».

«Дэманстратыўна памаўчаўшы аб падзеях у Паўночнай Асеціі, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што жадае палепшыць адносіны з ЗША. Гэта - асабісты выпадак здрады», - піша расейская інтэрнэт-газета «Взгляд».

«Улічваючы разгорнутую ў заходняй прэсе інфармацыйную вайну, міжнародная падтрымка дзеянняў у РПА для Расеі зараз вельмі каштоўная. Аднак ад галоўнага саюзніка - Менска - Масква не дачакалася ні словаў падтрымкі, ні спачуванняў, ні гуманітарных ініцыятываў», - піша выданне.

Нагадаем, што ўчора ў Менску амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў у рамках прэс-канферэнцыі выказаў заклапочанасць адсутнасцю выразнай рэакцыі ўладаў Беларусі на расейска-грузінскі канфлікт.

Сурыкаў нагадаў, што рэакцыя беларускага боку на новы віток грузіна-асяцінскага канфлікту звялася да таго, што «службовец МЗС, нават не першага, а другога рангу, выказаў заклапочанасць».

«Мы, Расея, заўсёды падзялялі вашае гора ў міжнародных арганізацыях, у тым ліку, калі ўводзілі эканамічныя санкцыі, калі пачыналі абмяркоўваць адсутнасць правоў грамадзянаў у Беларусі, мы падтрымлівалі Беларусь і абаранялі, - працягнуў амбасадар РФ. - І нам незразумела, чаму цяпер дзяржаўныя ворганы і ўлады Беларусі захоўваюць маўчанне».

Падобную пазыцыю выказалі і некаторыя расійскія парламентары. Так, першы віцэ-спікер Дзярждумы Расеі Любоў Сліска, адказваючы на пытанне, ці паўплывае зыход Грузіі з СНД на дзейнасць Садружнасці, сказала, што «Расеі варта зрабіць выснову аб тым, ці трэба ёй такое СНД, дзе ўсё прамаўчалі, павялі сябе абыякава». Асабліва Сліска завострыла ўвагу на «маўклівай пазыцыі» Беларусі.

«Рэакцыя Менску была нечаканай. Ні просьбаў аб прабачэнні, ні спачуванняў ня рушыла ўслед. Наадварот, выслухаўшы даклад міністра замежных справаў краіны Сяргея Мартынава аб сытуацыі на асноўных кірунках вонкавай палітыкі рэспублікі, Аляксандар Лукашэнка заклікаў палепшыць адносіны з ЗША і Еўразвязам», - піша расейскае выданне.

Сканчваецца артыкул напамінкам, што з наступнага году расейскі газ для Беларусі будзе прадавацца па 200 даляраў. «7 ліпеня амбасадар Расеі заяўляў аб неабходнасці захавання дзейсных кантрактаў па пастаўках расейскага газу ў Беларусь. «Кантракт падпісаны. Скасаваць кантракт небяспечна, а іншых пастаўнікаў газу няма», - заяўляў амбасадар. Такім чынам ён адрэагаваў на нядаўнія заявы першага намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Ўладзіміра Сямашкі аб жаданні перагледзець умовы пастаўкі газу», - піша газета.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках